Возера Мястра збірае сяброў

Свята вады праходзіла ў Мядзелі ў другі раз, а сабрала сотні ўдзельнікаў і гледачоўГэта толькі адно са шматлікіх мерапрыемстваў, што спрыяюць развіццю курортнай зоны Нарачанскага рэгіёна. На тое, дарэчы, скіравана і адпаведная Дзяржаўная праграма. А каб усім было цікава ў святочны дзень, дзеі паводле задумы арганізатараў разгортваліся на розных пляцоўках: адных вабіў “Рамесны карагод”, другіх — “Гульнёвы падворак”, хтосьці падаўся ў “Рыцарскі лагер”, можна было паспрабаваць святочныя прысмакі, а яшчэ паўдзельнічаць у цікавай “Воднай алімпіядзе па-мядзельску”.
На возеры Мястра адпачываць — адна асалода Свята вады праходзіла ў Мядзелі ў другі раз, а сабрала сотні ўдзельнікаў і гледачоў
Гэта толькі адно са шматлікіх мерапрыемстваў, што спрыяюць развіццю курортнай зоны Нарачанскага рэгіёна. На тое, дарэчы, скіравана і адпаведная Дзяржаўная праграма. А каб усім было цікава ў святочны дзень, дзеі паводле задумы арганізатараў разгортваліся на розных пляцоўках: адных вабіў “Рамесны карагод”, другіх — “Гульнёвы падворак”, хтосьці падаўся ў “Рыцарскі лагер”, можна было паспрабаваць святочныя прысмакі, а яшчэ паўдзельнічаць у цікавай “Воднай алімпіядзе па-мядзельску”.
На беразе маляўнічага возера Мястра з раніцы да вечара гучалі музыка і смех, людзі радаваліся цёпламу надвор’ю і добразычлівым стасункам. Мясцовыя жыхары і госці з задавальненнем удзельнічалі ў конкурсах, любаваліся воднай феерыяй, апладзіравалі майстэрству самадзейных артыстаў, якія з’ехаліся на свята з розных куткоў Беларусі. Шаноўную публіку песнямі ды танцамі на галоўнай пляцоўцы свята весялілі мядзельскія Русалкі. А ключавым момантам свята стала ўшанаванне пераможцаў конкурсу рыбнай лоўлі. Дарэчы, ён доўжыўся з сямі гадзін раніцы да дзвюх дня. Найбольш пашэнціла Яўгену Садоўнікаву, яму ўдалося спаймаць самую буйную рыбіну: шчупак пацягнуў на паўтара кілаграма. Самы важкі ўлоў аказаўся ў Антона Каласоўскага: вудаю нацягаў з возера 9,4 кілаграма рыбы. А найбольшая колькасць рыбін была ў вядры Валянціна Гушчы — 320 штук. Так што, аматары рыбалкі, матайце на вус, дзе добра клюе…
На Свяце вады ў Мядзелі ўсім цікаваСтаражылы ж расказваюць, што ў мядзельскіх азёрах водзіцца больш за 20 відаў рыб. Сярод іх акуні, ляшчы, язі, яршы, самы... А сазан, карп, карась, судак з’явіліся ў тамтэйшых азёрах нядаўна, дзякуючы штучнаму зарыбленню. Між тым аматары рыбалкі ўжо даўно лічаць возера Мястра адным з самых рыбных у Нарачанскім рэгіёне. І кажуць, што нават водар яго асаблівы: нібы настоены на травах і чысціні. Адчулі тое госці і ўдзельнікі свята. На пляжы ля самай вады было як ніколі людна, адпачывалі там і кампаніі, і сем’і з дзецьмі. І пакуль малыя асвойвалі атракцыёны, старэйшыя ўдзельнічалі ў гульнёвых праграмах “Кропелька і расінка”, “Без вады — ні туды і ні сюды”, “Дэльфін і русалка”. А людзі паважанага ўзросту, пасеўшы на лавачках пад шатамі дрэў, з задавальненнем слухалі спевы. Спадабаліся ўсім, было бачна, спявачкі з Шаркаўшчынскага Дома культуры Віцебшчыны, фальклорная група “Асалода” Маладзечанскага раёна, калектыў “Медуніца” з Лагойска. Ды і астатніх цёпла сустракалі.
Кожны на свяце змог знайсці занятак па душы. Можна было нешта прыкупіць на выставе-продажы вырабаў народных майстроў, паназіраць за спаборніцтвамі байдарачнікаў і яхтсменаў, папрактыкавацца ў стральбе з лука ці кіданні кап’я.
А завяршылася свята ў Мядзелі выступленнем вядомай артысткі, лаўрэата шматлікіх міжнародных конкурсаў і фестываляў Іскуі Абалян і дыскатэкай.

Ягор Азярэвіч
На здымках:
На возеры Мястра адпачываць — адна асалода
На Свяце вады ў Мядзелі ўсім цікава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter