Грошы рухаюцца унiз: Нацбанк растлумачыў значэнне працэнтных ставак

Вучым таблiцу множання

Працэнты па крэдытах і дэпазітах — гэта тыя лічбы, сачыць за якімі грама-дзянам ніколі не сумна. Але вось наконт таго, на якім узроўні яны павінны складвацца, грамадская думка вельмі моцна адрозніваецца. Жадаючым пазычыць у банка грошы хочацца, каб гэта можна было зрабіць танней. А вось іншыя, наадварот, жадаюць, каб даходнасць па ўкладзеных імі ў банк грошах была крыху вышэй. На жаль, дагадзіць і першым, і другім немагчыма: эканамічныя законы так не працуюць. Час «тлустых» дэпазітаў з прыбытковасцю 55 працэнтаў назаўжды застаўся ў мінулым, ды і зарабіць на хуткіх грошах ужо не выйдзе. А вось пазычыць у банка пад меншы працэнт атрымаецца: фінансісты абяцаюць, што крэдыты ў 2017 годзе стануць больш даступнымі.


Сёння банкіры рэалізуюць цэлы комплекс мер, якія накіраваны на зніжэнне працэнтных ставак на крэдытна-дэпазітным рынку. Па словах начальніка ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязей — прэс-сакратара Нацбанка Аляксандра Цімашэнкі, у адпаведнасці з рэкамендацыямі галоўнага фінансавага рэгулятара «банкі зніжаюць працэнтныя стаўкі па дагаворах бягучага (разліковага) рахунку грамадзян да памеру працэнтных ставак па банкаўскіх укладах да запатрабавання».  

Зразумела, гаворка ідзе пра тыя ўклады, якія адкрыты ў беларускіх рублях. Акрамя гэтага, фінустановы сталі ўстанаўліваць і дыферэнцыраваныя працэнтныя стаўкі па ўкладах юрыдычных і фізічных асоб у нацыянальнай валюце з улікам тэрмінаў заключэння дагавораў тэрміновага банкаўскага ўкладу. Такі падыход, упэўнены Аляксандр Цімашэнка, дазваляе выбудоўваць структуру прыбытковасці ў бок безадзыўных укладаў з працяглымі тэрмінамі размяшчэння, па якіх устанаўліваецца больш высокая працэнтная стаўка.

— Такім чынам забяспечваецца ўстойлівасць рэсурснай базы банкаў, зніжаецца рызыка-прэмія пры фарміраванні працэнтных ставак па крэдытах і пашыраюцца магчымасці па крэдытаванні эканомікі, — кажа прадстаўнік Нацбанка.

Падпісаны ў канцы мінулага года прэзідэнцкі Дэкрэт № 7 якраз і павінен быў матываваць грамадзян на «доўгія» ўклады — гэта значыць, на тыя, што размяшчаюцца на тэрмін не менш чым адзін год. Пазітыўныя вынікі ўжо бачныя: партфель укладаў у нацыянальнай валюце прырастае, павялічваецца доля без-адзыўных дэпазітаў у беларускіх рублях на больш працяглыя тэрміны.

— Змяняецца і крывая прыбытковасці на карысць доўгатэрміновых укладаў, пры гэтым верхняя планка даходнасці па безадзыўных доўгатэрміновых дэпазітах застаецца досыць высокай, — канстатуе Аляксандр Цімашэнка. — Сярэдняя працэнтная стаўка па новых тэрміновых адзыўных укладах фізічных асоб у нацыянальнай валюце ў студзені—верасні гэтага года знаходзілася ў межах 17,3% гадавых, па без-адзыўных — 24,6%.

Пры гэтым у Нацбанку ўдакладнілі: ключавым фактарам, які фарміруе і вызначае паводзіны ўкладчыкаў, з`яўляецца макраэканамічная стабільнасць у краіне і нізкая інфляцыя. Па сутнасці, толькі гэтыя два фактары могуць забяспечыць захаванне пакупной здольнасці беларускага рубля ў доўгатэрміновай перспектыве, а значыць, і стварыць базавыя перадумовы для фарміравання зберажэнняў у нацыянальнай валюце.

Зразумела, што на дасягнутым у Нацбанку спыняцца не збіраюцца. Выраўнаваць сітуацыю на рынку ўкладаў атрымалася досыць хутка, але работу па зніжэнні тэмпаў росту цэн і павышэнні даверу да беларускага рубля рэгулятар мае намер працягваць. Пры гэтым працэнтныя стаўкі па рублёвых укладах насельніцтва ў банках будуць падтрымлівацца на ўзроўні, які перавышае рублёвую даходнасць па тэрміновых дэпазітах у замежнай валюце і ўзровень інфляцыі. Такі падыход, перакананыя ў ведамстве, дазволіць забяспечыць прывабнасць беларускага рубля ў якасці сродку зберажэння і ў поўнай меры прытрымлівацца інтарэсаў укладчыкаў.

ЛІЧБЫ

З пачатку красавіка 2016-га рэшткі па тэрміновых банкаўскіх укладах грамадзян у нацыянальнай валюце павялічыліся на 346,6 млн рублёў (ці на 14%) і на 1 лістапада склалі 2817,8 млн рублёў. У верасні гэтага года ўдзельная вага безадзыўных дэпазітаў у агульным аб`ёме новых тэрміновых укладаў у беларускіх рублях склала 54,1% супраць 32,2% у студзені 2016-га.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter