Першы славянскі “Буквар”, выдадзены 400 гадоў таму, стаў даступны кожнаму беларусу

Вяртанне праз стагоддзі

Доўгі час датай нараджэння беларускага Буквара лічыўся 1631 год, калі ў Оршы ўбачыла свет кніга Спірыдона Собаля. Пакуль спецыялісты не выявілі: быў яшчэ адзін Буквар — на 13 гадоў старэйшы. Ён пабачыў свет у 1618 годзе ў друкарні Віленскага Свята-Духава праваслаўнага брацтва ў Еўі. Да нашага часу дайшло ўсяго два экзэмпляры гэтага Буквара. Адзін з іх, няпоўны, знаходзіцца ў Каралеўскай бібліятэцы Даніі ў Капенгагене. А другі, поўны экзэмпляр, захаваўся ў Бібліятэцы Мідл Тэмпл у Лондане. Менавіта ён і лёг у аснову факсімільнага выдання, падрыхтаванага да 400-годдзя першага славянскага Буквара. Прэзентацыя факсіміле адбылася ў аўторак у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Наступная сустрэча старажытнага Буквара з сучасным чытачом — у Дзень беларускага пісьменства ў горадзе Іванаве. Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандр Суша ўпэўнены, што яна пакіне ў гасцей незабыўныя эмоцыі. І ці ж яму не ведаць! Ён першы з беларускіх даследчыкаў убачыў Буквар, схаваны ад чужых вачэй на многія стагоддзі.

— Аляксандр Аляксандравіч, памятаеце свае адчуванні, калі ўпершыню дакрануліся да гэтага скарба тры гады таму?


— Эмоцыі былі вельмі моцныя. Я здагадваўся, якую кнігу магу, нарэшце, узяць у рукі яшчэ да таго, як трапіў у Лондан — перапіска і перамовы наконт наведвання досыць закрытай, непублічнай Бібліятэкі Мідл Тэмпл, якая належыць карпарацыі адвакатаў, вяліся з год. Але калі я займеў доступ, у многім дзякуючы спрыянню брытанскіх беларусістаў і перш за ўсё прафесара Джыма Дынглі, і атрымаў магчымаць патрымаць выданне ў руках, паглядзець, пагартаць, а пасля зрабіць яго лічбавую копію, я быў проста ў захапленні. Ужо ад самога факта, што гэта кніга ёсць, што гэта не міф! Я атрымаў доказ існавання старажытнага Буквара — самай першай кнігі з такой назвай. Гэта быў сапраўдны культурны шок.

— Усяго ў свеце захаваліся толькі два асобнікі Буквара 1618 года. І гэта вялікая ўдача — звычайна вучэбныя выданні “зачытвалі да дзірак”. А што выратавала гэтыя дзве кнігі?

— Тое, што яны не выкарыстоўваліся па прызначэнні. Экзэмпляр, які знаходзіцца ў Лондане, яшчэ ў пачатку XVII стагоддзя набыў калекцыянер Роберт Эшлі. Ён збіраў цікавыя незвычайныя выданні на розных мовах, спрабуючы вывучаць і папулярызаваць мудрасць розных народаў сярод сваіх суайчыннікаў-англічан. Пасля смерці яго калекцыя перайшла па завяшчанні Бібліятэцы Мідл Тэмпл. У пэўным сэнсе выпадковасць выратавала і капенгагенскі экзэмпляр. Бачна, што ён выкарыстоўваўся, магчыма, і на тэрыторыі нашай краіны, на ім ёсць каментары і пазнакі. Аднак яго стан амаль ідэальны. Праўда, не хапае трох апошніх аркушаў. Таму было вырашана пакласці ў аснову факсіміле поўны лонданскі экзэмпляр.

— Буквар 400-гадовай даўніны моцна адрозніваецца ад сучасных азбук?

— Кніга мае невялікі і зручны для выкарыстання памер — удвая меншы, чым сучасныя выданні Буквара — і налічвае крыху больш за 100 старонак. Вучні напачатку знаёміліся з літарамі славянскага алфавіта (аз, букі, ведзі і г. д.), затым займаліся складаннем літар у простыя склады, пасля гэтага спрабавалі складваць са складоў цэлыя словы, а далей і сказы. Падобна да нашага працэсу навучання. А вось чаго не сустрэнеш у сучасных выданнях, дык алфавіта адразу і ў звычайным, і ў адваротным парадку — гэта было зроблена для лепшага запамінання літар.

— Праўда, што старажытны Буквар вучыў не толькі грамаце, але і духоўнасці?

— Сапраўды, апрача адукацыйных задач, Буквар быў прызначаны для патрэб выхавання, якое ў той час грунтавалася на хрысціянскай сістэме каштоўнасцяў. Менавіта з гэтай мэтай у склад выдання ў якасці важных тэкстаў для чытання ўключаны шматлікія малітвы, рэлігійныя гімны, сімвал веры, Божыя запаветы, пропаведзі, пералік добрых якасцяў чалавека і яго грахоў, а таксама іншыя шматлікія маральна-выхаваўчыя тэксты.

Фота БЕЛТА

— Буквар 1618 года мы называем сваім, беларускім. А ці вядома сёння, хто дакладна быў яго ініцыятарам і стваральнікам?

— Найбольш верагоднымі аўтарамі ці складальнікамі кнігі з’яўляюцца вядомыя беларускія праваслаўныя дзеячы Мялецій Сматрыцкі і Лівонцій Карповіч. Але гэта недакладныя звесткі. Затое мы ўпэўненыя ў тым, што фінансавую падтрымку выданню аказаў князь Багдан Агінскі — герб яго роду размешчаны на адвароце тытульнага аркуша.

— Выданне факсіміле Буквара — значная падзея як у сферы міжнароднага супрацоўніцтва, так і ў даследаванні нацыянальнай культуры. Дзякуючы чаму стала магчыма ажыццяўленне гэтага праекта?

— Па-першае, у нас ужо быў вопыт падобных работ. Нацыянальная бібліятэка рэалізавала шэраг праектаў па факсімільным узнаўленні знакавых кніжных помнікаў — гэта і рэлігійныя творы (Тураўскае Евангелле, Полацкае Евангелле), і летапісы (Баркулабаўская хроніка), і выданні першадрукара Францыска Скарыны, і многія іншыя. Па-другое, склаліся добрыя стасункі з Лонданам. Была падтрымка з боку Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, кіраўніцтва Бібліятэкі Мідл Тэмпл, Пасольства Беларусі ў Вялікабрытаніі. І па-трэцяе, з’явіліся фінансавыя магчымасці для рэалізацыі праекта. Мы зрабілі абгрунтаванне, якое зацікавала спонсараў і ў нашай краіне, і ў Лондане. Дзякуючы фінансавай падтрымцы партнёраў змаглі выпусціць тыражом 1000 экзэмпляраў трохтомнік (факсімільнае выданне, яго зразумелы пераклад на беларускую мову і прысвечаныя Буквару навуковыя даследаванні). Будзем бясплатна передаваць яго ў самыя розныя ўстановы навукі, культуры, адукацыі ў Беларусі і за мяжой. І гэта толькі пачатак. Ужо вядзём перамовы аб падрыхтоўцы наступнага тыража, якім, верагодна, зоймецца Міністэрства адукацыі, каб зрабіць выданне яшчэ больш даступным для беларускіх школ.

— Аляксандр Аляксандравіч, мы бачым вялікую цікавасць да перавыдання Буквара з самых розных бакоў. Чаму, на ваш погляд, гэты праект так важны?

— Ён паказвае, перш за ўсё самім беларусам, што ў нас багатая культура, у нас ёсць выключныя сусветныя дасягненні — першы ў свеце Буквар прыдумалі нашы продкі! — і нам сапраўды ёсць чым ганарыцца. А калі ты пачынеш ганарыцца сабой, тады да цябе з’яўляецца павага і звонку. Я бачу, якое захапленне выклікаюць нашы праекты па факсімільным узнаўленні кніжных скарбаў у замежнікаў. Фактычна праз такія кнігі мы прэзентуем сябе свету, паказваем, што наша культура і народ існуюць не адно стагоддзе і што мы не горшыя ні за які іншы народ. І паверце, гэта нашмат лепш працуе, чым нейкія абстрактныя словы. Таму ў шэрагу запланаваных мерапрыемстваў па папулярызацыі Буквара ёсць нямала ініцыятыў, якія збіраемся арганізаваць за мяжой — у Вільнюсе, Лондане, Маскве, Парыжы...

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter