Корреспондент "Р" отправилась на поиск "честных товаров"

Востра прыпраўленыя цэннiкi

У магазінах краіны паступова з'яўляюцца «сумленныя» цэннікі. З рэкамендацыяй паказваць кошт прадуктаў у пераліку за кілаграм і літр выступіла Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. На такі крок пайшлі дзеля зручнасці і выгады пакупнікоў: на паліцах усё часцей з'яўляюцца крупы, малочка, сокі, алей рознай вагі. Вытворцы такім чынам хітраць. Здавалася б, не паклаў у пакет нейкія 70 грамаў, а на выхадзе атрымліваецца істотная эканомія. Але не для пакупніка.  Стаяць і вылічваць, як не пераплаціць у такой сітуацыі, доўга і нязручна. Бо хочацца рабіць пакупкі хутка і быць упэўненымі, што за мінімальны кошт выбраны максімальна якасны тавар. Дзеля зручнасці і выгады пакупнікоў МАРГ папрасіў гандаль узяць гэтыя клопаты на сябе.

«Р» адправілася па магазiнах у пошуках «сумленных» цэннікаў і пераканалася: новаўвядзенне не толькі дазваляе купляць разумна і эканомна, але і адкрывае вочы на рэальныя цэны невялікіх тавараў.


Дарэчы, адшукаць цэны ў пераліку на літры і кілаграмы пакуль не так ужо лёгка. Пераважна яны сустракаюцца ў дзяржгандлі. Яшчэ адзін «сецявiк», напрыклад, паказвае іх настолькі дробным шрыфтам, што на гэтыя надпісы нават не звяртаеш увагі. Браць на сябе дадатковыя абавязкi рытэйлеры не спяшаюцца, апелюючы да вялікага асартыменту тавараў і працавыдаткаў. Зрэшты, многія не ўтойваюць: вось-вось возьмуцца за справу, бо цэннікі з сумамі ў дэнамінаваных і недэнамінаваных рублях «аджылі» сваё, на іх месца прыйдуць абноўленыя. У адным з магазiнаў, які адважыўся іграць у адкрытую, расказваюць: праблем з пералікам не ўзнікае. Бухгалтары займаюцца гэтым з дапамогай адмысловай праграмы. Адзінае, што цэннікі змяняюць па меры паступлення тавару — працэс атрымліваецца расцягнутым у часе. Іншыя рытэйлеры сцвярджаюць: тэхніка не заўсёды разумее, чаго ад яе хочуць, даводзіцца, калі ёсць час, пералічваць уручную. Так што скрупулёзным пакупнікам не перашкодзіць быць вельмі цярплівымі і запасцiся калькулятарам.

Нам жа для ўражанняў і эканоміі хапіла і таго, што ўжо ёсць. Напрыклад, вермішэль хуткага прыгатавання ў народзе лічыцца ежай для студэнтаў або для бедных. Але калі глядзіш на кошт за кіло, складваецца зусім іншае меркаванне: кошт экспрэс-вермішэлі вагаецца ў межах 7,8—10,3 рубля. Выходзіць, за 20 пачак пакупнік аддасць у 6,5—8,5 раза больш, чым за вялікую ўпакоўку барысаўскай. А 20 пакецікаў грузінскага харчо або баршчу абыдуцца амаль у 22—26 рублёў. У той жа час кіло замарожаных інгрэдыентаў пацягне на 5,6 рубля. Прыгатаваць боршч самому будзе куды больш выгадна.


«Залатымі» аказваюцца чыпсы. I практычна няма розніцы, дзе яны зроблены. Кілаграм нашых вядомай маркі каштуе 16 рублёў, папулярныя імпартныя — 17,8 рубля. Цікавая сітуацыя і з сухарыкамі. Кілаграм сушанага белага хлеба пацягне на 13,7 рубля. У той жа час кіло батона каштуе больш за 2 рублi. Літр алею — 2,6—3 рублi. У два рублi можна ўкласціся за спецыі. Дарэчы, па кошце за кіло апошнія ўпэўнена вырываюцца ў лідары. Кіло сушанай пятрушкі, напрыклад, пацягне на 142 рублi, кропу — на 103! 10-грамовы пачак лаўровага ліста выйдзе танней за 12-грамовы (за 92,5 рубля ў пераліку на кіло) на 80 капеек. Апельсінавая цэдра, па вялікім рахунку, каштуе больш як 111 рублёў, кардамон — 244 рублi, чорны перац гарошкам — 144 рублi, молаты — звыш 99 рублёў, арэгана — 127 рублёў. Кіло прыправы для свініны абыдзецца па цане прыкладна 6 кілаграмаў шыi ці трох стэйкаў у рэстаране — больш за 60 рублёў. Але ў лідарах, мабыць, расійскі ванілін у пакеціках па адным граме. Кілаграм абыдзецца ў 500 рублёў! Такі ж тавар побач каштуе куды менш — усяго 293 рублi ў пераліку за кіло.

Лічыце фасаваныя фінікі i курагу даражэй за звыклыя семкі і гарбузікі? Памыляецеся! Семкі каштуюць у 1,5 раза даражэй за фінікi, гарбузiкi — у 4 разы. Ці вось яшчэ прыклад. Бутэлька малака 0,93 літра тлустасцю 3,6% у пераліку на літр каштуе столькі ж, колькі 900-грамовая тлустасцю 2,8%. Але апошняя на палiцы выглядае танней. Кілаграм тварагу абыдзецца ў 5 разоў даражэй за малако. У той жа час фасаваныя па 10 грамаў вяршкі ў 10 разоў даражэй, чым бутэлька малака. А пяць 200-грамовых кардонных упаковак «Дзіцячага малака» ў выніку будуць у 2—3 разы даражэй за літр тлустасцю 3,6%. Тая ж самая карціна з кардоннымі міні-ўпакоўкамі соку, пяцёрка іх каштуе, як паўнавартасная двухлітровая. Дзве ўпакоўкі па паўкіло спрасаванага ў кубікі цукру абыдуцца, як два кіло звычайнага. Купляць пачак солі ў 1,5 раза выгадней, чым хадзіць у краму за ёй пяць разоў.


Цікавая сітуацыя i з кілбаснымі вырабамі. Так, купляць сасіскі на вагу за раз будзе ўдвая выгадней, чым перыядычна ў пакунку. Яшчэ адзін ход вытворцаў: яны ўсё часцей пакуюць сыравэнджаныя i сыравяленыя кілбасы ў індывідуальную тару. З аднаго боку, зручна, i цана не здаецца вялікай — усяго, напрыклад, 4,5 рубля. За крыху больш чым 200 грамаў. Дзве з паловай пачкi струковай фасолі каштуюць у паўтара раза даражэй за спаржу на вагу, некалькі пачак фасаваных лісiчак абыдуцца амаль удвая даражэй за вагавыя. Такая ж сітуацыя з упакаванымі скумбрыяй, селядцом.

Да ведама мамачак: дзіцячае харчаванне з труса ў пераліку на кіло абыдзецца ўдвая даражэй, чым натуральны прадукт за 15 рублёў. Кілаграм молатай кавы беларускай вытворчасці каштуе трохі даражэй, чым кіло зерняў, — 28 рублёў. А пяць слоікаў растваральнай вядомай маркі i зусім пацягнуць на 73—80 рублёў.

Купіўшы патрэбныя на пару дзён прадукты па «сумленных» цэннiках, атрымалася сэканоміць больш за 6 рублёў. Пры гэтым многія пакупнікі не ўнікалі — бралі або самае «таннае», або любiмую марку.

ДАВЕДКА

МАРГ у канцы мінулага года папрасіла магазiны, у тым ліку аўталаўкi і анлайн-аб'екты, у рэкламных буклетах і каталогах са студзеня паказваць кошт прадуктаў у пераліку за кілаграм і літр. Выключэнні зроблены для рынкаў, кірмашоў, кіёскаў, палатак, гандлю з выкарыстаннем латкоў і цялежак, гандлёвых аўтаматаў.

Дарэчы, на пачатку 2017-га МАРГ адмяніў рэкамендацыю абавязкова прапісваць цану адзінкі тавару за 100 грамаў або мілілітраў, калі вага прадукту не перавышае 250 грамаў або мілілітраў. Акрамя таго, магазiны не павінны ўказваць кошт за кілаграм, калі тавар важыць менш за 50 грамаў або мілілітраў. Выключэнне — спецыі і прыправы: каштуюць яны нямала, а вылічваць у галаве цану за кіло пакецікаў у 15 ці 5 грамаў доўга. Не абазначаюцца цэны ў пераліку на круглую вагу таксама для алкагольных і слабаалкагольных напояў, піва, тытунёвых вырабаў, тавараў у наборах і камплектах.

Памер, колер, форму, размяшчэнне рэквізітаў на цэнніках магазiны могуць вызначаць самастойна. Як варыянт — запазычыць узоры з сайта ведамства. Дарэчы, па рэкамендацыі МАРГ «сумленная» цана тавару павінна паказвацца пад коштам, але пісацца меншым шрыфтам. Падчас зніжак інфармацыя пра іх памер паказваецца для рэальнай, у той час як поўная ўжо будзе пералічана з улікам дысконту.

МЕРКАВАННЕ

Вiктар МАРГЕЛАЎ, сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва, рытэйлер:

— Увядзенне цэн у пералiку на лiтры i кiлаграмы — правільны падыход, крок да добрасумленнай канкурэнцыі, якая пры захаванні гэтых правілаў прывядзе да таго, што ў вытворцаў знікне патрэба рабіць меншыя пакеты і падманваць за кошт гэтага. Адзіны мінус у сiтуацыi — складанасць тэхнічнай задачы для гандлю, бо камп’ютар не заўсёды разумее, дзе ставіць цану за кілаграм. У рэаліях такія рэчы ўплываюць на рост сабекошту, значыць, на ўзровень цэн: за любое здавальненне трэба плаціць. Не абыходзiцца i без фармалiзму, калi пакупнікам трэба лупы выдаваць. Гэта ўжо iншая праблема — калi так пойдзе далей, трэба будзе ўстанаўліваць заканадаўча мінімальны шрыфт, каб людзі бачылі. Яны не заўсёды глядзяць на гэтую дадатковую інфармацыю, у спешцы па звычцы хапаюць тое, што танней. Ды і не па адным цэнавым фактары мы прымаем рашэнне — глядзiм, у каго прыгажэйшая ўпакоўка, хто больш разрэкламаваны, якi тавар лепш выкладзены. На жаль, пакупнiкi не ўмеюць граматна выбіраць, i разгул спажывальніцтва працягваецца.

druk@sb.by

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter