Вось падколы ад Мiколы

Паэт-сатырык, даўнi аўтар “Р” Мiкалай Вяршынiн выдаў сваю чарговую кнiгу

Паэт-сатырык, даўнi аўтар “Р” Мiкалай Вяршынiн выдаў сваю чарговую кнiгу. На гэты раз там ёсць i проза, таксама не без гумару, нязлобных падколак i цiкавых назiранняў.

У сваю чарговую кнiгу аўтар уключыў зусiм новыя творы, а таксама больш значнае з раней напiсанага. Некаторыя раздзелы таксама дапоўнены. У зборнiк уключаны байкi, фельетоны, гумарэскi, сатырычныя паэмы – усё гэта на самыя розныя тэмы: вострыя, жыццёвыя, надзённыя праблемы, вытворчасць, узаемаадносiны людзей, каханне, сям’я, побыт, мода, адпачынак, гультайства, антыалкагольная тэматыка... Вясёлыя мемуары – усмешкi пiсьменнiкаў, смешныя i нясмешныя сiтуацыi. Пераклады з украiнскай мовы вядомых пiсьменнiкаў, сатырыкаў-гумарыстаў. Лiрычныя вершы, напiсаныя ў розныя гады, – Радзiма, натхненне, сяброўства, родныя мясцiны, уласны лёс. А яшчэ вершы, прысвечаныя аўтару прыхiльнiкамi яго творчасцi, людзьмi самых розных узростаў i прафесiй. 

У зборнiк увайшло найлепшае з лепшага i ўсё найноўшае ў повязi часоў i падзей, змен жыццёвых арыенцiраў. Адлюстраванне нашага былога i сённяшняга дня. I смелы позiрк у будучыню. 

Вiншуем калегу з новым выданнем i прапануем нашым чытачам адзiн з твораў М.Вяршынiна. 

------------------------------------

Бiць  нельга!

У нашым магутным 12-павярховым мужчынскiм iнтэрнаце трактарнага завода, што амаль з выхадам на Партызанскi праспект, ладзiўся вечар адпачынку, а дакладней – найцiкавейшае спаборнiцтва дзвюх каманд клубаў вясёлых i знаходлiвых, што тады было надзвычай у модзе. Запрасiлi гасцей з iншых мужчынскiх i жаночых iнтэрнатаў. Я быў капiтанам адной з каманд “Халасцякi”. Мне было тады гадоў за трыццаць, я завёў модную для даволi маладога прычоску – вусы, бакенбарды i бараду. Усё даволi светлае, мяккае, прыгожае. Шыкаваў, так сказаць. 

Наша каманда перамагла, але суддзi звялi вынiк на нiчыю з-за таго, што публiка надта за нас перажывала, i з нас знялi адно ачко. 

Пасля гульнi – танцы. Ах моладзь! Зачараванне i любоў. Заляцаннi, каханне, сустрэчы... 

Аднаму з нашых гасцей я нешта не спадабаўся. Ён, можа, быў на падпiтку, сказаў сваiм сябрам-таварышам: 

— Я зараз падыду ды як стукну таму барадатаму па барадзе! 

— Ты што, ахрэнеў? – здзiвiлiся, абурылiся яго сябры. – Гэта ж паэт. 

— А што, паэтаў нельга бiць? – здзiвiўся той. 

— Нельга! – рашуча адказалi сябрукi. 

Так мне i абышлося. Без мардабою. Аўтарытэт уратаваў. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter