Безопасные горки: игровое оборудование в минских дворах отремонтируют до 1 мая

Вострыя вуглы дзіцячых пляцовак

Прыйшла вясна, а значыць, самы час прыводзіць у парадак нашы двары, паркі, вуліцы, высаджваць дрэўцы і кусты. Карэспандэнты «Р» паглядзелі, як рыхтуюцца да новага сезона нашы камунальнікі. Пашкоджаныя пасля зімоўкі арэлі, каруселі і атракцыёны альбо старанна рамантуюцца, альбо ўтылізуюцца. Бо ад нармальнага функцыянавання такiх агрэгатаў залежыць бяспека многiх людзей. Давайце паглядзім, як спецыялісты ўстараняюць хібы.

Работнікі ЖЭУ старанна фарбуюць арэлі, рамантуюць горкі, напаўняюць пяском пясочніцы.

Зламаныя сядзенні арэляў, каруселяў, карозія металу горак і разбітыя вуглы пясочніц — на дзіцячых пляцоўках пасля зімы неабходна наводзіць парадак. Каб ніякія траўмы не азмрочвалі гульні малых, да 1 мая работнікі ЖКГ прывядуць усе мінскія двары ў належны стан. Карэспандэнт «Р» выйшла разам са спецыялістамі ЖЭУ № 6 Заводскага раёна на рэгулярны агляд гульнявога абсталявання і даведалася, куды звяртацца, калі каруселі ў двары здаюцца небяспечнымі.

У дварах мікрараёна Чыжоўка кіпіць праца. Работнікі ЖЭУ старанна фарбуюць арэлі, рамантуюць горкі, напаўняюць пяском пясочніцы. Карацей, робяць усё, каб дзецям, якія зусім хутка выйдуць гуляць у двары, было весела, а бацькам — спакойна за бяспеку сваіх малых.

— У першую чаргу мы клапоцімся пра тое, каб ні адзін атракцыён не быў траўманебяспечным. Правяраем сядзенні арэляў, калі трэба, мяняем іх. Вось, напрыклад, як тут, — звяртае ўвагу на недахоп галоўны інжынер ДП «ЖЭУ № 6 Заводскага раёна» Мікалай Буката. — Калі ж за зіму прыходзіць у непрыдатнасць нейкі апорны элемент арэляў, то мы не маем права яго рамантаваць — у такім выпадку зносім іх і ўсталёўваем новы атракцыён. У драўляных пясочніцах аднаўляем і замяняем дошкі, каб нідзе не было вострых небяспечных вуглоў. Акрамя натуральнага зносу абсталявання, падчас аглядаў дзіцячых пляцовак мы знаходзім і наступствы актаў вандалізму. Праўда, зараз такія праблемы сустракаюцца ўжо радзей.

Камунальнікі клапоцяцца пра тое, каб ні адзін атракцыён не быў траўманебяспечным

Візуальны кантроль эксплуатацыйныя арганізацыі праводзяць штодзень, каб выявіць, напрыклад, наступствы неспрыяльных умоў надвор’я. Кантроль функцыянавання праводзіцца адзін раз у 1—3 месяцы з мэтай праверкі трываласці і ўстойлівасці абсталявання, у тым ліку яго зносу. Штогод работнікі ЖКГ ажыццяўляюць кантроль для пацвярджэння нармальнага эксплуатацыйнага стану, уключаючы фундаменты і паверхні. Акрамя таго, у выпадку неабходнасці арганізоўваюць пазачарговыя агляды. Калі ёсць сур’ёзныя няспраўнасці, якія ўплываюць на бяспеку абсталявання, іх стараюцца ліквідаваць неадкладна. У выпадку калі адрамантаваць немагчыма, эксплуатацыя атракцыёна прыпыняецца, і яго дэманціруюць. Недахопы на дзіцячых пляцоўках, што знаходзяцца ў падпарадкаванні ЖКГ, ліквідуюць падрадчыкі, якія выйгралі тэндар на гэтую работу. На самастойным тэхнічным абслугоўванні знаходзяцца таварыствы ўласнікаў жылля — там аднаўленне абсталявання вядзецца за кошт жыхароў.

— У нас 50 працэнтаў работы ўжо выканана. Стараемся дзейнічаць хутка, усё ж такі ўжо цёпла, дзеткам хочацца бавіць час на вуліцы. У некаторых дварах за бюджэтныя сродкі ўсталёўваем і новае гульнявое абсталяванне, даўкамплектоўваем пляцоўкі. Прыслухоўваемся да пажаданняў жыхароў, калі ім чагосьці не хапае, — дадае галоўны інжынер.

Усяго раённыя КУП «ЖКГ» абслугоўваюць 4070 пляцовак, на якіх устаноўлена больш за 27 тысяч адзінак абсталявання. Зараз работы па рамонце і афарбоўцы выкананы на 1281 дзіцячай пляцоўцы, дзеліцца апошнімі лічбамі Кіра Кандрацьева, галоўны спецыяліст ГА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка»:

— У кожнай жыллёвай аргані­зацыі прызначана службовая асоба, якая адказвае за эксплуатацыю дзіцячага гульнявога абсталявання. Аднак нават калі ўсе каруселі спраўныя, гэта не гарантуе поўную бяспеку. Асаблівая адказнасць ляжыць на бацьках, сваяках і іншых дарослых, якія суправаджаюць малых: яны павінны сачыць за паводзінамі дзяцей у час наведвання гульнявых пляцовак.

Калі ж вы выявілі няспраўнае дзіцячае гульнявое абсталяванне або яно здаецца вам небяспечным, неабходна звярнуцца ў эксплуатацыйную арганізацыю або службу 115.

matuzova@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter