Вось такая яна — тэрыторыя некранутай прыгажосці

Нацыянальны парк “Браслаўскія азёры” ўключаны ў агульнаеўрапейскую экалагічную сістэму
Нацыянальны парк “Браслаўскія азёры” ўключаны ў агульнаеўрапейскую экалагічную сістэму.

Браслаўшчына —цудоўнае месца Больш таго, Нацыянальны парк “Браслаўскія азёры” абвешчаны адной з ключавых батанічных тэрыторый Еўропы. У Інстытуце эксперыментальнай батанікі Нацыянальнай акадэміі навук паведамілі, што агульнаеўрапейская экалагічная сетка — гэта адзіны комплекс прыродных экасістэм еўрапейскага значэння, якія маюць патрэбу ў збераганні. Усяго на тэрыторыі Беларусі размешчана дзесяць уключаных у гэтую сетку прыродных аб’ектаў. У іх ліку — Нацыянальны парк “Нарачанскі”, Белавежская пушча, Нацыянальны парк “Прыпяцкі”, Налібоцкая пушча. Цяпер да іх далучыліся і “Браслаўскія азёры”.

Спецыялісты адзначаюць, што наданне нацыянальнаму парку статусу ключавой батанічнай тэрыторыі Еўропы дасць магчымасць больш эфектыўна ахоўваць тут рэдкія віды раслін, бо на гэта будуць ісці дадатковыя сродкі не толькі з рэспубліканскага бюджэта, але і з фондаў аховы прыроды еўрапейскіх краін.

У прыватнасці, будуць праведзены новыя даследаванні месцаў росту рэдкіх і знікаючых прадстаўнікоў флоры, распрацаваны комплекс мер па іх захаванні.

Гэта, дарэчы, прадугледжана ў новым плане кіравання нацпаркам “Браслаўскія азёры”, які распрацоўваюць вучоныя Акадэміі навук і спецыялісты Мінпрыроды. Дакумент будзе сфарміраваны ў адпаведнасці з найноўшымі еўрапейскімі стандартамі.

Даведка ГР. Нацыянальны парк “Браслаўскія азёры” размешчаны на паўночным захадзе Беларусі, яго агульная плошча — амаль 70 тысяч гектараў. Прыгажосць і эстэтычную каштоўнасць гэтаму краю надаюць больш за 60 азёраў. З іх самыя вялікія па плошчы — Дрывяты, Снуды, Струста, Вайса, Недрава, Неспіш.

Нацыянальны парк насяляюць такія рэдкія віды птушак, як чорны бусел, шэры журавель, серабрыстая чайка, белая курапатка, чорназобік, уральская неясыць. Раслінны свет нацпарка ўключае каля 500 розных відаў раслін, з іх 32 віды занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Вольга Бандарчук
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter