Водная феерыя

Сезон фантанаў адкрыецца ў беларускай сталіцы 30 красавіка

Сезон фантанаў адкрыецца ў Мінску 30 красавіка.

— Падрыхтоўка праводзіцца ў напружаным рэжыме, умовы надвор’я перашкодзілі пачаць работы раней, — гаворыць намеснік начальніка тэхнічнага аддзела УП «Мінскзелянбуд» Васіль Луферчык. — Пачалася ўжо расчыстка фантанаў, ўстанаўліваюцца помпы.

Акрамя гэтага, зараз праходзіць рэканструкцыя фантана «Купалле» ў парку імя Янкі Купалы. Усё неабходнае абсталяванне закуплена. Абноўлены фантан парадуе жыхароў і гасцей сталіцы ўжо ў гэтым сезоне. Будзе рэканструяваны і фантан «Хлопчык з лебедзем» у Аляксандраўскім скверы.

— Узгадняецца адпаведны праект, вырашаецца пытанне з фінансаваннем, рэканструкцыя пачнецца ў гэтым годзе, — растлумачыў Васіль Луферчык.

На балансе УП «Мінскзелянбуд» 30 фантанаў. Акрамя таго, уласныя фантаны ёсць у прадпрыемстваў і арганізацый горада. Кожны з іх асаблівы. Самы буйны па памеры — фантан каля тэатра оперы і балета. Каб запоўніць яго, патрабуецца больш за 300 тыс. літраў вады.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter