Ксендз Кирилл Бардонов о том, почему нет большей любви, чем та, которая готова отдать жизнь за ближних

Вялікая любоў

Хрысціянскае вучэнне кажа, што найбольшай праявай любові да бліжніх з’яўляецца гатоўнасць аддаць за іх сваё жыццё, калі будзе такая неабходнасць. Прыкладам такой любові з’яўляецца сям’я Ульмаў, якую Касцёл абвясціў благаслаўлёнай (блажэннай) 10 верасня гэтага года.

Юзаф і Вікторыя Ульмы ажаніліся ў 1935 годзе і жылі ў вёсцы Маркова на Падкарпацці (Польшча). У іх нарадзілася шасцёра дзяцей. Юзаф быў вельмі працавітым чалавекам. Апрача тыпова вясковага занятку сельскай гаспадаркай, у яго быў талент інжынера. Ён сам зрабіў фотаапарат, а таксама пабудаваў побач з хатай вятрак, каб здабываць электраэнергію. Фотаздымкі былі яго хобі і падпрацоўкай, з цягам часу ён набыў прафесійную тэхніку для гэтага. Вікторыя таксама была вельмі працавітай і ганарылася сваім мужам, распавядала сяброўкам, што ніколі не мае падстаў для рэўнасці, хоць Юзаф часта ходзіць па навакольных вёсках, каб рабіць фотаздымкі.

Юзаф меў добрыя адносіны з яўрэямі, якія жылі ў той самай вёсцы Маркова. Другая сусветная вайна прынесла ў 1939 годзе на гэтыя землі тэрор, яўрэі звярталіся да Юзафа па дапамогу. У 1941-м яўрэям на акупіраваных нацыстамі землях пагражала поўнае фізічнае знішчэнне. Юзаф дапамагаў яўрэям-аднавяскоўцам будаваць зямлянкі, у якіх яны маглі б схавацца ад пераследу. Калі пачаліся аблавы, некалькі яўрэйскіх сем’яў папрасілі прытулку ў доме Ульмаў. Усяго гэтая сялянская сям’я хавала ў сябе восем чалавек.

З часам стала заўважна, што Вікторыя купляе харчавання нашмат больш, чым мела патрэбу яе сям’я, і гэта выклікала падазрэнне. Па даносе ў ноч на 24 сакавіка 1944 года да дома Ульмаў прыбылі пяць нямецкіх жандараў і некалькі паліцаяў. Яны расстралялі ўсіх яўрэяў, а потым Юзафа і Вікторыю Ульмаў і шасцярых іх дзяцей. На той момант Вікторыя была цяжарная сёмым дзіцём.

Сям’я Юзафа і Вікторыі зрабіла ўсё магчымае, каб выратаваць як мага больш яўрэяў. Хоць гэта не атрымалася, Ульмы захавалі ў сабе самае галоўнае — чалавечнасць, а ў іншых — веру ў людзей. Праз дзесяцігоддзі іх прыклад натхняе многіх быць гуманнымі ў самых неспрыяльных абставінах. Гераічны ўчынак простай сялянскай сям’і быў немагчымы без моцнай веры ў Бога, якому яны рэгулярна маліліся, і чытання Святога Пісання.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter