Вялікія ўгодкі.

Адзін з фіналістаў нашага праекта — крыж Еўфрасінні Полацкай — святкуе 850-годдзе.

На працягу верасня ў Полацку і Наваполацку праходзяць асветніцкія лекцыі, прысвечаныя гэтай беларускай святыні. У мясцовых бібліятэках ладзяцца выставы, дзе можна пазнаёміцца з літаратурай  аб гісторыі праваслаўя на полацкай зямлі і жыцці прападобнай Еўфрасінні. Аднак галоўная святочная падзея адбудзецца 27 верасня — у дзень Узвышэння жыццядайнага Крыжа Гасподняга ў полацкім Спаса-Праабражэнскім саборы.
Крыж Еўфрасінні будзе вынесены з прастола і ўскладзены на аналой.  Дакладней, яго копія. Вядома, крыж, які ў 1161 годзе Еўфрасіння Полацкая заказала полацкаму майстру Лазару Богшу, знік падчас Другой сусветнай вайны (пра версіі, дзе зараз можа знаходзіцца арыгінал крыжа, “Народная газета” пісала ў нумары за 25.06.2011). І ў 1993 годзе брэсцкі майстар Мікалай Кузьміч стварыў крыж накшталт Крыжа Еўфрасінні Полацкай. Ён таксама зроблены з  кіпарыса, упрыгожаны перагародчымі эмалямі, захоўвае мошчы святых і ўяўляе поўнапамерную копію крыжа ХІІ стагоддзя. Сёння святыня захоўваецца ў Спаса-Праабражэнскім саборы Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра ў Полацку.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter