Вяртанне Міндоўга

Услед за Елісеем Лаўрышаўскім у Навагрудку збіраюцца ўшанаваць памяць пра першага і апошняга караля ВКЛ
Услед за Елісеем Лаўрышаўскім у Навагрудку збіраюцца ўшанаваць памяць пра першага і апошняга караля ВКЛ.

Помнік Елісею Лаўрышаўскаму ў Навагрудку. <br />Скульптар — Г. БуралкінЧарговая сустрэча ў рэдакцыі газеты “Голас Радзімы” мела “пашыраны фармат”. Апрача аўтара гэтых радоў у ёй удзельнічала двое гасцей: вядомы скульптар Генадзь Буралкін, які доўгі час узначальваў Саюз мастакоў Беларусі, і навуковец, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Вячаслаў Чамярыцкі. Яны — мінчане, але іх творчыя клопаты і навуковыя інтарэсы звязаны з Навагрудкам. Першы — стварыў для горада помнік Елісею Лаўрышаўскаму і цяпер працуе над выявай Міндоўга — навагрудскага князя, каранаванага тут у канцы 1252 ці ў пачатку 1253 года каралём Вялікага княства Літоўскага. Другі ж — ураджэнец Навагрудчыны, яе патрыёт і даследчык. Усе мы сабраліся не толькі для таго, каб расказаць аб зробленым, але і каб параіцца аб справах, якія яшчэ ўперадзе.

А. М. Для пачатку гаворкі сцісла прыгадаю пра тое, што я пісаў у мінулым годзе ў цыкле артыкулаў пра Вялікае княства Літоўскае на старонках газеты “Советская Белоруссия”. Утварэнне гэтай супольнай дзяржавы мае для беларусаў вялікае значэнне, сведчыць пра існаванне ў нас багатых і плённых традыцый. Сённяшні Навагрудак, а тады Навагародак, стаў у сярэдзіне ХІІІ стагоддзя чарговай (пасля Полацка, Турава і іншых гарадоў) сталіцай, прытым дзякуючы Міндоўгу першай каранаванай. І першай аб’яднальнай, бо ВКЛ з’яўлялася шматэтнічнай, шматканфесійнай і шматкультурнай дзяржавай.

В. Ч. Сюды яшчэ трэба дадаць, што ўтварэнне ВКЛ мела вялікае станоўчае значэнне: дазволіла выстаяць у нялёгкай барацьбе з крыжакамі і мангольска-татарскімі захопнікамі, да якіх яшчэ далучыліся галіцка-валынскія князі. Прыём Міндоўгам кароны з рук прадстаўніка Рымскага Папы выбіў асноўны козыр з рук крыжакаў, якія сцвярджалі, што робяць набегі на Літву і Русь не дзеля грабяжоў, а каб пашырыць хрысціянства сярод язычнікаў.

Г. Б. Але ж у 1261 годзе Міндоўг адрокся ад каталіцтва на карысць праваслаўя, таго самага, якое ўжо існавала і дзейнічала пад Навагрудкам у славутым Лаўрышаўскім манастыры. Я ганаруся, што ўвекавечыў у помніку постаць Елісея Лаўрышаўскага, які ўжо стаіць у Навагрудку, чакаючы Міндоўга.

В. Ч. Безумоўна, Міндоўг, першы і апошні кароль ВКЛ, больш быў звязаны з праваслаўем, чым з каталіцкай верай. І таму, калі ў Еўропе звыкліся з яго каранаваннем, калі ён увабраўся ў сілу, каб даць адпор крыжакам, то вярнуўся да ранейшых перакананняў. Разумеў, што для ўмацавання дзяржавы патрэбна аб’яднанне са славянскімі народамі.

Г. Б. Але ж сам Міндоўг не быў славянінам…

А. М. Так, этнічна ён належаў да балтаў, продкаў сённяшніх літоўцаў. Але навагародцы запрасілі яго на княжацкі трон, таму што ён быў мужным воінам -- напады крыжакаў добра загартавалі балтаў. Урэшце таму, што ў тых умовах трэба было яднацца.

В. Ч. Гэта падкрэслівалася і на міжнароднай навуковай канферэнцыі, якая адбылася ў Навагрудку ў 2003 годзе ў сувязі з 750-годдзем каранацыі Міндоўга.

А. М. І там жа, наколькі мне памятаецца, былі абвергнуты спробы адзінага літоўскага ўдзельніка канферэнцыі (не буду называць яго прозвішча) даказаць, што каранацыя адбывалася не ў Навагародку, а ў Вільні, хаця апошняя была заснавана Гедымінам толькі ў наступным стагоддзі. Пасля таго, як беларускі гісторык Алесь Жлутка працытаваў адпаведныя архіўныя дакументы, знойдзеныя ім у Ватыкане, калі ўсе мы наведалі ў Навагрудку гару Міндоўга, дзе ён пахаваны, літоўскі ўдзельнік паціху пакінуў канферэнцыю. А пасля выхаду з друку саліднай працы Жлуткі пытанне, дзе ж адбылася каранацыя, больш не дыскутавалася.

Г. Б. Значыць, ёсць усе падставы мне завяршаць работу над бронзавым помнікам Міндоўгу…

В. Ч. Тым болей, што прапанова ўвекавечыць яго памяць заключалася ў вывадах канферэнцыі. Да таго ж набліжаецца добрая аказія для гэтага: у наступным годзе Навагрудку споўніцца 965 год.

А. М. А якім ён бачыцца вам, Генадзь Васільевіч, гэты помнік? І дзе яму, на ваш погляд, найлепей будзе стаяць? Ля падножжа замка?

Г. Б. Мусіць, не. Месца тое ўжо дастаткова мемарыялізавана: побач узвышаюцца Курган неўміручасці, насыпаны ў гонар Адама Міцкевіча, выява паэта, блізка Фарны касцёл… Найлепей – на былой рыначнай плошчы.

В. Ч. У часы Міндоўга яна ўжо існавала. Навагародак тады паспяхова гандляваў, як кажуць, і з варагамі, і з грэкамі.

Г. Б. Бачу ж я яго на кані, з мячом у руках. Ёсць ужо пласцілінавая мадэль.

А. М. А да бронзавай выявы далёка?

Г. Б. Цяжкавата сказаць. Цяпер многа часу займае работа над статуямі антычных багоў і музаў для будынка мінскага Тэатра оперы і балета. Пасля рэстаўрацыі будынка яны будуць узвышацца над франтонам у адпаведнасці з архітэктарскай задумай Іосіфа Лангбарда.

А. М. І тым не меней, час, як мне здаецца, прыспешвае. Да юбілею трэба дадаць яшчэ адну акалічнасць. Нядаўна ў друку былі апублікаваны звесткі пра сустрэчу работнікаў беларускага і літоўскага ведамстваў па турызме. Дык вось, нашы суседзі сказалі, што плану-юць пракласці маршрут па Беларусі пад назвай “Па слядах Вялікага княства Літоўскага”. Значыць, помнік Міндоўгу будзе для Навагрудка тут вельмі дарэчы! І для літоўцаў, і для беларусаў – як напамін пра тое, што мы пачалі ўваходзіць у Еўропу ўжо вельмі даўно. Новы твор дадасца да багатых музеяў і славутых святыняў, да помнікаў Адаму Міцкевічу і Елісею Лаўрышаўскаму, якія ў гэты старажытны горад ужо “прыйшлі”.

Адам Мальдзіс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter