Вячэраюць з бацькамі, а гарбату п’юць дома

У Аляксандра і Кацярыны Васільевых з вёскі Дразды Стаўбцоўскага раёна 9 дзяцей, у тым ліку адзін усыноўлены і два прыёмных...

У Аляксандра і Кацярыны Васільевых з вёскі Дразды Стаўбцоўскага раёна 9 дзяцей, у тым ліку адзін усыноўлены і два прыёмных. На гэтым здымку не хапае старэйшага Сяргея, станочніка-наладчыка Стаўбцоўскага філіяла Мінскага маторнага завода, які працаваў у гэты вечар у другую змену.

Васільевы гавораць, што адразу ніхто i не думаў, што прыйдзецца ўзяць у сям’ю траіх сірот.

— Мы з мужам вырашылі ўзяць на выхаванне дзіця, — расказвае Кацярына Рыгораўна. — Сабраліся ехаць у сацыяльны прытулак, а там кажуць, што вельмі ім шкада разлучаць братоў. Мы таксама пашкадавалі іх і ўзялі дваіх — Арцёма і Віталіка. У адносінах да іх маці была пазбаўлена правоў. Трэцяе дзіця, немаўля, пакінулі ёй з надзеяй, што хоць яго кідаць не будзе. Атрымалася, маленькага таксама вымушаны былі забраць у дзіцячае аддзяленне райбальніцы. Пра маленькага часта гаварылі дома Арцём і Віталік, шкадавалі яго. Маё мацярынскае сэрца не магло вытрымаць такога, стала думаць, што рабіць. Я так удзячна свайму мужу, які лёгка і адным разам вырашыў — бяром, кажа, хлопчыка, бо ты ж сабе месца знайсці не можаш. Двое старэйшых з братоў у нас прыёмныя дзеці, а маленькага мы ўсынавілі.

— У маёй мамы было сямёра дзяцей, — расказвае Кацярына Рыгораўна. — Мой тата таксама са шматдзетнай сям’і — яго маці нарадзіла 19 дзяцей, аднак час быў цяжкі, пасляваенны, у жывых засталося адзінаццаць.

Дзве дзяўчыны Васільевых ужо вылецелі з бацькоўскага гнязда. Оля два гады запар спрабавала паступіць у медыцынскі універсітэт. Не атрымалася, і яна пайшла вучыцца на повара. З радасцю гаворыць, што, няхай і не збылася пакуль яе «медыцынская» мара, усё роўна яна ў белым халаце. Юля атрымлівае спецыяльнасць закройшчыка-прадпрымальніка ў Брэсце. Света вучыцца ў дзевятым класе Старасвержанскай школы, умее майстраваць з бісеру і марыць стаць дызайнерам. Ілья раўняецца на старэйшага брата Сяргея, які няблага зарабляе станочнікам-наладчыкам, збіраецца пасля школы пайсці на свой хлеб. У шасці-класніка Андрэя ёсць яшчэ час падумаць аб выбары прафесіі, Арцём вучыцца ў другім класе, Віталік — у старэйшай групе дзіцячага сада. Бацькоў радуе, што выхавальнiкi адзначаюць у Віталіка выдатную памяць.

Дарэчы, у гэтай дружнай сям’і жыве і бацька Кацярыны Рыгораўны, якога яна перавезла з Гомельшчыны, калі ён стаў інвалідам. Дзеці вельмі любяць дзядулю, асабліва малодшы Уладзік. Ён, як толькі прачнецца, адразу бяжыць да дзеда ў пакой. Пачуцці старога і малога ўзаемныя.

Нам нечакана было пачуць, што ў старэйшых дзяцей ёсць свой дом. Нядаўна тут жа ў Драздах, па суседстве, Васільевы купілі яшчэ адну вясковую хату. Яна старой пабудовы, прыйдзецца браць банкаўскі крэдыт на рэканструкцыю. У ёй пасяліліся старэйшы сын Сяргей, адзінаццацікласнік Ілья і шасцікласнік Андрэй. Вячэраюць з бацькамі, а гарбату піць ідуць дадому, прыхапіўшы з сабою маміна печыва.

Чакаючы новую вясну, Васільевы набылі мотаблок, каб зямлю на двух пляцах апрацоўваць. На падворку ёсць дамашняя жывёла. Даўно ўжо асвоены вопыт вырошчвання парніковых агуркоў і памідораў. На пяці сотках зямлі пабудаваны парнікі, ужо ў маі—чэрвені Васільевы маюць агуркі не толькі для сябе, але і на продаж. Рэалізаваць іх няма праблемы. Заказы Аляксандру Анатольевічу робяць працаўнікі больш чым тысячнага калектыву філіяла маторнага завода, дзе ён працуе вадзіцелем. На працягу ўсяго года ў гэтай сям’і на роўных працуюць і дарослыя, і дзеці, асабліва калі пачынаецца сезон. Усе разумеюць, што гэты час неабходна максімальна скарыстаць для папаўнення бюджэту.

Падумваюць, каб змяніць легкавую машыну на мікрааўтобус, бо трэба рабіць некалькі рэйсаў, каб даставіць усіх у Стоўбцы. Хтосьці з дзяцей думае жаніцца, хтосьці  паступаць, каму трэба ў першы клас збірацца: толькі паспявай прымаць удзел у гэтых сямейных падзеях.  Многа дзяцей, многа шуму, многа шчасця.

На здымку: сям’я  ВАСIЛЬЕВЫХ.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter