Вучоныя разлічваюць на багацце вопыту

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і В’етнамская акадэмія навук і тэхналогій падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве.
Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і В’етнамская акадэмія навук і тэхналогій падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве.

Дакумент прадугледжвае ўзаемадзеянне вучоных у галіне хіміі і новых матэрыялаў, лазерных тэхналогій, медыцыны, нанатэхналогій. Сёлета спецыялісты Беларусі і В’етнама пачнуць сумесныя работы па стварэнні новых лекавых прэпаратаў для засцярогі раслін. Будуць таксама праведзены даследванні ў сферы кампазіцыйных матэрыялаў. У перспектыве — стварэнне ў Беларусі сумесных вытворчасцяў па выпуску прадукцыі для сельскай гаспадаркі і прамысловасці.

“Беларускія і в’етнамскія навуковыя ўстановы маюць багаты вопыт для дасягнення высокіх вынікаў у розных галінах навукі. Супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне будзе выгадным для абедзвюх краін”, — сказаў на сустрэчы з в’етнамскай дэлегацыяй старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Міхаіл Мясніковіч.

У пагадненні прадугледжаны таксама абмен інфармацыяй аб навуковых дасягненнях і абмен спецыялістамі. Плануецца, што аспіранты В’етнамскай акадэміі навук і тэхналогій будуць вучыцца ў НАН Беларусі. Пералік спецыяльнасцяў, па якіх змогуць рыхтаваць в’етнамскіх спецыялістаў, будзе вызначаны ў бліжэйшы час.

Бакі дамовіліся і аб арганізацыі конкурсу на лепшую сумесную беларуска-в’етнамскую навуковую работу. Прэмія пераможцам конкурсу дазволіць стымуляваць спецыялістаў дзвюх краін да новых навуковых адкрыццяў.

Іван Мірскі
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter