Водары Моталя і ваколіц

У палескім мястэчку жыве шмат адметных майстроў. Цяпер у іх ёсць магчымасць прадстаўляць свае вырабы на “смачным” мясцовым фэсце, які мае міжнародны статус.Помніцца, раней менавіта ў Моталі шыліся прыгожыя і моцныя кажухі. І калі некаму з вяскоўцаў не пасавала канвеернае паліто, падаваліся да тамтэйшых краўцоў-шаўцоў. Шмат на Палессі таленавітых ткачых, рукадзельніц, ёсць гарбары і ганчары. І на фэсце “Мотальскія прысмакі” было нямала палатак з вырабамі народных умельцаў — з саломы, лазы, дрэва, скуры і гліны, нядорага прадаваліся нават старадаўнія саматканыя ручнікі і пакрывалы. Сёння прыярытэты ў адзенні, побытавых рэчах, вядома ж, становяцца іншымі, але людзей майстравых ды працавітых у мястэчку, як бачна, не стала меней. Там, нагадаю, жыве больш за чатыры з паловай тысячы чалавек. З крэатывам у маталян па-ранейшаму ўсё ў парадку. Ну прыдумалі ж менавіта там, у Іванаўскім раёне Брэстчыны, ладзіць фэст “Мотальскія прысмакі”. Пяты раз гудзела, спявала нядаўна свята, якое мае статус міжнароднага. А заадно маталяне шырока адзначылі і 590-годдзе роднага паселішча.
Прыгожым атрымалася шэсце творчых гуртоў па мотальскіх вуліцах
У палескім мястэчку жыве шмат адметных майстроў. Цяпер у іх ёсць магчымасць прадстаўляць свае вырабы на “смачным” мясцовым фэсце, які мае міжнародны статус.
Помніцца, раней менавіта ў Моталі шыліся прыгожыя і моцныя кажухі. І калі некаму з вяскоўцаў не пасавала канвеернае паліто, падаваліся да тамтэйшых краўцоў-шаўцоў. Шмат на Палессі таленавітых ткачых, рукадзельніц, ёсць гарбары і ганчары. І на фэсце “Мотальскія прысмакі” было нямала палатак з вырабамі народных умельцаў — з саломы, лазы, дрэва, скуры і гліны, нядорага прадаваліся нават старадаўнія саматканыя ручнікі і пакрывалы. Сёння прыярытэты ў адзенні, побытавых рэчах, вядома ж, становяцца іншымі, але людзей майстравых ды працавітых у мястэчку, як бачна, не стала меней. Там, нагадаю, жыве больш за чатыры з паловай тысячы чалавек. З крэатывам у маталян па-ранейшаму ўсё ў парадку. Ну прыдумалі ж менавіта там, у Іванаўскім раёне Брэстчыны, ладзіць фэст “Мотальскія прысмакі”. Пяты раз гудзела, спявала нядаўна свята, якое мае статус міжнароднага. А заадно маталяне шырока адзначылі і 590-годдзе роднага паселішча.
“Чужым языком смаку не пазнаеш” — мудра кажуць у народзе. Таму не бяру на сябе смеласць апісваць усю смакату, якой можна было пачаставацца на мотальскіх вуліцах, ды яшчэ і рэцэпты яе запісаць. Назаву хіба: мотальскія каўбаскі, розныя сыры, вэнджаная рыба, пірагі з начынкамі... Ці яшчэ блінцы з тварагом і яблыкамі, дранікі, шаурма, катлеты, сырнікі... Ай, лепш не ўспамінаць! Каму цікава — сплануйце час так, каб у наступным жніўні ў вас была магчымасць акунуцца ў атмасферу фэста, падыхаць непаўторнымі водарамі мястэчка і ваколіц. У Моталі заўважаюць: лепш адзін раз нават не ўбачыць, а паспрабаваць. Мне ж падаецца каштоўным на мотальскім фэсце і тое, што дзеі на ім разгортваюцца і ў культурным, і ў дзелавым, эканамічным рэчышчы. Чаго вартая хаця б выстава розных сартоў бульбы, якую гатовы прадаваць і ў іншыя рэгіёны краіны, і за мяжу мясцовыя гаспадаркі. І не толькі пра бульбу гаворка — самыя розныя віды высакаякаснай сельгаспрадукцыі можна было пабачыць, памацаць. А таксама і набыць, і на зуб паспрабаваць.
Прысмакі мотальскіх кулінараў – на любы густСлавуты ўжо кулінарны фэст даўно не скардзіцца на адсутнасць турыстаў. Яго хвалюючыя пахі завабліваюць сотні гасцей як з навакольных вёсак і гарадоў, так і з замежжа: Украіны, Расіі, Польшчы, Ізраіля. Між тым маталяне ганарацца сваімі вядомымі землякамі. Сёлета зладзілі цэлую галерэю іх партрэтаў ля Дома культуры. І ахвотна расказваюць гасцям, напрыклад, пра тое, што з іх мястэчка родам і Хайм Вейцман, першы прэзідэнт Ізраіля.
Галоўныя дзеі фэста “Мотальскія прысмакі” разортваліся ў цэнтры мястэчка, ля Дома культуры, дзе местачкоўцы змайстравалі вялікую сцэну. Але фэст выпраменьваў вясёлую, стваральную энергію па вялікім наваколлі аграгарадка. Усіх нібы закручваў, уцягваў у кулінарна-музычны местачковы карагод. З адметнай мотальскай паляшуцкай гаворкай ды такімі ж непаўторнымі прысмакамі. Дарэчы, напярэдадні фэсту там прайшоў цікавы круглы стол пад назвай “Мотальскія чытанні: мястэчкі Беларусі ў прасторы і часе”. На ім культуролагі, гісторыкі. этнографы гаварылі, што і сучаснае слова аграгарадок наўрад ці выцісне з беларускіх гаворак жывое, каларытнае, даўняе слова: мястэчка. У якога, пагадзіцеся, ёсць свой адметны і водар, і смак.
І апошняе. Адна з маіх таленавітых калег, якая вырашыла паглядзець на Моталь і яго жыхароў не толькі праз прызму фэсту, прыехала туды на дзень раней — пераначавала ў мясцовай гаспадыні, паглядзела на яе побыт, і сама, устаўшы ў шэсць гадзін раніцы, паспрабавала падаіць казу ды іншай сялянскай працай заняцца, і простай ежы сялянскай паспытала. Апошні сказ з яе цёплага мотальскага рэпартажа такі: “Сырадой, вясковыя яйкі, дамашняя бульбачка, памідоры і гуркі з градкі на сняданак — цяжкая праца папярэднічала гэтай Богам дадзенай раніцы”. Так што — зямны паклон вам усім, дарагія жыхары Моталя! І за ваш незвычайны фэст, і за вашу паўсядзённую працу.

Іван Ждановіч
На здымках:
Прыгожым атрымалася шэсце творчых гуртоў па мотальскіх вуліцах
Прысмакі мотальскіх кулінараў – на любы густ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter