Каб захаваць цяпло, школы “круцяцца” па-рознаму

Вось бы гэту школу ўзяць ды ўцяплiць

Якая школа не марыць аб рамонце? Хіба што новая. И не проста аб афарбоўцы сцен, бо «касметыку» робіць кожная з іх перад пачаткам навучальнага года, але і пра тое, каб гэтыя сцены яшчэ і захоўвалі цяпло і святло, эканомячы энергазатраты? Думаю, пытанне рытарычнае. Але вось ці шмат школ могуць сабе гэта дазволіць? Бо простай заклейкай вокнаў у энергаэфектыўнай працы не абысціся.

Уцяпленне сцен, замена вокнаў, асвятлення і многае іншае
абышлося, напрыклад, школе № 4 Дзяржынска ў больш
чым 10 мільярдаў недэнамінаваных рублёў

Школы вырашаюць гэтую задачу па-рознаму. Камусьці пашчасціла паўдзельнічаць у міжнародным праекце, выйграць грант, пераканаць мясцовыя ўлады ў неабходнасці энергаэфектыўных мерапрыемстваў. Камусьці — правесці капітальны рамонт. Але ж далёка не ўсім. А без грошай, на жаль, нічога не атрымаецца — уцяпленне сцен, замена вокнаў, асвятлення і многае іншае абышлося, напрыклад, школе № 4 Дзяржынска ў больш чым 10 мільярдаў недэнамінаваных рублёў. Частка з іх — міжнародныя сродкі, яшчэ частка — грошы з мясцовага бюджэту. Дазволілі б яны самі сабе такія затраты? Наўрад ці.

Загадчык кафедры энергетыкі БДАТУ эксперт праекта ЕС/ПРААН «Энерга-     эфектыўнасць у школах» Віктар Карацінскі, які вывучаў стан у дзясятцы школ Міншчыны, называе яго сярэднім. І тлумачыць гэта, у першую чаргу, адсутнасцю фінансаў. Хоць, па яго словах, некаторыя ўстановы не выратоўваюць і падораныя спонсарамі шклопакеты, паколькі тыя састарэлі, а такім чынам энергазберагальнага эфекту ад іх нуль.

«Мы даследавалі ў шэрагу школ Міншчыны асвятленне, сістэму вентыляцыі — агульную і кухонную, уключаючы кухоннае абсталяванне, — распавядае эксперт, — спартзалы, майстэрні і цеплавыя вузлы. Амаль 50 працэнтаў энергастрат «цягне» абсталяванне кухні, таму што яно энергаёмістае і «круціцца» па 8—10 гадзін у суткі. Там увесь час нешта падаграваецца, разаграваецца. Што тычыцца прытокавай вентыляцыі на кухні, як правіла, яна не працуе нідзе. А вось выцяжкі працуюць, але слаба. Усё гэта значна пагаршае цеплавы рэжым».

Вядома, энергазберагальныя мерапрыемствы — лепшае выйсце. Але, па словах Віктара Карацінскага, часам невысокая энергаэфектыўнасць школ у тым ліку пытанне нізкай пісьменнасці. Напрыклад, адным з галоўных нараканняў экспертаў падчас праверак стала арганізацыя асвятлення ў школьных класах. «Так, замест лямпачак напальвання ставілі энергазберагальныя, а ніхто не ацэньваў узровень асветленасці на працоўных паверхнях, — робіць заўвагу спецыяліст. — Калі мы правяралі класы, дзесьці асвятленне аказвалася вышэй нарматыву, што таксама дрэнна, а дзесьці, наадварот, яго не хапала. Існуе ж яшчэ дзённы складнік святла. Сядзіш ля акенца, а святло ўсё роўна трэба ўключаць. Чаму? Таму што вокны заштораныя, шторы прыгожыя, але светанепрабіўныя, шмат кветак. На жаль, часам прыгажосць і энергаэфектыўнасць — паняцці несумяшчальныя».

Па словах Віктара Карацінскага, без асаблівых намаганняў у школах можа быць цяплей, калі вызваліць батарэі ад дэкаратыўных рашотак. «З імі аб батарэях можна забыцца, — перакананы ён, — яны не працуюць, таму што з-за экранавання такая батарэя будзе грэць не памяшканні, а сцяну». Ёсць, па яго словах, нараканні на сістэму асвятлення ў спартзалах. Бо варта толькі пафарбаваць іх не ў сіні або блакітны колер, як гэта прынята, а ў белы, і ў спартзале без вялікіх намаганняў стане значна святлей.

veraart14@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter