«Бясконца чароўная...» Аўтарскi праект Уладзiмiра Цвiркi. Возера

Возера

Загадкай гэтае возера было заўсёды. Можа, хто калi‑небудзь i паспрабаваў распытаць нешта ў старэйшага пакалення з гэтых мясцiн, выведаць, паскрэбцi, так бы мовiць, па засеках даўнiны. Але пачуўшы ў адказ вельмi сцiплыя i стрыманыя звесткi пра яго, кiдаў гэтую справу ў самым яе пачатку. I, хутчэй за ўсё, менавiна ад гэтага, ну мне так падаецца, загадкавасць возера яшчэ больш пашыралася, расла ва ўсе бакi, а значыць, болей вабiла да сябе сваёй таямнiчасцю. Карацей, як было яно загадкай, так i далей заставалася.


Дарэчы, калi ўжо i гаварыць больш падрабязна пра гэтыя мясцiны, пра саму вёсачку, то побач з ёй было аж тры возеры. Невялiкiя, праўда, але ж i таго было дастаткова, каб i рыбу павудзiць, паплюхацца ў летнюю спякоту цi пакоўзацца на якiх, хто меў, коўзанках у добрыя марозныя зiмовыя дзянькi. Тое возера, якое ляжала далей за iншыя ад паселiшча, тулiлася ў замшэлых паплавах, якiя абгiналi яго з усiх бакоў i як быццам у шырокiх далонях беражлiва трымалi празрыстае i, здаецца, заўсёды нерухомае люстэрка вады. Да яго было зручна хадзiць са статкамi, цi, як тут казалi, чародамi кароў, цялят i авечак, якiя ў цёплую пару года тут выпасвалiся на блiжэйшым полi ды лугавiнах аж да першых замаразкаў.



Другое возера, самае вялiкае з трох, наогул ляжала акурат ў сярэдзiне вёскi, пасярод дзвюх яе самых вялiкiх, цi галоўных, вулiц. Шмат якiя хаты ўсё сваё жыццё глядзелi ў яго паверхню, адлюстроўваючыся там сваiмi рознай велiчынi i аздаблення шыбамi вокнаў, i, зноў жа на маю асабiстую думку, яно было нейкiм звычайным, знаёмым, паўсядзённай з’явай у жыццi вяскоўцаў. Хутчэй за ўсё, так здавалася таму, што яно заўсёды было побач, перад вачыма. З iм звыклiся як з нечым невыключным: як з жонкай, лаўкай цi плотам, цi тым жа самым садком побач з хатай. Возера ды возера. Звычайнае яно, як шмат iншых. Нават тое возера, што было на ўзвышшы, мела сваю назву, мясцовую.

А гэтае, тут, пасярод вёскi, было проста, возера, не болей. 


Зусiм iншая справа была з возерам трэцiм, цi з тым, якое ляжала найдалей ад паселiшча, прытым яшчэ i ў лесе, якi абступаў яго шчыльнай сцяной. I тыя дрэвы, якiя раслi блiжэй да вады, стаялi нахiленымi над яго прасторай, цi то хацелi разгледзець у iм сваё адлюстраванне, цi iмкнулiся вось так засланiць, нават схаваць пад сваiмi шатамi тую самую яго загадкавасць i таямнiцу. 


Яшчэ гэтаму лясному возеру дасталося ўсё. Ну лiтаральна ўсё, аб чым толькi было можна марыць. У першую чаргу, спрадвеку, як казалi мясцовыя жыхары (такая ў нас завядзёнка), збiралiся на яго берагах на некалькiх палянках, i не адзiн раз на год, маёўкi. Гатавалi шмат смачных вясковых страў, гучала незлiчоная колькасць песень i частушак. Танчылi ад малога да вялiкага да сярэдзiны ночы. Ля вогнiшчаў гiсторыi ды легенды розныя — не наслухаешся. Карацей, умелi весялiцца, а галоўнае, было жаданне вялiкае i нават у тым патрэба. Нават купацца сюды ехалi, здаецца, з большай ахвотай. Там, у вёсцы, вада зялёная ад качак ды гусей, едзем у лес да балотца. Так‑так! Назва была ў гэтага возера. Чуеце, як назва агучвалася ласкава, з пяшчотай i звыклай унутранай пашанай? Дзецi са школы iшлi толькi праз яго. У «партызанах» прагульвалi ўрокi толькi ля возера. Вечарамi пасля працы стомленыя, усе ў пыле i асцюках — зноў да яго. Хто на роварах, хто на машынах ды трактарах. Але асаблiва iмкнулася закаханая моладзь да яго таямнiчай воднай паверхнi, у якую глядзеўся толькi месячык ды нахiленыя маўклiвыя ялiны i бярозы. Колькi тут было прашаптана самых ласкавых, можа, недзе сарамлiвых, але такiх цёплых i сардэчных слоў. Усе да адзiнага чула возера тыя словы. Усе да адзiнага зберагло, i захавала, i помнiць — беражэ як неацэнную таямнiцу, як загадку, як аснову нечага вечнага... А калi глядзець на яго доўгi век жыцця, то возера робiць гэта як нiхто добра i надзейна, бо яно ж само ёсць загадка, якую, можа, i не трэба турбаваць i адгадваць.

Уладзiмiр ЦВIРКА.

v‑cvirko@bk.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter