Какие тайны скрывают улицы древнего города на юге Беларуси

Войны і мір на карце Кобрына

Яго акупіравалі шведы, спрабавалі ўзяць боем французы, двойчы займалі немцы. Вядома, прыблізна такі ж лёс напаткаў сотні іншых беларускіх гарадоў і мястэчак. Аднак толькі тут, у Кобрыне, сёння знаходзіцца самы багаты музейны фонд, прысвечаны ваеннай гісторыі нашай краіны.


Суседзі з мінулага

Кожны турыст, што прыязджае на Кобрыншчыну, перш за ўсё бачыць на галоўнай плошчы постаці князя з княгіняй. Хто такія? У Іпацьеўскім летапісе захаваліся радкі, датаваныя 1287 годам: «Вось я, князь Уладзімір, сын Васількаў, унук Раманаў, пішу грамату. Даў я сваёй княгіне пасля сваёй смерці горад свой Кобрынь, з людзьмі і данінай. Як пры мне плацілі даніну, няхай таксама і пасля мяне плацяць маёй княгіне».

— Менавіта з гэтай даты прынята адлічваць узрост горада. Аднак з самога запісу вынікае, што з’явіўся на рэках Кобрынка і Мухавец ён значна раней, — кажа загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А. В. Суворава ­Алена Рысь.

Якім быў горад у XIII стагоддзі? Невядома. Затое ў экспазіцыі можна ўбачыць графічную рэканструкцыю замка кобрынскіх князёў XVI стагоддзя. Падрабязную выяву на аснове тэкставага апісання выканаў мастак Юрый Сухаў.

— Гэта быў складаны комплекс з драўляных і цагляных будынкаў, мастоў, высокіх веж і шматлікіх гаспадарчых пабудоў. Усё гэта, на жаль, прыйшло ў заняпад пасля смерці апошняй уладальніцы княгіні Ганны Сямёнаўны. Мы дакладна ведаем, што палаты феадалаў знаходзіліся побач з сучасным саборам Аляксандра Неўскага. Літаральна ў некалькіх кроках ад яго — Замкавая плошча: калі ўважліва прыгледзецца да ландшафту, то можна заўважыць абрыс абарончага рова — адзіны напамін пра мінулае, — дзеліцца загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела. — Яшчэ ў 1812 годзе ў рэштках замкавых умацаванняў адбываўся бой з напалеонаўскай арміяй. Але ўжо ў сярэдзіне XIX стагоддзя ад іх пазбавіліся падчас будаўніцтва дарогі Масква — Варшава. Заснавальнік нашага музея Аляксей Мартынаў пакінуў пранікнёныя радкі на гэты конт: «Река времени унесла в бездну забвения кобринский замок».

Разам з тым да нас дайшлі апісанні не толькі ўмоў, у якіх жылі ўладальнікі горада, але і падрабязнасці пра звычайных кабрынчан. У музеі выстаўлена «Рэвізія Кобрынскай эканоміі, складзеная ў 1563 годзе каралеўскім рэвізорам Дзмітрыем Сапегам». Гэта свое­асаблівы перапіс насельніцтва.

— У нас пачытаць «Рэвізію» можа кожны наведвальнік у бібліятэцы. Параўнаць сучасныя вуліцы горада з тымі, што былі на іх месцы некалькі стагоддзяў таму. Ці нават адшукаць сваіх продкаў — прозвішчы кабрынчан таго часу тут таксама пазначаны, — падкрэслівае Алена Рысь. — Дарэчы, у нашай экспазіцыі ёсць унікальная археалагічная знаходка — фрагмент драўлянай маставой Кобрына сярэдзіны XVI стагоддзя, па якой якраз маглі хадзіць тыя людзі, што згадваюцца ў тэксце «Рэвізіі».

Эпідэмія, акупацыя, баі

Цэнтр Кобрына добра захаваў гістарычнае аблічча. Вузкія вулачкі з дамамі і крамамі сто- і нават двухсотгадовай даўнасці нікога не пакідаюць абыякавымі. Што важна: сучасныя пякарні і аптэкі знаходзяцца там, дзе яны былі і раней. Своеасаблівым парталам у рамантыку XVIII стагоддзя з’яўляецца парк імя Аляксандра Суворава.

— Тым не менш войны бокам нас не абыходзілі. Па дакументах ведаем, што, акрамя страшнай эпідэміі 1711 года, якая забрала палову жыхароў горада, прыйшла яшчэ адна бяда — Паўночная вайна. Шведы двойчы былі ў Кобрыне. Яны акупіравалі горад і патрабавалі кантрыбуцыю. Насельніцтва, і без таго небагатыя людзі, сабірала грошы і каштоўнасці, каб выкупіць узятых у заложнікі бурмістраў, — расказвае Алена Рысь.

Асаблівасць Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А. В. Суворава ў тым, што пад кожную падзею тут выстаўлены дзясяткі ўнікальных экспанатаў. Абмун­дзіраванне і зброя, прадметы быту і мастацтва, карты і дакументы — усё арыгінальнае. Муляжы можна пералічыць па пальцах! Ідзе, напрыклад, гаворка пра шведаў, а цябе падводзяць да вітрын з сапраўднымі шпагамі ці агнястрэльнай зброяй першай паловы XVIII стагоддзя.

Невыпадкова тры залы адве­дзены вайне 1812 года: 15 ліпеня ў горадзе адбылася першая перамога расійскай арміі над Напалеонам.

— Капітуляцыя Саксонскай брыгады была каля сцен Спаскага манастыра, які захаваўся да нашага часу, — падкрэслівае Алена Рысь, падыходзячы да чарговага сур’ёзнага ва ўсіх сэнсах экспаната: — А вось саксонская гаўбіца, якая, калі верыць дакументам, была ўзята ў якасці трафея ў раёне цяперашняга гарадскога пасёлка Антопаль (Драгічынскі раён).

Ёсць тут салдацкі і ­афіцэрскі мундзіры Паўлаградскага гусар­ска­га палка, які і вёў бой за Коб­рын. Можна ўбачыць, як маглі быць узброены сяляне, што дапамагалі ім даваць адпор чужакам.

— Сімвалічна, што на месцы, дзе былі пахаваны загінулыя салдаты, у сярэдзіне XIX стагоддзя быў узведзены сабор у гонар Аляксандра Неўскага, — дзеліцца загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела. — Праз сто гадоў пасля бою, у 1912-м, побач з храмам з’явіўся помнік — бронзавы двухгаловы арол з лаўровым вянком у клюве як сімвал таго, што «непераможная» армія Напалеона была ўпершыню разбіта.

Цікавы факт: падчас Першай сусветнай вайны нямецкія войскі занялі Кобрын і адправілі арла з каштоўнага метала на пераплаўку. Палякі ў 1930-я гады на гэтым месцы паставілі бюст Тадэвуша Касцюшкі, хаця непасрэдна да Кобрына ён ніякага дачынення не меў. Толькі ў ­1950-х бронзавая «птушка перамогі» вярнулася на сваё месца. Праўда, крыху змяніўшы першапачатковы выгляд: замест двухгаловага імператарскага арла адлілі звычайнага з адной галавой.

ПА СУВОРАЎСКІХ АДРАСАХ

Гісторыю Кобрына немагчыма ўявіць без Аляксандра Суворава. У гонар яго тут названы парк, вуліца і музей.


— Калі зірнуць на сучасную карту горада, можна вылучыць тры «сувораўскія» кропкі — непасрэдна дом Аляксандра Васільевіча, Петрапаўлаўская царква, куды ён хадзіў на службы, і царква Нараджэння Хрыстова, пабудову якой у Кобрыне хацелі прымеркаваць да стагоддзя з дня смерці генералісімуса. Аб’екты адносяцца да розных гістарычных перыядаў, аднак маюць пэўную сувязь і ўваходзяць у адзін турыстычны маршрут, — расказвае дырэктар музея Алена Бабенка.

230-гадовы дом пад гонтавым дахам сёння з’яўляецца своеасаблівым «сусветам Суворава»: восем залаў з надзвычай рэдкімі экспанатамі, што поўнасцю раскрываюць жыццё і воінскі шлях непераможнага палкаводца, які спыняўся менавіта тут у 1797-м і 1800-м.


— Напрыканцы XVIII стагоддзя літаральна ў некалькіх кроках ад дома знаходзілася Петрапаўлаўская драўляная царква. Аляксандр Сувораў быў чалавекам шчыра веруючым, які актыўна ўдзельнічаў у богаслужэннях. Да Першай сусветнай вайны ў храме нават захоўваўся рарытэт з надпісам: «По сей псалтири пел и читал Суворов». Акрамя таго, у народзе Петрапаўлаўскую царкву заўсёды звалі ды і працягваюць называць сувораўскай, — дзеліцца Алена Бабенка. — На пачатку ХХ стагоддзя састарэлы драўляны храм перанеслі на могілкі на ўскрайку Кобрына — такім чынам хацелі высвабадзіць месца для ўзвядзення новай цаглянай царквы. Прычым прымеркаваць пабудову планавалі да стагоддзя з дня смерці палкаводца. У дакументах царква фігуравала як «сувораўская». Грошы на ўвасабленне задумкі даваў нават сам імператар Мікалай ІІ, ахвяравалі таксама мясцовыя жыхары. Але планам перашкодзіла Першая сусветная вайна.

Толькі напрыканцы ХХ стагоддзя пачалося ўзвядзенне храма. Праект быў распрацаваны на аснове таго, што захаваўся з даваенных часоў. Сучасная царква ў візантыйскім стылі асвячоная ў гонар Нараджэння Хрыста.

kurak@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter