Беларусь забяспечвае харчовую бяспеку

Вялікі ўраджай з працягам

Аграрыі ідуць на рэкорд. Спецыялісты падлічылі: каравай новага ўраджаю будзе важыць дзесяць мільёнаў тон разам з кукурузай і рапсам. Гэтага хопіць не толькі для ўласных патрэб. Калі ўлічыць, што ў свеце склаўся дэфіцыт харчовага збожжа, краіна ў гэтым годзе можа экспартаваць адзін мільён тон. Зрэшты, гаворка ў дадзеным выпадку ідзе не толькі аб рэкордах, экспартным патэнцыяле і даходах у бюджэт. Куды важней іншае: мы змаглі спаўна забяспечыць уласную харчовую бяспеку. А яна не менш значная для суверэнітэту дзяржавы, чым ваенная бяспека.


Па стане на 31 жніўня ў краіне намалочана больш за 7,3 млн т збожжа. Збожжавыя і зернебабовыя (разам з грэчкай і просам) убраныя з 95 працэнтаў агульнай плошчы. Пастаўка збожжа па дзяржзаказе выканана на 96,6 працэнта.

У агульным намолоце 1864,3 тыс. т складае ўнёсак аграрыяў Мінскай вобласці, 1334,3 тыс. т — Гродзенскай, 1229,2 тыс. т — Брэсцкай, 1132,2 тыс. т — Магілёўскай. У Гомельскай вобласці намалочана 993,3 тыс. т, у Віцебскай, якая апошняй уключылася ў жніво, — 814,8 тыс. т збожжа. Што тычыцца ўраджайнасці,  у сярэднім з аднаго гектара ў гэтым годзе аграрыі збіраюць 35,7 цэнтнера. Бясспрэчным лідарам тут стала Гродзенская вобласць — 42,9 ц/га.

Пакуль хлебаробы абмалочваюць апошнія гектары, у краіне пачалі актыўна збіраць ураджай агародніны.

Запасаюцца гароднінай і садавіной не толькі грамадзяне, але і дзяржава ў цэлым.  Частка вітаміннай прадукцыі паступіць у продаж, астатняе застанецца ў сховішчах да наступнага лета, пойдзе на папаўненне стабфонду. Яго задача — забяспечыць прадукцыяй не толькі гандлёвыя пункты, але і школы, дзіцячыя сады, бальніцы. Дарэчы, на ўнутраны рынак краіны штогод пастаўляецца каля 350 тыс. т свежай агародніны, 160 тыс. т бульбы, 370 тыс. т садавіны, пладоў і ягад.

Зараз ідзе копка бульбы — яе сабрана ўжо больш за 28 тыс. т пры сярэдняй ураджайнасці 317 ц/га.

“Атрыманыя аб’ёмы бульбы і агародніны дазваляюць забяспечыць унутрырэспубліканскія патрэбы, у першую чаргу ажыццявіць закладку ў стабілізацыйныя фонды на міжсезонны перыяд 2017—2018 гадоў, — задаволена намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення раслінаводства Мінсельгасхарчу Таццяна Карбановіч. — Акрамя таго, гэтыя аб’ёмы дазволяць выканаць дагаворныя абавязацельствы па пастаўках прадукцыі на экспарт”.

У гэтым годзе ў сельгасарганізацыях краіны і сялянскіх (фермерскіх) гаспадарках плануецца атрымаць 1,1 млн т бульбы, 528 тыс. т агародніны, 102—105 тыс. т пладоў і ягад. У гаспадарках жа ўсіх катэгорый чаканая вытворчасць бульбы — 5,7 млн т, гародніны — 1,7 млн т, пладоў і ягад — 480 тыс. т.

Начальнік упраўлення харчовых тавараў галоўнага ўпраўлення рэгулявання спажывецкага рынку МАРГ Таццяна Краснюк кажа, што патрэба ў асноўных відах свежай гародніны задавальняецца часцей за ўсё за кошт беларускай прадукцыі: “У гандлёвых сетках удзельная вага продажу свежай беларускай бульбы складае 93 працэнты, капусты — 72 працэнты, буракоў — 96 працэнтаў, морквы — 89 працэнтаў, агуркоў — 89 працэнтаў. Па садавіне і ягадах удзельная вага айчыннай прадукцыі складае толькі 8,4 працэнта з прычыны кліматычных умоў. Але мы гэтую сітуацыю стараемся выправіць — штогод высаджваюцца сады, вырошчваюцца ягаднікі”.

КАМПЕТЭНТНА

Леанід Заяц, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання:

— Сёлета ў краіне вырасла выдатная кукуруза — на асобных участках яе ўраджайнасць 120—140 ц/га.

Яе мы плануем намалаціць у гэтым годзе да 1 млн т. А яшчэ будзе намалочана 730—740 тыс. т алейнага семя рапсу, 17 тыс. т сурэпкі.

Добрыя вынікі паказваюць і першыя копкі цукровых буракоў: ураджай вышэй за мінулагодні на 25 працэнтаў. Іх валавы збор чакаецца на ўзроўні каля 5 млн т, што дазволіць цалкам забяспечыць загрузку нашых перапрацоўчых магутнасцей. І не толькі забяспечыць краіну неабходнай колькасцю цукру, але і добры экспартны запас.

У нашай краіне вырас і добры ўраджай лёну. Гэта дасць нам магчымасць забяспечыць усе нашы ільнозаводы патрэбнай колькасцю сыравіны, каб яны змаглі вырабіць не менш за 50 тыс. т ільновалакна.

З збожжа наша краіна прадае прадукцыю высокім дабаўленым коштам. Калі ў 1991 годзе Беларусь вырабляла ўсяго толькі 500 тыс. т пшаніцы, то ў гэтым — 3 млн т. За апошнія 5 гадоў у АПК наша дзяржава ўклала 8,3 млрд долараў, аддача ж — 27 млрд долараў. Гэта значыць, кожны долар, укладзены ў сельскую гаспадарку, прыносіць амаль 3 долары выручкі.

ДАРЭЧЫ

З 15 верасня ў краіне адкрываецца сезон сельскагаспадарчых кірмашоў. У Мінску першы кірмаш пройдзе 16 верасня на пляцоўцы каля “Чыжоўка-Арэны”. Астатнія — каля Палаца спорту 30 верасня, а таксама 1, 7 і 8 кастрычніка. Аналагічныя сельгаскірмашы адбудуцца і ва ўсіх абласных і раённых цэнтрах краіны. Працягвацца яны будуць да кастрычніка-лістапада ў залежнасці ад умоў надвор’я.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter