У Мінску «Краіна міні» размясцілася на праспекце Незалежнасці, 25
Каля некаторых экспанатаў адноўлены гістарычныя сцэны, якія дазваляюць гасцям музея паглыбіцца ў атмасферу таго часу. Так, можна дэталёва разгледзець Нясвіжскі, Лідскі, Косаўскі замкі, палац Румянцавых—Паскевічаў, Жыровіцкі манастыр, Траецкае прадмесце, Нацыянальную бібліятэку, а таксама ландшафт Белавежскай пушчы, дыярамы Брэсцкай крэпасці і іншае.
Над стварэннем макетаў працавалі спецыялісты, якія вывучалі гістарычную літаратуру і раіліся з архітэктарамі, гісторыкамі, рэстаўратарамі, экскурсаводамі. Арганізатары спадзяюцца, што музей не толькі будзе карысны з адукацыйнага пункту гледжання, але будзе цікавы і турыстам — экспазіцыя стане своеасаблiвым наглядным даведнікам.
Дарэчы, у музеі працуюць экскурсаводы, якія абавязкова раскажуць наведвальнікам захапляльныя легенды пра знакамітыя месцы нашай краіны. Таксама можна бясплатна скарыстацца аўдыягідам або загадзя спампаваць дадатак-гід на смартфон, у якім да таго ж ёсць інфармацыя пра тое, як у рэальнасці дабрацца да той ці іншай славутасці.
— Экскурсіі будуць праводзіцца на рускай, беларускай і англійскай мовах. За дзень музей можа прыняць да двухсот чалавек, — расказала маркетолаг музея «Краіна міні» Вольга Навіцкая.
Фота з архiва музея «Краiна мiнi»