Вокнамі ў сусвет

На Глушчыне адкрыты дом пражывання для дзяўчынак

Веснаўскі дом-інтэрнат Глускага раёна стаў сапраўды ўтульным для яго выхаванцаў

Пра гэта сведчыць адкрыццё дома свабоднага пражывання для дзяўчынак. Яго насельніцы цяпер размешчаны па двое ў пакоі. Усяго такіх пакояў шэсць. Яны па-рознаму аздоблены. Ёсць тэлевізары, камп’ютары, іншая бытавая тэхніка, свая кухня, пральня… Дзяўчынкі будуць абслугоўваць сябе самі і хутчэй адаптуюцца да дарослага жыцця.

Гэта ўжо другі дом такога тыпу ў інтэрнаце. Першы быў створаны раней для хлопчыкаў. Дзяўчынкі зайздросцілі: вось бы і нам такое жыллё!

Узводзіўся дом на сродкі ірландскай дабрачыннай арганізацыі «Праект дапамогі дзецям Чарнобыля». Не дзіва, што разам з намеснікам міністра працы і сацыяльнай абароны краіны Валянцінай Каралёвай, намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерыем Малашкам, епіскапам Бабруйскім і Быхаўскім Серафімам у цырымоніі адкрыцця новага камфортнага жылля прыняў удзел яе выканаўчы сакратар Эдзі Роўч.

У адрас ірландскіх сяброў было выказана нямала добрых слоў. Ужо адзінаццаць гадоў яны падтрымліваюць сувязь з домам-інтэрнатам: спачатку завозілі абсталяванне, інвентар, а потым узяліся за будаўніцтва дамоў для яго выхаванцаў. Апрача таго, у Глуску з’явіўся так званы ірландскі дом, дзе размясцілася аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў.

Трэба аддаць належнае кіраўніцтву дома-інтэрната і абслуговаму персаналу, якія ўсё больш абапіраюцца на ўласную базу. Так, на сваім 50-гектарным вытворчым участку вырошчваюць у дастатковай колькасці бульбу, гародніну, прадукцыю раслінаводства. На ферме каля ста галоў свіней, што дазваляе на працягу ўсяго года мець сваё сала і мяса. Нядаўна абсталявалі сталярную майстэрню, дзе дванаццаць выхаванцаў вырабляюць табурэткі і іншую мэблю. Не толькі для сябе, але і на продаж.

Мы бачылі цікавыя швейныя і керамічныя вырабы дзяцей. Слухалі пра захапляльныя паходы па бліжэйшых мясцінах: у лес, да ракі… Гэта не толькі добрая зарадка, але і абуджэнне натхнення.

Сёння дом-інтэрнат, па агульным прызнаннi тых, хто ў ім пабываў, выглядае вельмі ўтульным. А яго дырэктар Вячаслаў Клімовіч прызнаны «Чалавекам года-2011 Магілёўскай вобласці».

На здымку: адкрыццё дома свабоднага пражывання для дзяўчынак.

Фота: Вячаслаў КЛIМОВIЧ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter