Вяртанне да вытокаў

Старшыня Беларускага зямляцтва з Барнаула Сафія Антоненка марыць, каб яе ўнучка прыехала вучыцца ва ўніверсітэт на зямлю продкаўНа пачатку года мы расказвалі ў тэксце “Мелодыі матуліных песень” пра Сафію Антоненку, якая ўзначальвае праўленне Беларускага зямляцтва на Алтаі. У верасні была публікацыя “Грант на “Беларускае вяселле” — пра адну з цікавых акцый суайчыннікаў у Барнауле. А на нядаўняй сустрэчы з кіраўнікамі расійскіх суполак суайчыннікаў у Маскве, у беларускім пасольстве, Сафія Васільеўна, шчыра дзякуючы за ўвагу газеты да дзейнасці зямляцтва, радасна сказала: “Ведаеце, я тут не адна. З унучкай Веранікай — вунь яна сядзіць… З Масквы адразу едзем у Мінск, бо даўно хачу паказаць ёй мілую маю Бацькаўшчыну. Яна едзе ў Беларусь упершыню”.
У Дудутках госця з Барнаула вучылася ганчарнаму майстэрствуСтаршыня Беларускага зямляцтва з Барнаула Сафія Антоненка марыць, каб яе ўнучка прыехала вучыцца ва ўніверсітэт на зямлю продкаў
На пачатку года мы расказвалі ў тэксце “Мелодыі матуліных песень” пра Сафію Антоненку, якая ўзначальвае праўленне Беларускага зямляцтва на Алтаі. У верасні была публікацыя “Грант на “Беларускае вяселле” — пра адну з цікавых акцый суайчыннікаў у Барнауле. А на нядаўняй сустрэчы з кіраўнікамі расійскіх суполак суайчыннікаў у Маскве, у беларускім пасольстве, Сафія Васільеўна, шчыра дзякуючы за ўвагу газеты да дзейнасці зямляцтва, радасна сказала: “Ведаеце, я тут не адна. З унучкай Веранікай — вунь яна сядзіць… З Масквы адразу едзем у Мінск, бо даўно хачу паказаць ёй мілую маю Бацькаўшчыну. Яна едзе ў Беларусь упершыню”.
Варта нагадаць, што бацькі Сафіі Васільеўны, па прозвішчы Анціховічы, у сярэдзіне 50-х паехалі з Беларусі асвойваць цаліну, потым перабраліся на Алтай — там і засталіся жыць. Цяпер, кіруючы зямляцтвам, Сафія Антоненка шмат робіць, каб умацоўваліся шматбаковыя кантакты паміж Беларуссю і Алтайскім краем. Вялікай нечаканасцю для яе было, калі прама ў Блакітнай зале пасольства адной з першых ёй уручылі Ганаровую грамату Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей. Калі Сафія Васільеўна з унучкай вярнулася ў Барнаул, напісала ў рэдакцыю: “Для мяне гэта вельмі высокая і дарагая ўзнагарода. І так прыемна, што мая родная Беларусь шануе нас і падтрымлівае!”
Мне ж цікава было даведацца: як прайшло спатканне Веранікі з зямлёй продкаў? Сафія Антоненка піша: “Вераніка сказала, што непагадзь ёй не сапсавала ўражанні пра Беларусь, ёй усё спадабалася і, магчыма, па заканчэнні школы яна паступіць у адну з беларускіх ВНУ. Я вярнулася вельмі задаволеная тым, што ажыццявіла сваю даўнюю мару — паказаць унучцы зямлю продкаў. Калі Вераніка была меншая, яна і не хацела прыязджаць, і я не вельмі настойвала. А цяпер свядома і мэтанакіравана паехала са мной, з ахвотай. Я вельмі спадзяюся на яе вяртанне да родных каранёў”.
Сафія Антоненка з ВеранікайДалей Сафія Васільеўна згадвае, што бацькі з’ехалі па вярбоўцы на Алтай у пошуках лепшай долі, у іх было шасцёра дзяцей. Ці трэба было ехаць, пытаецца жанчына, і сама ж дае адказ: дзеці бацькоў не судзяць. Яны, прадаўжае, былі простымі працаўнікамі і жадалі лепшай будучыні для сваіх дзяцей. “У мяне вось таксама не атрымалася вярнуцца, хоць спроба была. Але я шчаслівая ўжо тым, што Бацькаўшчына мяне цягне да сябе з такой непераадольнай сілай!”
У Беларусі ў падарожніц з Алтая былі сустрэчы з роднымі ў Мар’інай Горцы, Асіповічах, Мінску. Цікавыя экскурсіі: у этнакомплекс Дудуткі, аглядная па Мінску. Наведалі яны Галерэю Міхаіла Савіцкага, Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Кафедральны сабор і Чырвоны касцёл, пасядзелі ў кафэ “У Францыска”, пабывалі ў гандлёвым комплексе “Сталіца”, пахадзілі па Камароўцы… І проста шпацыравалі па Мінску. З Беларусі Сафія і Вераніка павезлі яблыкаў, усім расказваюць, які на іх слаўны ўраджай. “Мы былі так уражаны, што валіў снег на дрэвы, з якіх яшчэ не апала лісце і яблыкі! А на Алтаі ўжо зіма, было і мінус 22”.
Яны вярнуліся ў Барнаул на пачатку лістапада, і Беларускае зямляцтва на чале з Сафіяй Антоненкай удзельнічала ў традыцыйным фэсце этнакультур “Я ганаруся табой, Алтай!”, які традыцыйна ладзіць адміністрацыя краю. Нашу суайчынніцу, дарэчы, і там ушанавалі — Падзяку аб’явілі ад губернатара краю. А яна хвалілася і беларускай узнагародай: Ганаровай граматай.
І ўсё ж: ці вернецца з Алтаю да родавых каранёў Вераніка? Час пакажа. Бабуля яе радуецца, што дзяўчына — круглая выдатніца, асабліва любіць матэматыку, інфарматыку, фізіку. Мае нямала дыпломаў з розных алімпіяд, у тым ліку і па хіміі, біялогіі, літаратуры, удзельнічае ў літчытаннях, піша артыкулы. А сама Сафія Антоненка свой выбар зрабіла: “Думаю, дарогі перад ёй адкрыты практычна ўсе, але са спакойнай душой мы адпусцілі б яе вучыцца толькі ў Беларусь. У Барнауле нашым таксама ёсць універсітэты — тэхнічны, класічны і іншыя, але калі тут вучыцца — то і працаваць заставацца, а хацелася б, каб Бацькаўшчына ўсім нам была бліжэй. У Веранікі наперадзе яшчэ паўтары гады, і я спадзяюся, што яна абярэ беларускую ВНУ. З надзеяй на гэта я і павезла яе ў Беларусь”.

Іван Ждановіч
На здымках:
У Дудутках госця з Барнаула вучылася ганчарнаму майстэрству
Сафія Антоненка з Веранікай
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter