Вось дык паварот

Нецвярозых вадзіцеляў на дарогах краіны стала менш.Чаму?

Нецвярозых вадзіцеляў на дарогах краіны становіцца менш. У мінулым годзе затрымалі каля 25 тысяч п’яных аўтамабілістаў. У 2015 годзе, да прыкладу, іх было на 11% больш. Знізілася летась і колькасць рэцыдываў — у поле зроку міліцыі трапілі 1434 паўторнікі, гэта на 413 менш, чым у 2015-м. Што паўплывала на сітуацыю? Карэспандэнт «Р» пабывала на судзе, дзе разбіралі справы парушальнікаў, і даведалася, у што можа выліцца кіраванне аўто «без цара ў галаве».

Калаж Юліі КОСЦІКАВАЙ

Сеў п’яным за руль — могуць адправіць на папраўчыя работы, пазбавіць вадзіцельскага пасведчання або і наогул пазбавіць волі. Усё залежыць ад цяжару правапарушэння або злачынства. Але так ці інакш, у паўторнікаў канфіскуюць аўто. На выязным судзе ў АДАІ Ленінскага РУУС Мінска паставілі кропку ў справах двух розных Аляксандраў.

Першага з іх ужо другі раз за год затрымліваюць п’яным за рулём. Цяпер ён не толькі павялічыць тэрмін свайго статусу «бяспраўнік», але і пазбавіцца аўто — у даход дзяржавы канфіскуюць Citroen Xantia. І гэта яшчэ не ўсё, бо з такімі парушальнікамі асабліва не цырымоняцца: Аляксандра ў дадатак яшчэ і арыштуюць на тры месяцы.

— Машына была ў рамонце. Вырашыў паглядзець, як ідуць справы. Прыехаў на СТА, і тут цяжарная жонка тэлефануе. Плача, што дрэнна ёй стала. І я, не думаючы, вырашыў ірвануць дадому. Сеў за руль і націснуў на газ, — расказ Аляксандра сцiслы. Хавае вочы і прыкметна нервуецца.

Кажа, што не піў на­пя­рэдадні. І калі б не над­звы­чайная сітуацыя, на в­адзі­цельскае месца не сеў бы — усведамляў, што нельга. «Але тут такая справа…» — спрабуе апраўдацца.

Працягвае:

— Па дарозе трапіў у невялікае ДТЗ. Хацеў на месцы разабрацца з пацярпелым, ды буйной сумы грошай з сабой не было. Вырашыў узяць у доўг і пабег.

Пакуль гасцяваў у сябра, заадно «палячыў» нервы — выпіў «крыху», як сказаў, спіртнога. Вярнуўся на месца здарэння, але там нікога ўжо не было. Сам пазваніў у ДАІ, пакаяўся. Толькі вось медыцынскі агляд паказаў: у крыві парушальніка 2,48 праміле алкаголю. Калі ён на самай справе піў — перад або пасля ДТЗ, — сказаць складана.

Аўтамабіль адвезлі на штрафстаянку. Канфіскуюць не ўласнасць мужчыны, а маёмасць яго цесця. Дарэчы, на волю Аляксандр выйдзе толькі ў пачатку лета.

Яго цёзка — засмучаны, сутаргава перабірае паперы. Падрыхтаваўся добра, нават паклікаў адваката. Дзеліцца сваёй гісторыяй:

— Тэлефануе знаёмы, увесь у слязах. Дзяўчына кінула. Сустрэліся, выпілі па бутэлечцы піва. І тут яна аб’яўляецца: просіць даць машыну, каб перавезці рэчы ў кватэру маці. Вырашылі ехаць усе разам. Яна села за руль, я — на пасажырскае сядзенне. Сябар з дзіцем ехалі ззаду. Па дарозе зноў пачаўся скандал: сябар пацягнуў Кацю за капюшон, стаў зацягваць і душыць. Ёй прыйшлося спыніцца проста пасярод дарогі.

Тады, прызнаецца, быў моцна напалоханы. Бойка працягнулася ўжо на вуліцы, і ў гэты момант Аляксандр вырашыў зняць стрэс. У яго машыне быў спірт для шклоабмывальніка — выпіў залпам. Колькі, не памятае. Працягвае:

— Тады, у канцы снежня, быў моцны галалёд. Машыну Каця кінула ў дру­гой паласе, на скрыжаванні Пляхан­ава — Ракасоўскага. Аварыі там не рэдкасць. Ведаў, што мне за руль нельга, але спалохаўся за жыццё іншых людзей: раптам нехта ўдарыцца ў мой Peugeot… Завёўся, праехаў метраў пяць, прыпаркаваўся ў правую паласу і адразу выйшаў.

Аляксандр за­пэўнівае ўсіх прысутных на судзе: ехаць ён нікуды не збіраўся, а за руль сеў толькі дзеля добрай справы. Зрэшты, гэта ж зафіксаваў відэа­рэгістратар ахоўнай службы — яе супрацоўнікі выпадкова апынуліся непадалёк. Сведкі адзначаюць, што машына праехала зусім няшмат і адразу стала ў калону аўто каля абочыны. Але факт ёсць факт: сеў п’яным за руль — цяпер адказвай за ўчынак.

Падсудны раскайваецца, просіць моцна не караць. Пра тое ж просіць і маці Аляксандра. Пажылая жанчына скардзіцца на здароўе: перанесла некалькі складаных аперацый, трэба будзе яшчэ легчы пад нож хірурга. Сын — адзіны карміцель у сям’і, незаменны памочнік па доме. «Я ж у магазін нават сама схадзіць не магу. Усё ён, родны мой. Чулы, добры чалавек, — ледзь паспявае выціраць слёзы. — Не судзіце строга».

Пазней жанчына тлумачыць: у сям’і цудоўна разумелі, што бяспраўніку вадзіць машыну нельга. Ключ ад аўто ўладальніца заўсёды трымала ва ўласным сейфе, але ў той дзень аддала яго сыну, каб ён прывёў у парадак салон. Марафет трэба было навесці, каб прадаць Peugeot — патрэбны былі грошы на дарагія лякарствы.

У якасці доказу адвакат падала фота скрыжавання: маўляў, пакідаць машыну ў той паласе было вельмі рызыкоўна, маглі пацярпець іншыя людзі.

Суд выслухаў усіх і прыняў рашэнне: 28-гадоваму хлопцу прысудзілі два гады ў папраўчай ка­лоніі-пасяленні. І гэта плюс да кан­фіскацыі аўто і вялізнага штрафу на суму ў 500 (!) базавых велічынь — суд улічыў той факт, што Аляксандр не пагасіў папярэднюю вялікую суму.

Аляксандр Дымант, начальнік АДАІ Ленінскага РУУС Мінска, аналізуе леташнюю статыстыку: «У раёне зарэгістравана 60 ДТЗ, учыненых у стане алкагольнага ап’янення. У параўнанні з 2015 годам лічба знізілася на 11 выпадкаў. За кіраванне транспартным сродкам у нецвярозым стане затрыманы 233 вадзіцелі — гэта на 12,4% менш, чым у папярэднім годзе. У выпадку з так званымі паўторнікамі лічба ў параўнанні з 2015 годам знізілася на 57,9%».

Даследаванні паказваюць, што алкагольнае ап’я­нен­не істотна зніжае рэакцыю аўтамабіліста і павышае верагоднасць здзяйснення ДТЗ у 55 разоў. Менавіта таму на працягу дзесяці апошніх гадоў мы ідзём па шляху ўзмацнення жорсткасці пакарання для нецвярозых вадзіцеляў. «Час паказаў, што гэтыя меры апраў­дваюць сябе», — пад­крэс­ліваюць у ДАІ.

Станоўчае змяненне статыстыкі звязваюць з тым, што людзі сталі менш рызыкаваць, баючыся незапланаваных грашовых расходаў. За першы факт п’янага кіравання максімальны штраф павялічыўся да 100 базавых велічынь. Тых, хто аднойчы ўжо спатыкнуўся, ад паўторнай памылкі павінна спыніць пагроза крымінальнай адказнасці аж да пазбаўлення волі тэрмінам на 3 гады або штрафу ў памеры 1 тысячы базавых велічынь. Таксама ўзмоцнена крымінальная адказнасць нецвярозых вадзіцеляў, па чыёй віне ў выніку аварыі пацярпелі ўдзельнікі дарожнага руху. У выпадку гібелі людзей можна пазбавіцца волі на тэрмін да 10 гадоў.

КАМПЕТЭНТНА

Каля 12% затрыманняў п’яных вадзіцеляў адбыліся дзякуючы паведамленням відавочцаў у службу 102. Ганна Банадык, старшы інспектар па асобых даручэннях упраўлення Дзяржаўтаінспекцыі МУС, адзначае тэндэнцыю: «Людзі становяцца больш свядомымі, і гэта вельмі радуе. Цяпер званок у міліцыю не расцэньваецца як жаданне «здаць і падставіць» вадзіцеля, а як спроба выратаваць чыё-небудзь жыццё».

Па статыстыцы УДАІ МУС, у мінулым годзе п’яныя вадзіцелі здзейснілі 364 ДТЗ (мінус 26,8% у адносінах да 2015 года), у якіх загінула 79 чалавек і  паранена 413 (мінус 36,3 і 30% адпаведна). Лічбы зніжаюцца, тым не менш праблема барацьбы з п’янствам за рулём усё яшчэ вельмі актуальная.

ypopko@bk.ru

Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?