За месяц працы ў Турцыі Дзяніс Кіцель з Брестчыны акальцаваў каля 3 тысяч птушак

Вольны арнітолаг

За месяц працы ў Турцыі Дзяніс Кіцель з Брестчыны акальцаваў каля 3 тысяч птушак
Ураджэнец Маларыты Дзяніс Кіцель, без сумнення, шчаслівы чалавек: ён займаецца тым, што яму падабаецца з дзіцячых гадоў, — вывучае братоў нашых меншых. Скончыў біяфак Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, затым — магістратуру ва ўніверсітэце Алгарвэ (Партугалія). Працаваў у грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Цяпер — “свабодны арнітолаг” і актыўны абаронца прыроды. 


У перапынках паміж падарожжамі, заўсёды звязанымі з назіраннямі за птушкамі, жыве ў Мінску. Займаецца вывучэннем соў, якія гняздуюцца ў штучных гняздоўях, піша артыкулы на прыродаахоўныя тэмы. Сёлета “паміж справай” адкрыў новы для Беларусі від птушак — пеначку-зарнічку — і перамог у чэмпіянаце па спартыўнай арніталогіі. Да сваіх 27 гадоў пабываў у больш як 20 краінах. Мінулым летам спіс тых краін папоўнілі Грузія, дзе праходзіў фестываль бердвотчараў (ад ангел. birdwatching — назіранне за птушкамі) і куды Дзяніса запрасілі расказаць пра досвед Беларусі ў галіне экалагічнага турызму, і Турцыя, дзе беларускі арнітолаг працаваў галоўным кальцавальнікам птушак на адной са станцый у паўночна-ўсходняй частцы краіны (пойма ракі Арас).
Досвед работы на гэтай станцыі Дзяніс лічыць бясцэнным. Станцыя сама па сабе цікавая — працуюць на ёй выключна замежнікі. У Турцыі проста няма прафесійных арнітолагаў-кальцавальнікаў, якія маюць ліцэнзію на такі від дзейнасці, таму арганізацыя Kuzey Doga кожны год запрашае спецыялістаў з іншых краін. Наш зямляк змяніў на гэтай пасадзе арнітолага з Балівіі, які жыве цяпер у Іспаніі. Разам з беларусам на станцыі адначасова працавала самае большае пяць чалавек, з іх толькі адзін прафесійны арнітолаг — наш Дзяніс.

Станцыя кальцавання Kuzey Doga размешчана ў даліне паміж горамі, прыкладна за 5 км ад мяжы з Арменіяй. Жылі яны ў вёсцы за паўкіламетра ад арніталагічнай станцыі, якой мясцовыя ўлады перадалі ва ўласнасць вясковы домік. Адыходзілі на станцыю прыкладна за паўгадзіны да світання і зацемна вярталіся. У абавязкі Дзяніса ўваходзіла вызна­чыць відавую прыналежнасць птушак і акальцаваць. У сярэднім у дзень удавалася адлавіць каля 100 птушак. За месяц работы на станцыі арнітолаг з Брэстчыны “падарыў колцы” прыкладна 3 тысячам птушак!

Ну а па начах, калі, падавалася, пасля такой нагрузкі заставалася толькі спаць сном немаўляці, Дзяніс хадзіў лавіць соў. Гэтыя начныя драпежнікі — яго даўняя любоў, і ўпусціць магчымасць пазнаёміцца бліжэй з іх мясцовымі прадстаўнікамі ён ніяк не мог. 

“Я бываў на многіх станцыях кальцавання ў розных краінах, — расказвае Дзяніс. — Але Турцыя — асаблівае месца. І справа не толькі ў тым, што тут нямала відаў птушак, якія ў Беларусі не сустракаюцца, і гэта для мяне вельмі карысны досвед”.  

Алена Трыбулева


Крылатая каралева

Птушкай 2015 года ў Беларусі абвешчана вушатая сава 

Летась у цэнтры ўвагі была зязюля, якая накукавала нам шмат чаго цікавага. Але ж сёлета да птушы­нага трона даляцела вушатая сава — менавіта яе абвясціла галоўнай гераіняй 2015 года грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. 

Photo: BelTA

Нацыянальная кампанія “Птушка года” ладзіцца ў Беларусі з 2000 года, нагадала супрацоўнік па развіцці АПБ Карына Салавей: 

— Галоўная мэта — прыцягнуць увагу насельнiцтва да хараства прыроды і птушак, якія жывуць вакол нас, неабходнасці іх захавання. Мерапрыемствы праходзяць на працягу ўсяго года і даюць магчымасць прыняць удзел у нашых акцыях людзям самага рознага ўзросту. 
Сябры клуба АПБ “Рэдкая птушка” патрапяць на сапраўдную савіную экскурсію. Сярод прыродаахоўных мерапрыемстваў — пошук месцаў гнездавання вушатай савы, вывешванне штучных гнёздаў. Рыхтуюцца інфармацыйныя матэрыялы, якія датычацца гэтай птушкі. Самых маленькіх удзель­нікаў кампаніі чакаюць конкурсы малюнкаў, фотаздымкаў, вырабаў з прыродных матэрыялаў і іншыя. 

— Наш досвед паказвае, што вушатыя совы добра адгукаюцца на біятэхнічныя мерапрыемствы — займаюць штучныя гнёзды. Таму АПБ будзе ладзіць шмат акцый па іх будоўлі. І навучым гэтаму ўсіх жадаючых, — падзяліўся планамі спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях АПБ Сямён Левы. 
Актыўную падтрымку кампаніі заўсёды аказваюць Мінпрыроды і Міністэрства адукацыі. Сумесна з Нацбанкам і Белпоштай плануецца традыцыйны выпуск манеты і маркі з выявай птушкі года. 
Раней птушкамі года выбіраліся белы бусел, белая пліска, авяльга, дамавы верабей, гарадская ластаўка, барадатая кугакаўка, кнігаўка, звычайны салавей, вялікая белая чапля, шэрая гусь, сокал-пустальга, вялікі кулён, чорны свіргуль, удод, зязюля.

10 цікавых фактаў пра вушатую саву 

* Апазнавальныя “вушкі” з пер’я гэтай савы не маюць нічога агульнага з вушамі. Сапраўдныя яе вушы ўбачыць няпроста, бо яны схаваныя пад пер’ем. 

* Вушатая сава — адзін з 11 відаў соў, якія гняздуюцца ў Беларусі. 

* Па звестках кальцавання, самая старая вушатая сава пражыла 29 гадоў і 9 месяцаў. 

* Гэтая сава можа паварочваць галаву на 270 градусаў! 

* Як і іншыя віды соў, вушатая не будуе гнязда. “Арэндадаўцамі” для яе выступаюць гракі, шэрыя вароны і сарокі. Гняздо павінна быць добра схавана ў густой кроне дрэва. 

* Вушатая сава з вялікай ахвотай засяляе штучныя гнёзды. 

* У Беларусі вушатыя совы зімуюць. На месцах зімовак яны збіраюцца шматлікімі кампаніямі. Чароды па 8-12 соў — звычайная з’ява, але здараецца, што ў адным месцы збіраюцца да 30 і болей птушак, якія знахо­дзяцца ў дзённы час побач, нярэдка на адным дрэве. 

* Сваімі вострымі “вушкамі” з пер’я рознай даўжыні і ярка-аранжавай афарбоўкай радужнай абалонкі вока вушатая сава вельмі нагадвае зменшаную копію пугача. 

* Ворагаў у вушатай савы няшмат. Найбольшую небяспеку для яе прадстаўляе пугач, не супраць пачаставацца жыхарамі савінага гнязда і куніца. 

* У лапы да вушатай савы трапляюць выключна мышападобныя грызуны, асабліва шэрыя палёўкі. Каб схапіць адну ахвяру, саве трэба зрабіць па 2-3 кідкі, а пры моцным ветры ці дажджы эфектыўнасць палявання зніжаецца ў 2-3 разы. 
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter