Вось так у Аўцюках жывуць!

Прывітанне ўсім прыхільнікам нашай рубрыкі! Ці многа прыпевак вы апошнім часам чулі? Ці запісалі якія-небудзь у свой сшытак-прыпевачнік? Спадзяюся, што за грыбамі-ягадамі вы знаходзіце час і для не менш любімага занятку — спяваць і спевы іншых слухаць. Заўзята працаваць і “гуляць, дык гуляць”, ведаю, умеюць у вядомых на ўсю краіну Аўцюках, што ў Калін-кавіцкім раёне. Там 8 жніўня пачнецца Усебеларускі фестываль народнага гумару. Любяць там не толькі жартаваць, але і прыпеўкі спяваць.

Наконадні свята ў Аўцюках пярэпалах — не могуць знайсці сшытак з прыпеўкамі. Еўдакія Міхайлаўна Лабанава вечарам запрашае сваіх сябровак на прызбу прыгадаць прыпеўкі па памяці. “Рыхтавацца да фестывалю неяк трэба”, — гаворыць яна, а праз хвілін колькі ўспамінаў пачынае сыпаць прыпеўкамі: 

Фестывалю, фестывалю!
Да чаго ж ты дакаціўся!
Нават сам міністр культуры
Ў аўцючку ўлюбіўся!

Ой, ляцелі гусі з броду
Ды паселі за лясок!
Ажаніўся на калінцы —
Ды і сам стаў каласок!

Аўцюкі — народ вясёлы:
І жартуюць, і пяюць.
Дзе б яны ні пабывалі,
Сябе ў крыўду не дадуць.

Не магла знайсці я працу —
Зусім разгубілася.
Аўцюкоўца палюбіла,
І на ўсё забылася.

Аўцюкоўскія рабяты
Ну нідзе не прападуць:
То мех бульбы накапаюць,
То капусты накрадуць.

Мілы тузаў, тузаў
За мае райтузы.
“Ты не рві мае штаны,
Гузік з левай стараны”.
Палюбіў аўцюк суседку,
Ды пакуль што быў сакрэт,
Кожны дзень хадзіў у бяседку,
Калі дома мужа нет.
Ды папалісь яны самі —
Памяняліся трусамі.

Аўцюкі сяло вяліка!
Можна горадам назваць!
У кожнай хаце па дзіцяці,
А ў каторых — і па пяць.

Аўцюкі, Аўцюкі!
Чым яны праславілісь?
Хлопцамі гарбатымі
Ды дзеўкамі кірпатымі.

То калінка, то хваінка,
Куст вярбіны пры вадзе.
Аўцюкі — сяло такое,
што няма такіх нідзе.

Тут народ жыве жартліва,
Тут вакол растуць лясы,
А ў лясах жывуць лясянкі,
Ёсць казуры і ласі.
Малако цячэ ракою.
Бульба ёсць і буракі.
Прадаем дзяржаве мяса.
Вось такія Аўцюкі!

Тут жанчыны ткуць умела
Посцілкі і ручнікі
Вышываннем ззяюць хаты
Вось такія Аўцюкі!

А мужчыны робяць лыжкі,
Ёсць у нас і бондары.
Амаль кожны каня мае,
А палова — трактары!

Мы гасцям заўсёды рады!
Пачастункаў нам не жаль.
Усяго мы ўдоваль маем.
Сустракаем фестываль!

Нехта падказвае, што такія прыпеўкі-візітоўкі, якія можна “сплесці” ў песню і нават народны гімн, ёсць у многіх вёсачках і мястэчках нашай Беларусі. Калі яшчэ няма, то ёсць цудоўная магчымасць іх напісаць і... даслаць нам у рэдакцыю з адзнакай “Чаму б нам не спець!” Няхай кожны наш чытач даведаецца пра адметнасці мясцовасці, дзе вы жывяце. Нагадваю, што конкурс на лепшыя (жартлівыя і “вострыя”) прыпеўкі працягваецца. Чакаю вашых лістоў!


Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter