Восень прыгожа ўзоры малюе...

Каго не зачаруюць гэтыя дні, поўныя чыстага святла, лагоднай цішы, мяккай пяшчоты. Спяшаюся ў агарод, поле, на луг, у лес, дзе зараз па-свойму шчымліва і самотна развітваецца прырода з цудоўнай парой — залатой восенню

Каго не зачаруюць гэтыя дні, поўныя чыстага святла, лагоднай цішы, мяккай пяшчоты. Спяшаюся ў агарод, поле, на луг, у лес, дзе зараз па-свойму шчымліва і самотна развітваецца прырода з цудоўнай парой — залатой восенню. Тут прыгожая, хвалюючая ідылія, у якой свая музыка, свая гаворка, свае пачуцці. 

На яблыні заклапочана шчабечуць вераб’і. Лёгкія промні сонца пранізваюць вяршаліну дрэва, кранаюць ружовую лістоту, ствараючы дзівосны малюнак. Побач са мною ў траве застракатаў конік. Гляджу ўніз – дзе ж ён? Ага, сядзіць на шэрым каменьчыку і радасна стракоча. Усё зразумела:  сонца крыху нагрэла гэты самы каменьчык, і на ім, бы на той утульнай ляжанцы ў вясковай хаце, прымасціўся конік. Раптам у ціхім паветры затрапятаў жывы агеньчык. Дык гэта ж матылёк светла-жоўты пырхае над травой і познімі асеннімі кветкамі. 

Падыходжу да лесу, на сваё запаветнае месца, дзе мяне заўсёды першай сустракае бяроза. Гнуткія галіны звісаюць амаль да самай зямлі – цудоўны шацёр у гарачы летні дзень. Зараз бяроза стаіць ціха-ціха, і ва ўсім яе абліччы, у нейкай насцярожанасці – неспакой і туга. Ну што ж, неўзабаве прыйдуць першыя маразы. І ўпадзе на халодную зямлю багаты бярозавы ўбор, які пачынаючы з вясны і ўсё лета яна так шанавала. Таму і сумуе... 

Наступіла другое бабіна лета. Глыбокі сэнс у гэтай паэтычнай назве. Ідзе ён ад жыцця і працы вясковых жанчын. З ранняй вясны да восені завіхаліся яны ў полі, на ўласных агародах. А яшчэ хатняя гаспадарка. І, вядома ж, дзеці. Калі выпадаў больш-менш свабодны час, спяшаліся жанчыны ў лес па ягады, грыбы. Ці ж да адпачынку пры такой долі? 

І толькі ў кастрычніку, калі ў полі, на агародзе было клапатліва сабрана ўсё, што вырасцілі гэтыя нашыя вечныя працаўніцы, яны маглі крыху і перадыхнуць, даць спакой сваім руплівым рукам.  Добрае жаночае сэрца чулліва адклікалася на казачнае хараство, якое пануе ў такі час у прыродзе. Як жа не палюбавацца такой прыгажосцю! Таму і пайшло з даўніх-даўніх часоў – бабіна лета. Назва жыве амаль ва ўсіх еўрапейскіх народаў. У Беларусі ж бабіна лета асабліва чароўнае. Калі абшары расквечаны самымі рознымі колерамі. 

Восень прыгожа ўзоры малюе, 

Ціхаю ласкай сэрца хвалюе, 

Сонца – не ў ліпені, сонца не тое, 

Мо і цяпло гэта быццам святое. 

Нікнуць пажухлыя ў полі травінкі, 

Лёгка ў паветры плывуць павуцінкі, 

Ціш па-над лугам, у лесе самота, 

Толькі на дрэвах гарыць пазалота. 

Просім мы лета: “Ах, не спяшайся, 

Хоць на дзянёчак, ды затрымайся”. 

У чым тут прывабнасць, 

                          што за прычына — 

Гэтай парой прыгажэюць жанчыны. 

Можа, таму, што дабрэюць мужчыны... 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter