Вучыся ў Цімура і Амура

Не паспеў надысці Новы год, а паміж асобнымі краінамі пачалі дзейнічаць чарговыя дыпламатычныя і эканамічныя абмежаванні, уведзеныя іх урадамі
Не паспеў надысці Новы год, а паміж асобнымі краінамі пачалі дзейнічаць чарговыя дыпламатычныя і эканамічныя абмежаванні, уведзеныя іх урадамі. 

Так, з 1 студзеня 2016-га Расія спыніла бязвізавы рэжым з Турцыяй. З гэтай даты дзейнічае і забарона на ўвоз у РФ турэцкай садавіны, гародніны, мяса птушкі, солі, іншых папулярных харчовых тавараў.  

Санкцыі былі агучаны пасля таго як у лістападзе мінулага года ў небе над Сірыяй турэцкі знішчальнік збіў расійскі бамбардзіроўшчык Су-24.

Напярэдадні навагодніх святаў Украіна зацвердзіла захады супраць расійскага харчовага эмбарга і спынення з 1 студзеня 2016 года  пагаднення аб Зоне свабоднага гандлю (ЗСГ). Нагадаем: Зона свабоднага гандлю мела на мэце бяспошлінны імпарт у Расію ўсіх украінскіх тавараў. Акрамя цукру. Спыненне Расіяй дзеяння ЗСГ у адносінах да Украіны звязана з выкананнем афіцыйным Кіевам эканамічнай часткі пагаднення аб асацыяцыі з Еўрасаюзам.

Да блізкаўсходніх падзей. Саудаўская Аравія абвясціла аб скасаванні дыпламатычных стасункаў з Іранам. Тэгеран у адказ на дэмарш суседняй дзяржавы выказаў абурэнне гібеллю вядомага шыіцкага прапаведніка Німра аль-Німра, якога саудаўскія ўлады пакаралі смерцю  разам з іншымі 46 асуджанымі.

Наша краіна плануе будаваць далейшыя стасункі з Еўрасаюзам, абапіраючыся на новы двухбаковы дакумент. Аб гэтым распавёў кіраўнік Міністэрства замежных спраў  Уладзімір Макей. Ён спадзяецца, што ЕС і ЗША ў бліжэйшай будучыні змогуць пазбавіцца рыторыкі мінулага і, нарэшце, канчаткова адменяць антыбеларускія абмежаванні. Санкцыі — не метад вырашэння праблем у міждзяржаўных адносінах.

Міністр упэўнены: Мінск можа садзейнічаць вырашэнню канфліктнай сітуацыі паміж Расіяй і Турцыяй. 

І пакуль новы год робіць першыя крокі па планеце, людзям ёсць чаму павучыцца ў сваіх братоў меншых. Напрыклад, цярпімасці. Аб чым сведчыць сяброўства казла Цімура і тыгра Амура ў расійскім Прыморскім  сафары-парку, якое стала даволі прыкметнай інтэрнэт-падзеяй 2015 года. Гэтыя жывёлы, драпежнік і ахвяра, гуляюць у адным вальеры, паказваючы ўсім: нават супрацьлеглыя па сутнасці істоты могуць мірна жыць разам...

З Новым годам і Раством, сябры! Рабіце дабро! 

Сустрэнемся...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter