Вяртанне Эсмеральды

Беларусцы Яне Штангей не ўдалося трапіць у лік «дуэлянтаў»

Прадстаўніцы Беларусі на танцавальным «Еўрабачанні» Яне Штангей не ўдалося трапіць у лік «дуэлянтаў»

20-гадовы Седрык Вервоерт з Нідэрландаў выйграў конкурс маладых танцораў «Еўрабачанне-2013», які завяршыўся на сцэне Балтыйскай оперы ў польскім Гданьску. Танцоўшчык стаў уладальнікам ганаровага звання пераможцы і грашовага прыза памерам у 7 тысяч еўра. Яго асноўны сапернік танцор з Германіі Фелікс Бёрнінг заняў другое месца і атрымаў 3 тысячы еўра.

Нагадаем, па ўмовах конкурсу пасля выканання сольных нумароў і групавых танцаў у фінале за галоўны прыз змагаліся два адабраныя журы прэтэндэнты на перамогу, якія выконвалі імправізаваны танец-дуэль. На думку журы, мацнейшым і лепшым быў Седрык Вервоерт.

Усяго ў танцавальным «Еўрабачанні» прынялі ўдзел дзесяць выканаўцаў: з Арменіі, Беларусі, Швецыі, Германіі, Славеніі, Нідэрландаў, Украіны, Нарвегіі, Польшчы і Чэхіі. Прадстаўніца нашай краіны 18-гадовая навучэнка 3-га курса Беларускага харэаграфічнага каледжа Яна Штангей (на здымку), не здолела трапіць у лік двух фіналістаў. Нагадаем, у сольнай конкурснай праграме яна выконвала варыяцыю Эсмеральды з аднайменнага балета па матывах рамана Віктора Гюго «Сабор Парыжскай Божай Маці». Дарэчы, нумар беларускай танцоўшчыцы быў адзінай класічнай балетнай кампазіцыяй, прадстаўленай на конкурсе. Астатнія яго ўдзельнікі аддалі перавагу сучаснай харэаграфіі.

У адрозненне ад песеннага «Еўрабачання», танцавальнае спаборніцтва ацэньваецца толькі прафесійным журы. Галасаваннне закрытае, і ацэнкі не агучваюцца. Разам з тым суддзі могуць выказваць свае ўражанні ад убачаных нумароў. Што датычыць беларускай удзельніцы, журы адзначыла яе добрую тэхніку, упэўненасць на сцэне, а таксама перспектыўнасць. Дарэчы, чакаецца, што па заканчэнні харэаграфічнага каледжа Яна Штангей пачне працаваць на сцэне Вялікага акадэмічнага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

Конкурс маладых танцораў «Еўрабачанне-2013» праходзіць пад эгідай Еўрапейскага вяшчальнага саюза. Мэта спаборніцтваў — дэманстрацыя ўзроўню сучаснага мастацкага танца і прыцягненне ўвагі міжнароднай грамадскасці і тэлевізійнай аўдыторыі да лепшых маладых танцораў. Конкурс быў заснаваны ў 1985 годзе. Беларусь сёлета ўдзельнічала ў ім упершыню.

Фота: прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter