Вядомы беларускі горад стаў месцам, дзе мацуецца сяброўства

Вянок дружбы звівалі ў Бабруйску

Вядомы беларускі горад стаў месцам, дзе мацуецца сяброўства


“Welcome, Шалом i Калi ласка/ У наш гасцiнны дом — Бабруйск...” Гэтыя радкі я прачытала ў газеце “Бабруйскае жыццё”, спецвыпуск яе прысвечаны Міжнароднаму фэсту народнай творчасці “Вянок дружбы”. У гэтых разнамоўных прывітаннях чуецца рознагалосіца і маляўнічасць свята. Ужо ў 13-ы раз праходзіў у беларускім горадзе такі фэст. “Палешукi”, “Раздолье”, “Вольница”, “Бабрускiя музыкi” — гэта ўсё беларускія, украінскія, рускія гурты. І тут жа “Орак” з Кіпра, “Малы Шленск” з Польшчы, “Экім” з Турцыі, “Хасем” з Кітая, а таксама госці з Венесуэлы, Кубы, Ізраіля, Калумбіі — ажно з 18 краін.


Анастасія Трубянкова сярод артыстак на фэсце “Вянок дружбы”

У маляўнічых буклетах штогод застаюцца ўражанні ўдзельнікаў пра свята і яго гаспадароў-бабруйчан. Вось некаторыя з іх. “Фестываль — цэнтр моцнай дружбы і ветлівай гасціннасці”… “Шоу сусветнага маштабу”… “Феерверк добрых эмоцый, ветлівасці і добразычлівасці”… “Фестываль — самы надзейны і верны дыпламат”. Госці адзначаюць дагледжанасць і чысціню горада, багацце тавараў на прылаўках магазінаў. Словы прадстаўнікоў далёкай Венесуэлы хочацца працытаваць цалкам: “Прырода, людзі, горад — дзівосныя! І, вядома, жанчыны Бабруйска — без каментараў. Вы шчасліўчыкі!” А вось яшчэ меркаванне ад прадстаўнікоў Ізраіля: “Вянок дружбы” паказаў, як можна сябраваць, тварыць — і не ваяваць адзін з адным. Дзякуй ад краіны, жыхары якой вельмі добра разумеюць слова “Мір”.

І вельмі здорава, што сёлета і Новасібірскі цэнтр беларускай культуры ўплятаў свае кветкі ў бабруйскі вянок сяброўства. Дырэктар Цэнтра Ніна Кабанава і яго мастацкі кіраўнік Анастасія Трубянкова прадстаўлялі на фэсце Сібір. «Поўнае захапленне! — дзялілася ўражаннямі Насця, салістка, лаўрэат міжнародных конкурсаў. — Я не раз была ў Мінску, Гродне, Віцебску, а ў Бабруйску — упершыню. Доўга будзе помніцца ўтульны горад з яго “Арбатам” — пешаходнай зонай у цэнтры, знакамітай крэпасцю. Здорава было выступаць і на Цэнтральнай плошчы, і ў вясковым Доме культуры, хораша прайшло адкрыццё і закрыццё фэсту ў лядовым палацы “Бабруйск — Арэна”.

Па словах Насці, цікавым атрымаўся “Вечар дружбы”, дзе кожная дэлегацыя прадстаўляла свае нацыянальныя стравы. Беларусы з Новасібірска здзівілі ўсіх сваім “сібірскім золатам” — кедравымі  арэхамі. А паколькі на фэсце былі запатрабаваныя ўзоры народнай творчасці з розных краін, Насця спявала рускія і беларускія народныя песні — іх багата ў яе рэпертуары. Дарэчы, у аэрапорце, так сталася, згубіўся яе чамадан, і была яна ў Бабруйску без асабістых рэчаў, без сваіх канцэртных касцюмаў. Але ж свет не без добрых людзей! Арганізатары свята выручылі, і кожны дзень яна была ў розных касцюмах. Асаблівую падзяку спявачка выказвае галоўнаму рэжысёру фэсту Клаўдзіі Лукашэвіч і галоўнаму балетмайстру Аляксею Лукашэвічу. Акрамя прыгожых касцюмаў, яны зрабілі цудоўны нумар з яе ўдзелам на закрыццё фэсту: пад песню “Белая Русь” — танцавальная дзея з калектывам фольк-шоу балета “Альянс”. Фэст падарыў Насці шмат прыемных момантаў, падказаў цікавыя ідэі для далейшай творчасці. Яна вельмі ўдзячна Ніне Кабанавай за магчымасць бываць на такіх выдатных святах.

Сваімі ўражаннямі пра паездку дзялілася і Ніна Васільеўна: “Бабруйск — горад майго юнацтва: там я вучылася ў тэхнікуме. Затым была Горацкая сельгасакадэмія, але першыя студэнцкія гады запомніліся назаўсёды. Сёлета ўпершыню за шмат гадоў мне ўдалося пабываць у Бабруйску. Вядома, шмат змянілася: абноўлены, вельмі чысты, гасцінны горад. Гаспадары фэсту сустрэлі нас у Мінскім аэрапорце, адвезлі прама ў гасцініцу “Бабруйск”.

Фэст, па словах Ніны Кабанавай, уразіў яе маштабам, быў выдатна зрэжысаваны, што вельмі няпроста пры такой колькасці разнамоўных удзельнікаў. І беларусы ў Новасібірску таксама ладзяць святы, хоць магчымасці, ды і маштабы іншыя, але пастаянна пашыраецца геаграфія, едуць удзельнікаў з усяго Сібірскага рэгіёна. Цяпер ідзе падрыхтоўка да 15-годдзя Цэнтра, з велізарнай удзячнасцю прыняты шчодры падарунак ад Міністэрства культуры Беларусі: новыя канцэртныя касцюмы. А пасля фэсту Ніна Васільеўна паехала ў Мінск, на пасяджэнне Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа, што створаны пры Міністэрстве замежных спраў. І ёй прыйшлося акунуцца ў іншую, дзелавую атмасферу. Члены Савета, а гэта 32 прадстаўнікі беларускіх дыяспар замежжа, падтрымалі дзяржаўную палітыку па абароне і захаванні нацыянальнай беларускай культуры. Можна спадзявацца: яшчэ больш плённа будзе выкарыстоўвацца на карысць Бацькаўшчыны шматрагранны патэнцыял беларускай дыяспары.

Калі гэты артыкул быў ужо гатовы да друку, прыйшла сумная вестка: Ніна Васільеўна Кабанава трагічна загінула ў аўтакатастрофе. Актывісты Новасібірскага цэнтра беларускай культуры, а з намі і многія іншыя беларусы Сібіры ў глыбокім смутку. Адышоў у Вечнасць прыгожы чалавек, выдатная кіраўніца і арганізатар, якая вельмі шмат зрабіла для пашырэння нацыянальнай беларускай культуры.

Людміла Бяляўская, г. Новасібірск
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter