Беларуская суполка з Астаны мае ў Мінску свайго прадстаўніка: студэнта Мікіту Калчанава

Вяртанне на зямлю продкаў

У Астане, у Беларускім цэнтры “Радзіма” прайшла цікавая сустрэча з Мікітам Калчанавым. Студэнт-першакурснік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прыязджаў на канікулы дадому, у Казахстан. Дзяліўся з супляменнікамі ўражаннямі пра вучобу, Беларусь. Юнак вучыцца на прэстыжным факультэце прыкладной матэматыкі ды інфарматыкі. А Беларусь яму даўно блізкая: там у Мікіты родавыя карані.

Цёпла сустрэлі Мікіту Калчанава (стаіць трэці злева) у Беларускім цэнтры “Радзіма”

У БДУ — па слядах дзядулі


Мы распытвалі: як яго родзічы апынуліся ў Казахстане? І хлопец выявіў добрае веданне радаводу. Дзядуля яго, Міхаіл Вікенцевіч Дэкола, родам з Баранавіцкага раёна Брэстчыны. Там ёсць вёска Дэколы, дзе і закончыў школу, потым паступіў у БДУ, на геалагічны факультэт. Беларуска і бабуля хлопца, Сафія Іосіфаўна, у дзявоцтве Комар — яна з палескай Піншчыны, з вёскі Чухава, расла ў вялікай, дружнай сям’і. Бацька яе быў на фронце, перад самай Перамогай атрымаў цяжкае раненне і цэлы год яшчэ лячыўся ў шпіталі. У 1959-м сваякі Мікітавай бабулі паехалі асвойваць цаліну, і яе бацькі ездзілі ў госці да іх у Цалінаград (да 1961-га — Акмолінск, цяпер — Астана). І з часам сваякам удалося-такі ўгаварыць бацькоў Сафіі, каб таксама пераехалі жыць у Казахстан. Ішоў 1972 год. Будучы дзядуля Мікіты, яшчэ студэнт апошняга курса, якраз зімою ажаніўся з будучай бабуляй, а ўвосень маладога спецыяліста прызвалі ў войска. Сафія вырашыла пажыць год у бацькоў і з’ехала да іх — вось так у Цалінаградзе і пабачыла свет мама Мікіты. Урэшце ўвесь гэты “беларускі клан” пусціў карані на цаліннай зямлі. А Сафія Іосіфаўна шмат гадоў актыўна ўдзельнічае ў жыцці беларускай дыяспары, Беларускага цэнтра “Радзіма”, куды прыцягвае і ўнукаў: Мікіту і яго малодшага брата Максіма.

Покліч зямлі продкаў у беларусаў у крыві. Прадзед Мікіты, Іосіф Аляксандравіч, памёр у Казахстане, а вось яго прабабуля Надзея Аляксееўна Комар вярнулася ў Беларусь і цяпер жыве ў Пінску. Ёй 90 гадоў, і яна яшчэ “ў поўным здароўі”, казаў хлопец. Чакае бабуля Дзень Перамогі, бо і сама ж у вайну дапамагала партызанам ежай, была іх сувязною.

Родзічы з Баранавіччыны


Повязі з Беларуссю ў цаліннікаў не парываліся: у іх моцныя карані ў Баранавіцкім раёне. Прадзед Мікіты доўгі час, да старасці працаваў на чыгунцы. А прабабулю, Юлію Вікенцеўну Дэкола, сваякі называлі нястомнай калгасніцай — яна ўсё жыццё на зямлі працавала, і пражыла больш за 90 гадоў у вёсцы Дэколы. Ад родных Мікіта пастаянна чуў, якая незвычайна прыгожая гэта краіна — Беларусь, з якімі добрымі і працавітымі людзьмі. Яшчэ дзіцем, бываючы ў родзічаў на Беларусі, задумваўся: можа, тут яго лёс? Калі закончыў школу-ліцэй №60 у Астане, вырашыў далей вучыцца ў Беларускім дзяржуніверсітэце. “У гэтай ВНУ вучыўся мой дзядуля, цяпер  універсітэт — у тройцы лепшых у краінах СНД, — абгрунтаваў выбар Мікіта. — Для мяне атрыманне вышэйшай адукацыі — важны этап у жыцці, хочацца набыць добрую спецыяльнасць, трывалыя веды. І шмат значыць, дзе ты вучышся. Лічу, што ўсё зрабіў правільна”. У Пасольства Беларусі, дарэчы, Мікіту далі рэкамендацыйны ліст, за што хлопец вельмі ўдзячны. Цёпла гаварыў ён і пра Наталлю Маркевіч, былую супрацоўніцу дыпмісіі. Гэта яна, а таксама дыпламаты Алег Марозаў, Вадзім Свярчкоў падтрымалі хлопца ў яго рашэнні пра БДУ. Мікіта вучыцца, патлумачыў нам, “на бюджэтным аддзяленні на беларускім гранце”, атрымлівае павышаную стыпендыю.

Прыязджай, паступай і вучыся!


Мікіта ва ўніверсітэце яшчэ больш палюбіў матэматыку, яму вельмі падабаецца праграмаванне: “Калі ствараеш нешта і яно працуе — гэта вялікая радасць. Адчуваеш сябе Хрыстафорам Калумбам”. Ён яшчэ расказаў, што паколькі цяпер Беларусь і Казахстан актыўна развіваюць партнёрскія стасункі ў фармаце ЕАЭС, то паступаць у беларускія ВНУ абітурыентам з Казахстана яшчэ прасцей. Яны могуць прыехаць, прайсці тэставанне і калі ўсё пройдзе паспяхова — вучыцца нароўні з іншымі. Увогуле ў Беларусі Мікіту камфортна, у яго  шмат новых сяброў — і ён адчувае сябе як дома. Дапамагае асвоіцца ў Мінску, “служыць прыкладам” хлопцу і родны дзядзька Вікенцій Міхайлавіч — ён таксама прыехаў у Мінск з Казахстана. Ёсць у Мікіты ў Беларусі і іншыя сваякі.

У Мікіты ўсё добра складваецца, і ў нас ёсць “сувязны” між Астаной і Мінскам. А камфортна яму ў Беларусі, бо вярнуўся на зямлю продкаў — і яна прыняла яго, як роднага.

Алеся Гасько, г. Астана, Казахстан
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter