У Нацыянальнай бібліятэцы прэзентавалася ўнікальная кніга

Вялікія скарбы маем

У Нацыянальнай бібліятэцы прэзентавалася ўнікальная кніга

Кніга “Францыск Скарына на мовах народаў свету” толькі нядаўна пабачыла свет у Выдавецкім доме “Звязда” — і ўвесь тыраж, гаварылі на прэзентацыі, разышоўся. Упершыню наш асветнік, першадрукар Францыск Скарына “загаварыў” адразу на 64 мовах свету. Складальнік, ініцыятар выдання, яго ўкладальнік і аўтар пасляслоўя — вядомы  пісьменнік і журналіст, дырэктар Выдавецкага дома “Звязда” Алесь Карлюкевіч. У цэнтры ўвагі аказалася прадмова Скарыны да кнігі “Юдзіф”, яе фрагмент і быў перакладзены на розныя мовы. Са старажытнабеларускай на сучасную беларускую мову пераклад зрабіў паэт Алесь Разанаў. Ён пачуў пасланне з далёкай эпохі Адраджэння ў сучаснасці такім: “Як звяры,\ што блукаюць у пушчы,\ ад нараджэння\ ведаюць сховы свае,\ як птушкі,\ што лётаюць у паветры,\ помняць\гнёзды свае,\ як рыбы,\што плаваюць у моры і ў рэках,\чуюць\віры свае\ і як пчолы\ бароняць вуллі свае —\ гэтак і людзі\ да месца, дзе нарадзіліся\ і ўзгадаваны ў Бозе,\ вялікую ласку маюць”.

Кнігазнаўца Алесь Суша з новым выданнем

У пасляслоўі А. Карлюкевіч згадаў замежных сяброў, якія здзейснілі пераклады скарынаўскай прадмовы на розныя мовы. А прадмову да самой кнігі напісаў кнігазнаўца Алесь Суша. Кніга прыгожа аздаблена, у ёй прадстаўлены гравюры Ф. Скарыны, выявы тытульных лістоў яго выданняў. Дызайн кнігі распрацавалі Вячаслаў Паўлавец і Валеры Рагалевіч. Кніга пабачыла свет дзякуючы фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі.

На прэзентацыю выдання сабраліся пісьменнікі, навукоўцы, мастакі, дзеячы культуры, педагогі, студэнты. Намеснік дырэктара Выдавецкага дома “Звязда” Алена Стэльмах распавяла пра работу над кнігай. Пра значнасць, адметнасць праекта, велічнасць асобы Асветніка гаварылі прафесары Адам Мальдзіс ды Іван Саверчанка, а таксама Алесь Суша, пісьменнікі Алесь Разанаў, Навум Гальпяровіч.

Цікавая дэталь: перад пачаткам прэзентацыі жыхар Дзяржыншчыны, малдаванін Васіль Семянюк выявіў, што ў кнізе няма перакладу на малдаўскую мову. І тут жа, звязаўшыся з супрацоўнікамі пасольства Малдовы, зрабіў пераклад, нават агучыў яго на прэзентацыі. На іншых мовах прадмову чыталі: па-ўкраінску — саветнік пасольства Украіны Марына Гуцала, па-сербску — выкладчыца Педуніверсітэта імя Максіма Танка Ганна Наву­ма­ва, па-англій­ску — загадчы­ца ад­дзе­ла што­ты­днё­віка “Літаратуры і мастацтва” Марына Весялуха. Гучалі і казахская, і кітайская мовы. Удзельнікаў прэ­зентацыі ра­да­валі сваім мас­тацт­вам танцоры з 1-й мінскай дзіцячай харэаграфічнай школы: у прыгожых строях пад старадаўнюю музыку танчы­лі паланэзы.


Як вядома, у 2017-м мы будзем адзначаць 500-годдзе беларускага кні­гадрукавання. Да вялікай даты кніга будзе выдадзена на 100 ці больш мовах. Гэта — нашае пасланне ўсяму свету ад імя Першадрукара і Асветніка. Варта памятаць: менавіта беларусы былі першымі ў справе кнігадрукавання на землях усход­ніх славян. І сёння важна агледзець, ацаніць, падняць на новую вышыню, па-новаму асэнсаваць усё каштоўнае, здабытае як волатам эпохі Адраджэння  Францыскам Скарынай, так і іншымі вядомымі беларускімі асвет­нікамі.

Лявон Целеш
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter