Дзедавым інструментам дабудаваў бацькоўскі пяцісценак уздзенскі механізатар Аляксандр Луцэвіч і жыве тут па ўсіх сялянскіх правілах

Вокнамi ў сад

ВЫПУСКНІК Магільнянскай сярэдняй школы Уздзенскага раёна Аляксандр ЛУЦЭВІЧ здзівіў аднакласнікаў і настаўнікаў, калі пасля атрымання атэстата сталасці, у якім красаваліся толькі добрыя і выдатныя адзнакі, сеў за руль калгаснага трактара. Аднагодкі, што разам з ім спасцігалі ў міжшкольным вучэбным камбінаце прафесію трактарыста-машыніста, падаліся ў сталіцу шукаць гарадское шчасце.

Рашэнне Аляксандра было цвёрдым. Механізатары уздзенскай гаспадаркі “Звязда” дапамаглі адрамантаваць старэнькі “МТЗ-50”, на якім да канца лета вазіў з лугоў сянажную масу ў траншэі. Увосень разворваў бульбу.

Усім калгасам праводзілі юнака ў армію. Адслужыў у Групе савецкіх войскаў у Германіі і вярнуўся дамоў. Закончыў курсы вадзіцеляў і перасеў на аўтамабіль “ГАЗ-52”. Зімою возіць канцэнтраты на жывёлагадоўчыя фермы гаспадаркі, а летам нарыхтоўвае кармы і ўбірае збажыну.

З жонкай Ганнай Міхайлаўнай выхавалі сыноў Дзмітрыя і Сяргея. Неаднаразова выходзіў пераможцам раённага і абласнога спаборніцтваў на жніве. Адзначаўся ганаровымі граматамі Мінскага аблвыканкама і Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Летась удастоены медаля “За працоўныя заслугі”.



НАВІНА пра сватаўство маладзенькай Ярыны Вайцяховіч з Яўгенам Луцэвічам з суседняй вёскі Тоўсты Лес імгненна абляцела невялікую уздзенскую вёсачку Літва. Сустракалі сватоў, як і належыць, хлебам-соллю. Былы франтавік Емяльян Вайцяховіч радаваўся, што дачакаўся вяселля дачкі, бухгалтара ў калгасе. Адгулялі вяселле, і нявестка Ярына папоўніла сям’ю Луцэвічаў. Цеснавата было ў невялікай хатцы. Маладыя перабраліся да знаёмай адзінокай сялянкі ў вёску Стальбоўшчына. Адрамантавалі дах і сенцы, пасадзілі некалькі яблыняк і груш. Яўген Луцэвіч узначаліў паляводчую брыгаду ў калгасе “Зарэчча”. 

Нарадзіўся першынец Васілёк, а за ім і дачушка Аленка і самы меншы — Саша. Падрасталі дзеці, пераймалі ў бацькоў сялянскі побыт. Хлопчыкі адпасвалі чаргу кароў, разам з бацькам у нёманскай пойме касілі травы, вывозілі з лесу дровы. Дачушка была памочніцай у маці.  Бабуля Соня, якая даіла калгасных кароў, унукаў песціла, частавала іх салодкімі прысмакамі. Як выдаваўся вольны час, вадзіла па грыбных мясцінах. З поўнымі кошыкамі вярталіся дамоў. Нанізвалі на моцныя, звітыя з ільну ніткі мерныя баравічкі. І чарніцы насілі з лесу. На гарачым чаране ў печы вялілі іх і дасушвалі на сонцы. 

Малодшы сын Саша любіў назіраць, як дзядуля Емяльян спрытна габляваў смалістыя дошкі. Былы франтавік быў цудоўным цесляром. Лёгка працаваў з рубанкам і сякерай. Рамантаваў сялянскія хаты, гонтамі крыў дахі, майстраваў сасновую сталярку. Прывучаў да цяслярства і кемлівага ўнука. З дзедавай лёгкай рукі ўсё атрымлівалася ў падлетка. Першую самастойна змайстраваную шпакоўню Саша прымацаваў да старой яблыні. З невялікіх дошак збіваў зэдлікі, іншыя простыя сталярныя вырабы. І ў школе-васьмігодцы старанны хлапчук быў у ліку лепшых. Першым здаваў сшытак з кантрольнай работай па матэматыцы і геаметрыі. Любіў і ўрокі гісторыі, што цікава праводзіў класны кіраўнік Іван Міхалькевіч. Калі Іван Рыгоравіч расказваў пра гераізм савецкіх людзей у барацьбе з нямецка-фашысцкімі акупантамі, урок абагачаўся незабыўнымі ўспамінамі франтавіка пра перажытае на вайне. Настаўнік хіміі Пётр Маліноўскі заўжды самыя адказныя доследы давяраў Аляксандру Луцэвічу. Нямецкую мову выкладаў член Саюза пісьменнікаў Беларусі Васіль Гурскі. 

Старэйшы брат Васіль пасля Стальбоўшчынскай васьмігодкі паступіў у Мар’інагорскі сельскагаспадарчы тэхнікум і вярнуўся спецыялістам у родны калгас. Сястра Алена падалася ў сталіцу. Аляксандр застаўся з бацькамі. Паспяхова закончыў Магільнянскую сярэднюю школу. Разам з атэстатам сталасці атрымаў і пасведчанне трактарыста-машыніста. 

– УСІМ юнакам з нашага выпуску ўручылі пасведчанні механізатараў, — адзначае Аляксандр Луцэвіч. – Два гады ў вучэбна-вытворчым камбінаце займаліся ў вопытных спецыялістаў. На летніх канікулах трактарам абганяў бульбу ў брыгадзе, якою кіраваў бацька. Агранамічнай службай гаспадаркі кіравала жонка старшыні Соф’я Жукавец. Адчувала поле Соф’я Аляксандраўна. Ніколі не спазнялася з сяўбою ці ўборкай. Хваліла мяне за стараннасць. І ад бацькі чуў прыемныя словы. Цвёрда вырашыў пасля школы застацца ў калгасе. Да восені працаваў на трактары. Атрымаў павестку  ў армію. Паўгода вучэбкі ў Свярдлоўскай вобласці і служба ў Групе савецкіх войск у Германіі. Наша часць размяшчалася ў невялікім гарадку Пельлебер. Здзіўляла, як немцы каля сваіх дамоў венічкам падмяталі, да зімы ўсё акуратна прыбіралі. Толькі цяпер у нашых мясцінах такое ўбачыш. Пасля службы ў арміі нават у чыстым полі не кіну акурак. І сыноў сваіх так выхоўваў. Старэйшы Дзмітрый закончыў Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію і працуе інжынерам у Мінску. Сям’ю займеў. Вось толькі жылля няма. Сяргей пайшоў па маіх слядах. Адслужыў у арміі, закончыў курсы вадзіцеляў і працуе дальнабойшчыкам. Месяцамі курсіруе па дарогах Еўропы. 

— Мо некалі бацьку заменіць у гаспадарцы?

— Калгасную працу сыны пазналі змалку. Працавалі памочнікамі ў мяне на жніве. Пасля школы выбралі кожны свой жыццёвы шлях. Я па-ранейшаму зімою дастаўляю з Пухавіцкага і Слуцкага хлебакамбінатаў камбікармы на жывёлагадоўчыя фермы, а летам перасаджваюся на кормаўборачны і зернеўборачны камбайны. Убіраць збожжавыя пачынаў на камбайне “Дон”, а потым перасеў на замежны “Лексіён”. Апошнія некалькі сезонаў з іншымі памочнікамі працаваў на хлебнай ніве. Летась дапамагаў былы аднавясковец Віктар Страмавус, які жыве і працуе ў Мінску, а на час летняга адпачынку прыязджае ў вёску. Камбайн не новы. Здараліся ў полі паломкі. Самі спраўляліся з рамонтам. Збожжавы клін у гаспадарцы звыш тысячы гектараў. Шэсць камбайнаў штогод выходзяць у поле. Нагрузка вялікая. На некаторых палях намалочвалі па 50 цэнтнераў пшаніцы з гектара. Ад валавога намалоту залежыць наш заробак. У непагадзь рамантавалі камбайны, праводзілі тэхагляд. Пасля жніва закансервавалі “Лексіён” і толькі вясною прыступім да падрыхтоўкі яго да новага сезона. Высокія цэны на запчасткі. Дорага рамантаваць у спецыялізаваных цэнтрах. Што можам, самі спраўляемся. Усё гэта бачылі сыны, і вяртацца ў вёску ў іх пакуль няма жадання. Тут засталіся толькі старыя і тыя, каму не ўдалося прыладзіцца ў горадзе. Шукаюць лёгкае жыццё. Каб займець гарадское жыллё, патрэбны вялікія сродкі. Сын Дзмітрый палову заробку аддае за здымную кватэру. Прапісаны ў нас. 

— Што адштурхнула сыноў ад вёскі?

— Цяжкая праца. Але заробкі ў нас не меншыя, чым у горадзе. У зімовыя месяцы атрымліваем па шэсцьсот і болей рублёў, а летам на нарыхтоўцы кармоў ці жніве ў тры разы больш. Сёлета намалаціў каля тысячы тон зерня, а летась каля дзвюх тысяч тон. На абласных “Дажынках” у Вілейцы атрымаў ганаровую грамату Мінскага аблвыканкама і падарунак. 

— Аляксандр Яўгенавіч, якая падзяка за працу для вас самая памятная?

— Турыстычная пуцёўка ў Крым, якую атрымаў пасля службы ў арміі. Хадзілі на экскурсіі па Сімферопалі і Севастопалі, Наварасійску і Керчы. У адным вагоне са мною была дзяўчына Ганна Ахрыменя, якая працавала дыспетчарам у суседняй гаспадарцы “Новае жыццё”. Гэтая крымская вандроўка аб’яднала нашы лёсы. Вясною наступнага года пажаніліся. Два дні гулялі вяселле ў яе вёсцы Сямёнавічы. Застаўся ў нявесты прымаком. Цеснавата было, і перайшлі жыць у старэнькую хацінку жончынага дзеда Мікалайкі. Адтуль ездзіў штодня на працу ў калгас “Зарэчча”. 

Калі мой бацька аўдавеў, вярнуўся з маладою гаспадыняй да яго ў вёску Стальбоўшчына. Ганна даіла карову, каля печы ўпраўлялася. Працавала на паштовым аддзяленні, а як закрылі яго, пайшла даглядаць цялят у акцыянернае таварыства “ААБ-Агра Кухцічы”. Дапамагаю ёй на ферме і дома.

— У маладыя гады вандравалі. А цяпер дзе праводзіце водпуск?

— Адпачываць далёка ад дому не атрымліваецца. Сямейныя клопаты не адпускаюць. Ездзім з калектывам на канцэрты ў Мінск. Адпачынак бяру зімою і звычайна дровы назапашваю. І сёлета выпісаў у лясніцтве лес і ездзіў пілаваць яго. Перавёз да сядзібы. Прыедуць сыны і дапамогуць пакалоць, скласці дровы. 

Раней трымалі карову. Цяпер на ўсю вёску ніводнай няма. Маладыя не хочуць заклапочваць сябе доглядам жывёлы, а пенсіянерам цяжка спраўляцца. Гадуем толькі кабанчыкаў. Аднаго з іх прадаём і дапамагаем сям’і сына Дзмітрыя. 

Многія маладыя сем’і нашых механізатараў, жывёлаводаў, спецыялістаў жывуць у катэджах. Трымаюць свіней і птушку. Гаспадарка выдзяляе зерне для фуражу. За жніво сёлета атрымаў тону збожжа. 

— Аляксандр Яўгенавіч, зімовыя дарогі небяспечныя. Частыя завеі, галалёдзіца. 

— Вадзіцелю лягчэй з вясны да восені, калі асфальт чысты. Зімовая дарога патрабуе асаблівай пільнасці. За трыццаць адзін год працы змяніў некалькі грузавікоў. Міжволі ў час руху пракручваю перажытае, узгадваю мінулае. Аднакласнікі кінуліся ў горад. Зорак з неба не дасталі. У выхадныя да бацькоў з сумкамі за харчамі ляцелі. Мы з жонкаю сваіх бацькоў дагледзелі, сыноў выхавалі. І малодшы Сяргей хутка жэніцца. З нявестай нас пазнаёміў. 

— Дом у вас прасторны? Ёсць дзе прымаць сем’і сыноў?

— Да бацькоўскага драўлянага пяцісценка сваімі рукамі прыбудаваў мураваную частку. Дзедавым цяслярным інструментам сталярку вырабіў. Цёпла і ўтульна ў доме, які вокнамі глядзіць на сад, што некалі пасадзіў бацька. Тут растуць яблыні, грушы, слівы, вішні. На адной грушы некалькі сартоў прышчэплена. Сакавітыя і смачныя плады. Амало- джваю сад моднымі зараз пальметнымі саджанцамі. Жонка ў кветніку выса- джвае вясною вяргіні, гладыёлусы, астры. 

Многія сядзібы ў Стальбоўшчыне і навакольных уздзенскіх вёсках выкупілі мінчане, і з вясны да восені тут бурліць дачнае жыццё. 

— Усе свае пяць дзясяткаў гадоў вы ў вёсцы. Кажуць, што жыццё – стомленасць, якая расце з кожным крокам. Вы гэта адчуваеце?

— У душы яшчэ бушуе маладосць. Пакуль стомленасці не заўважаю. Пэўна, жыццё не ў тым, каб жыць, а ў тым, каб адчуваць, што жывеш. З майго мінулага ў сэрца запалі адчуванні тых дзён, як нараджаліся сыны, я служыў у арміі. Працаваць і працаваць яшчэ, бо да пенсіі больш за дзесяць гадоў. 

— Што не паспелі ў жыцці?

— Усё як быццам ідзе па плане. Жывём з жонкаю Ганнай Міхайлаўнай чаканнем першага ўнука і спадзяваннем, што не стане чужым дачным участкам наша спадчынная сядзіба.

Уздзенскі раён

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter