Вуліца імя Шваякова

Усцін Мікітавіч Шваякоў нарадзіўся ў маі 1914 года...

Усцін Мікітавіч Шваякоў нарадзіўся ў маі 1914 года ў вёсцы Кашалёва, што на Гомельшчыне. З 1934 года працаваў у Буда-Кашалёўскім, а потым у Глускім аддзелах раённай міліцыі.

У ліпені 1941-га ўступіў у партызанскі атрад Ф.І. Паўлоўскага “Чырвоны Кастрычнік”, а восенню стаў камандзірам ініцыятыўнай групы, якая размясцілася ў лясной вёсцы Малынь Акцябрскага раёна. У студзені 1942 года група стала партызанскім атрадам імя Шчорса, які ўжо да вясны налічваў звыш трохсот байцоў.

У першыя дні сакавіка стала вядома, што ў вёску Акцябрскага раёна прыбыў атрад гітлераўцаў. Партызаны падрыхтавалі засаду, калі калоны ворага апынуліся побач з чыгункай, абрушылі на іх шквал агню. Тады фашысты страцілі каля 50 чалавек. За гэту аперацыю Усцін Мікітавіч атрымаў ордэн Чырвонага Сцяга.

Колькасць партызан у атрадзе павялічвалася, адчувалася вострая патрэба ў зброі, якую рабілі з лому. Шмат было на рахунку атрада баявых аперацый з жорсткімі і кровапралітнымі баямі. 6 жніўня 1943 года Усцін быў цяжка паранены і эвакуіраваны ў савецкі тыл. Пасля выздараўлення працаваў у Палескім абласным упраўленні НКУС па барацьбе з бандытызмам. А ў 1945 годзе Усціна Шваякова прызначылі намеснікам старшыні Глускага райвыканкама. Потым — дырэктарства на прадпрыемстве па загатоўцы торфу “Бярозаўка” і Глускай электрастанцыі. Займаў розныя адказныя пасады.

Памёр Усцін Мікітавіч у 1985 годзе. Пакаленні глушчан, якія выраслі пасля вайны, не забылі, што зрабіў для Радзімы гэты чалавек — яго імя носіць адна з вуліц старажытнага Глуска.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter