Водгулле вайны не пакідае памяць

У  роздуме «Некалькі прыгаршчаў фасолі» («СГ» ад 12 чэрвеня) пра кнігу Ізяслава Катлярова «Побег из детства» я спыніўся толькі на некаторых сітуацыях з пасляваеннага жыцця хлопчыка Лёшкі, якія фарміравалі яго светапогляд. А іх было шмат. І ў кожнай хлопчык, як і яго сястрычка, ды і іх равеснікі, сутыкаўся з рознымі людзьмі. І добрымі, і не вельмі. А што дзеці засталіся жывымі і ў акупацыі, і на не занятай ворагам тэрыторыі, дык, вядома ж, дзякуючы маці (бацькі ваявалі) і дапамозе добрых людзей. Фашысты нікога не шкадавалі, дзяцей таксама, а на неакупаванай тэрыторыі малых падсцерагалі голад і холад, хваробы. Здаралася, да непапраўнага даводзілі свавольствы з мінамі, снарадамі, зброяй, якія раптам траплялі ім у рукі. А маці ў тыле ворага, і там, дзе яго не было, самі знясіленыя голадам, аддавалі сваім і чужым дзецям апошняе, былі гатовы памерці, каб толькі яны жылі.

Калі, напрыклад, канкрэтна пра маці пісьменніка Ізяслава Катлярова. Звяртаюся да таго часу, калі ён быў хлопчыкам, як і герой яго твора Лёшка, — у кнізе шмат асабістага і многае ў вобразе мамы персанажа ад матулі пісьменніка. Дык вось, калі вайна скончылася, Лёшка з сястрычкай прыходзяць у бальніцу, дзе ляжыць мама, бо ведаюць, што сёння яе выпісваюць. Але яна памірае… І цётка перадае дзецям ад мамы два драбочкі цукру, які яна зберагла ім.

Вось такое адно з незабыўнага, вечнага… А сёння знаходзяцца такія, хто імкнецца любымі спосабамі вытравіць з нас памяць пра гэта, як і пра многае іншае, перажытае тагачаснымі мамамі, дзецьмі і ўвогуле ўсімі нашымі людзьмі. Такое не вытравіць з нашай свядомасці. Як, напрыклад, апісаная ў творы рэальная гісторыя дзяўчынкі Сімачкі. Той, якая ў вайну «…видела, что упали в яму ее мать и старший брат». Той, якая «ночью пробралась к незарытой могиле», а потым «долго сидела над трупом матери» і «тормошила ее, просила встать». Той, якую раніцай «нашли там совсем безумной…» Але чужыя мамы, такія ж гаротныя, як Лёшкава і Фаінчына, спярша кармілі дзяўчынку, а потым ужо сваіх. А яны не разумелі, чаму спярша яе, і так «мучительно ждали» тыя першыя аладкі, якія яна падала Сімачцы. А калі, накарміўшы яе, сказала чаму — зразумелі на ўсё жыццё.

Упэўнены, зразумеюць і сённяшнія дзеці, чаму так рабіла Лёшкава і Фаінчына мама. Да і мы, дарослыя, растлумачым ім, калі трэба. Напрыклад, зразумелі ж некалі ў дзяцінстве я і мае яшчэ не сытыя пасляваенныя аднагодкі, калі нашы матулі аддавалі лепшыя кавалкі не нам, а нікому не вядомым дзецям адной гаротнай жанчыны. «Гэта дзеткам тваім, Бенька, — помню, казала мая мама. — А гэта табе, еш, еш…» Дзецям — у хатулёк, а ёй — на стол. А яна, амаль праз 10 гадоў пасля вайны, не гледзячы на сваю ежу, пыталася, ці не бачыў хто яе дзяцей… Затым клала і «сваё» ў торбачку да іхняга і казала: «Як павезлі іх немцы, так і сёння няма. А вайна ўжо скончылася. Шукаю-шукаю… Во і да вас зайшла. Можа, зблудзілі? Калі ўбачыце — накажыце мне».

Адказвалі: «Накормім, накажам ці прывядзём. А ты, Бенечка, чакала б іх у Будзе». (У вёсцы, недалёка ад нашага пасёлка, у добрых людзей жыла гэтая маці, якая ўвесь пасляваенны час шукала сваіх дзяцей. А людзі дапамагалі ёй, каб хоць трохі астудзіць яе боль. Яны не аддалі яе, адзінокую (муж загінуў), у казённы дом, дзе яна таксама была б дагле­джана, але страціла б надзею знайсці іх… І была ў гэтым вялікая людская мудрасць — не забіраць у маці надзею, што яе дзеці жывыя.

Дык што, і гэта сатром са сваёй памяці, каб дагадзіць тым, хто нас павучае, як жыць? Ды пры гэтым пагражае: маўляў, не падпарадкуецеся, давядзём да голаду, галечы, рэзруху. А там — і недалёка да крыві.

А як забыць і такое з асабістага? На нашым тады яшчэ бедным стале два невялікія боханы хлеба, якія з Буды нам, унукам, перадала бабуля. (У вайну яна ўратавала чужых дзяцей, выдаўшы за сваіх унукаў.) У хаце — суседка-ўдава, у якой трое дзяцей. Маці: «Наталка, адзін — табе, другі — нам. Яшчэ што пашукаю табе ў кладоўцы». Пакуль яна з’явілася з рэшатам нечага «знойдзенага», Наталка не ў памяці, амаль не жуючы, з’ела свой… Ды спахапілася: «А Любачка ты ма-а-я!.. А што ж я на-ра-бі-ла!.. Што ж я дзеткам пры-ня-су...» І маці — у плач ды абдымаць яе: «Нічога, гэты занясеш, — падае ёй другі ды рэшата са «знойдзеным». — Згаладалася ж ты сама. Не плач. Во, пакорміш дзяцей. Ёсць чым…»

Гэтага, каб і дзецям, і нам не было чаго есці, зычаць нам «клапатліўцы» пра нас?.. І пра такое сучасныя хлопчыкі і дзяўчынкі павінны ведаць ад нас, старэйшых, каб ні былое, ні сённяшняе не сцерлася з памяці. А калі размова пра літаратуру, дык абавязак пісьменнікаў усіх пакаленняў — пісаць і пра гэта. Тых, хто са сваім народам, — інакш, шэлег цана таму творцу, які не з ім.

Тут я нікому не стаўлю задачу. Права такога ў мяне няма. Я раздумваю. Бо водгулле вайны не пакідае мяне з дзяцінства, як і многіх з нас. І пераходзіць яно ў нясцерпны гул, калі чытаю «Побег из детства» Катлярова (твор пра дзяцей вайны ў пасляваенны час, пра іх матуль, пра добрых і іншых людзей) ды супастаўляю сённяшняе наша жыццё з іх тагачасным. І жудасна, калі бачу пакуты матуль далёкіх 1940—1950-х гадоў, іх дзяцей. І зноў і зноў уяўляю (хаця ніколі не забываў), як фашысты прымушалі маю маму атруціць хворую дачушку, маю сястрычку Зойку… (Маё апавяданне «Жыць тры дні» — своеасаблівае пацвярджэнне іх звярынай сутнасці.) І кажу, што такую задачу, пісаць пра былое, перад пісьменнікам, калі яму сапраўды дорага ўсё сваё, наша, агульнанароднае, ставіць памяць.

Гэта, ставіць памяць, не маё. Яно Уладзіміра Максімавіча Дамашэвіча, выдатнага пісьменніка, аўтара аповесці пра вайну «Кожны чацвёрты». Ён быў настаўнікам некалькіх пакаленняў празаікаў, сярод якіх і тыя, што дзецьмі перажылі вайну, і тыя, што нарадзіліся пасля і захавалі ў сабе яе водгалас. Задачу гэтую кожны з іх выканаў або выконвае па-свойму. Калі дзеці вайны, то, напрыклад, Міхась Стральцоў, Іван Капыловіч, Мікола Капыловіч, Алесь Дзятлаў, Ніна Маеўская, Леанід Калодзежны, Міхась Вышынскі, Міхась Болсун… І вядома ж, Ізяслаў Катляроў. А тыя, што пасля яе, — Алесь Жук, Васіль Гігевіч, Іван Пяшко, Міхась Пазнякоў, Васіль Ткачоў, Юлія Зарэцкая, Алесь Казека, Уладзімір Гаўрыловіч… Зрэшты, выканалі і выконваюць адпаведна свайму таленту і чалавечаму ўспрыняццю падзей. Безумоўна, многія з іх пры гэтым зыходзяць з уласнага ведання не толькі мінулага свайго роду, сям’і, а і ўсяго нашага, агульнанароднага. І ў многіх такіх творах, якія б падзеі ні апісваліся, абавязкова з’яўляецца вобраз маці дзяцей вайны. Або наогул вобраз Маці. Жанчын, якія і ў вайну, і ў нялёгкі пасляваенны час засланялі сваіх і чужых дзяцей ад бед, ратавалі ад холаду і голаду. Яны, маці гэтыя, — прадстаўніцы розных нацыянальнасцей, якія жылі і жывуць у адзінстве з намі на нашай зямлі.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter