Вялікая радня

НІВА са збажыной ААТ «Таргуны» ў Докшыцкім раёне самая вялікая — 6280 гектараў. Тым не менш гаспадарка ў лідарах на жніве. Убрана 4730 гектараў, або 75,3 працэнта. Выкананы план продажу хлеба дзяржаве. Пры заданні 1800 тон адгружана 1860.

У ААТ «Таргуны» Докшыцкага раёна многія ўдзельнікі жніва — родзічы

НІВА са збажыной ААТ «Таргуны» ў Докшыцкім раёне самая вялікая — 6280 гектараў. Тым не менш гаспадарка ў лідарах на жніве. Убрана 4730 гектараў, або 75,3 працэнта. Выкананы план продажу хлеба дзяржаве. Пры заданні 1800 тон адгружана 1860.

Кіраўнік цяпер у «Таргунах» малады і перспектыўны — Аляксандр Тулоўскі. А прыйшоў ён на змену Уладзіміру Новікаву, які да гэтага ўзначальваў гаспадарку... 38 год і зрабіў яе не толькі адной з лепшых у раёне, але і вобласці. І хоць ён цяпер на заслужаным адпачынку, але па-ранейшаму ў страі — намеснік дырэктара. Паспявае ўсюды: і на мехток, і да камбайнераў.

— Камбайнаў у нас ўсяго 17 , — абмалёўвае ён абстаноўку. — Разбіты яны на 4 групы. За кожнай замацаваны адпаведны транспарт і кожнай зранку ставіцца канкрэтная задача. У мінулыя гады стрымліваючым фактарам была сушыльная гаспадарка. Сёлета да існуючай «лідскай» сушылкі ўвялі ў строй новую, «амкадораўскую», магутнасцю 60 тон у гадзіну, і поўнасцю знялі праблему. За суткі маем магчымасць прапусціць да тысячы тон зерня.

Штодня, напачатку работы, удзельнікі ўборкі атрымліваюць бюлетэнь аб зробленым напярэдадні і зарплаце, а таксама агульных выніках на жніве. Некаторыя па яго заканчэнні атрымаюць да 15 мільёнаў рублёў.

У ранейшыя гады сярод камбайнераў быў яўны лідар — Мікалай Антонавіч Маскалёнак, неаднаразовы пераможца рэспубліканскага спаборніцтва. Тры гады таму назад ён перадаў свой камбайн і... веды швагру Аляксею Варанковічу, які сёння і вырваўся наперад: мае на сваім рахунку 1175 тон намалочанага зерня.

— Старую «Мегу» Мікалая Маскалёнка, — расказвае Аляксей, — я замяніў на наш КЗС-1218. Ідзе добра. Самы высокі намалот пакуль што — 108 тон у суткі і заробак — звыш 900 тысяч рублёў.

Тысячны рубеж перасягнулі таксама Вячаслаў Аніковіч, Сяргей Ралавец, Аляксандр Савульскі. Да канца жніва лік «тысячнікаў» у гаспадарцы падвоіцца.

Цікава іншае. Выявілася, што родзічамі знакамітага хлебароба Мікалая Антонавіча Маскалёнка з’яўляюцца памочнікі камбайнераў, стрыечныя браты Аляксей Карніловіч і Аляксандр Маскалёнак, а таксама механік Андрэй Маскалёнак, які на час уборкі сеў за штурвал камбайна.

Так здарылася, што ў дзень нашага наведвання ў гаспадарцы пабывалі старшыня райвыканкама Алег Пінчук і старшыня рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Наумчык. Яны ўручылі «тысячнікам» і экіпажам-пераможцам за пяцідзёнку дыпломы, падарункі і грашовыя прэміі.

Такой жа пашаны ўдастоіўся і шасціразовы ўдзельнік рэспубліканскіх «Дажынак» Уладзімір Лаўцэвіч з ААТ «Докшыцкі райаграсэрвіс», які, бачна, зноў сур’ёзна настроіўся на адну са ступенек п’едэстала.

Як паведала начальнік Докшыцкага райсельгасхарча Наталля Бортнік, зерневыя ў раёне абмалочаны на 57 працэнтах плошчы. Наперадзе ААТ «Таргуны», СГФ «Бягомльскі», ААТ «Докшыцкі райаграсэрвіс», дзе ўбрана звыш 70 працэнтаў збажыны. Заканчваецца церабленне льну і поўным ходам вядзецца сяўба азімага рапсу.

Фота аўтара

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter