Вянок сонечных праменняў. У конкурсе майстроў па саломапляценні “Папараць-кветка”, які праходзіў у рамках ХІХ Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, вянок Таццяны Марціновіч названы лепшым.

Саламяныя вяночкі і каптурыкі, далікатныя жаночыя капелюшы і заліхвацкія мужчынскія шапкі Таццяны — сапраўдны цуд: яркія, з арыгінальным аздабленнем, прадуманыя да драбніц работы. Таленавітага майстра Докшыцкага дома рамёстваў Таццяну Марціновіч добра ведаюць далёка за межамі раёна.

Саламяныя вяночкі і каптурыкі, далікатныя жаночыя капелюшы і заліхвацкія мужчынскія шапкі Таццяны — сапраўдны цуд: яркія, з арыгінальным аздабленнем, прадуманыя да драбніц работы. Таленавітага майстра Докшыцкага дома рамёстваў Таццяну Марціновіч добра ведаюць далёка за межамі раёна.

З чырвоным дыпломам яна закончыла Віцебскае вышэйшае прафесійнае вучылішча народных мастацкіх рамёстваў, атрымала выдатныя веды па розных тэхналогіях, а да сэрца лягла залатая саломка. “Мае вырабы пахнуць сонцам і маюць уласцівасць уздымаць настрой”, — запэўнівае Таццяна. Чатырнаццаць гадоў яна была кіраўніком клуба народных майстроў і самадзейных мастакоў “Докша” Докшыцкага гарадскога цэнтра культуры. І яе праца ў гэтым рэчышчы таксама мела свой плён: майстры “Докшы” неаднойчы станавіліся прызёрамі ў “Горадзе майстроў” на “Славянскім базары”. Цяпер Таццяна — майстар-метадыст, і часу на ўласную творчасць больш.
Самым моцным штуршком да стварэння вялікіх сур’ёзных работ стаў удзел у 2004 годзе ў абласным конкурсе па саломапляценні. Ехала туды без асаблівага разумення сутнасці конкурсу, таму і прызнання не атрымала. Затое зрабіла пэўныя вывады, нарадзілася шмат ідэй, і вынікі не прымусілі сябе доўга чакаць. Ужо ў наступным годзе яна атрымала дыплом на абласной выставе, а праз год была прынята ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці. Яе дыпломы не вісяць на сцяне ў рабочым кабінеце, бо іх столькі, што прыйшлося б выдзеліць для гэтага занадта шмат месца. Самая прыемная ацэнка яе работ — прыз глядацкіх сімпатый на абласным пленэры майстроў саломапляцення “Віцебскія дажынкі” ў Сенненскім раёне ў 2007 годзе. Простага, хай сабе і не вельмі дасведчанага гледача не падманеш: прыгажосць адчуваецца душою. Была ўзнагароджана прэміяй Віцебскага аблвыканкама за высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва ў намінацыі “Лепшы майстар традыцыйных рамёстваў”, з’яўлялася дзяржаўным стыпендыятам ад грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз майстроў народнай творчасці”.
Для спявачак народнага ансамбля “Раніца” з роднага горада Докшыцы і самадзейнага калектыву раённага прадпрыемства “Докшыцырайгаз” Таццяна спляла дзесяць саламяных вянкоў, якія дапаўняюць народныя касцюмы артыстаў. “Столькі задум! — усклікае Таццяна. — Толькі дзе ж узяць час? Многае з прыдуманага гадамі знаходзіцца толькі ў марах!” Найбольшая складанасць у працы — сабраць з вялікай колькасці плеценых дэталяў якасны выраб, пры гэтым каб ён быў не толькі цікавы і прыгожы, але і акуратны, і практычны.
— У прыгажосці — мая радасць, — гаворыць Таццяна Марціновіч.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter