Вучань, майстар, асоба.

Адна са старэйшых у краіне навучальных устаноў — Віцебскі дзяржаўны станкаінструментальны тэхнікум — 7 кастрычніка адзначае свой 85-гадовы юбілей.
Адна са старэйшых у краіне навучальных устаноў — Віцебскі дзяржаўны станкаінструментальны тэхнікум — 7 кастрычніка адзначае свой 85-гадовы юбілей. Даволі нязвычна, што неаспрэчна “мужчынскі калектыў” з 1992 года ўзначальвае ва ўсіх адносінах абаяльная, мужная і дыпламатычная Ларыса Станіславаўна Мянжынская. Жартам кажучы, гэта сапраўдная “жалезная лэдзі”. Бо далёка не кожны мужчына здольны трымаць у руках і паслухмянасці “войска” з 600 навучэнцаў, абсалютная большасць якога – юнакі. Плюс педагагічны персанал. Віцебскага юбіляра ў прамым сэнсе можна назваць кузняй кадраў для машынабудаўнічай вытворчасці. Асабліва ў пасляваенны час станкаінструментальны тэхнікум набыў славутасць куды больш гучную, чым некаторыя інстытуты. У роднай Беларусі ён першым пачаў падрыхтоўку спецыялістаў для абслугоўвання станкоў з лічбавым праграмным кіраваннем. Толькі за пасляваенны час з яго сцен выйшлі ў вялікае жыццё звыш дзесяці тысяч прафесіяналаў станкаінструментальнай прамысловасці... 85-гадовы юбілей – гэта яшчэ і магчымасць зрабіць “пераклічку” пакаленняў ажно з 1920 года. З былых выпускнікоў тэхнікума выраслі асобы, якіх ведаюць і з якімі супрацоўнічаюць многія краіны свету. Варта назваць дырэктара РУП “Віцебскі станказавод “Вістан” Уладзіміра Паўлавіча Туравінава, генеральнага дырэктара Мінскага гадзіннікавага завода “Прамень” Уладзіміра Васільевіча Абрамчыка, генеральнага дырэктара ААТ “Завод ВІЗАС” Віктара Мікалаевіча Ляшчова, дырэктара РВУП “Завод “Вымяральнік” Юрыя Паўлавіча Рэшку, прафесара, акадэміка, прарэктара Волжскай інжынерна-педагагічнай акадэміі г. Ніжняга Ноўгарада Віктара Уладзіміравіча Крупіцу. Магчыма, што не ўсе змогуць сабрацца на сустрэчу з юнацтвам, якая ладзіцца 7 кастрычніка ў альма-матэр па вуліцы Політэхнічнай, 2 у старажытным Віцебску. У гонар такой неардынарнай падзеі нават знакаміты Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа робіць урачысты вечар для юбіляраў. Так з’явіцца яшчэ адна старонка падручніка жывой гісторыі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter