«Вочы» над Лядовым

Чаму  мы  верым  у  самыя  неверагодныя  рэчы...

Чаму  мы  верым  у  самыя  неверагодныя  рэчы...

Неяк апошнімі днямі лістапада выскачыў на дачу, каб закансервіраваць яе на зіму. Сустрэў суседа, пагутарылі пра сёе-тое, а потым гаворка зайшла пра прыватызацыю зямельных участкаў.

— А я свой прыватызаваць не буду, — катэгарычна заявіў мой субяседнік. — Усё роўна праз год зноў трэба будзе пераафармляць.

— Адкуль такія звесткі? — пытаюся.

— Знаёмыя сказалі.

Ну вось, адзін малоў языком, другі падхапіў — і пакаціўся “камяк”. А ці трэба верыць кожнаму стрэчнаму-папярэчнаму? Можа, лепш даверыцца афіцыйным звесткам. Прыватызаваў дачу — рабі з ёй што хочаш, а калі не — каму горш зрабіў? Ад такога “лятучага”, не падмацаванага ніякімі довадамі слова толькі шкода...

Сёлета ў Бабруйску ўзвялі цудоўны Лядовы палац на сем тысяч месцаў: і спортам можна заняцца, і розныя культурна-масавыя мерапрыемствы наведаць. Папулярнасць яго расце, тым больш што спалучаецца ў будынку мінулае з сучасным: спартыўны аб’ект размешчаны ў крэпасці XIX стагоддзя. А нехта вазьмі ды запусці “вутку” — Лядовы недаўгавечны, быццам бы над ім у  небе  вечарам бачылі вочы са слязьмі і запісалі гэта на мабільны тэлефон. Адным словам, адгалосак пайшоў. Людзі, якія набылі білеты на лядовае шоу, прызначанае на бліжэйшы час, кінуліся раптам іх вяртаць. Праўда, неўзабаве адумаліся, бо прыслухаліся да тлумачэнняў спецыялістаў. Будынак палаца ставіўся на доўгія гады па праекце, а вочы — падман, спісаны з Інтэрнэта. Дык адкуль зляцела тая “вутка” і з якім намерам? Камусьці трэба было кінуць цень на спартыўны аб’ект, узбунтаваць грамадскасць. Так ці інакш, гэта варта жалю і заслугоўвае асуджэння...

Ці вось яшчэ: зазірнула да нас суседка з навіною, што памерла дзяўчына, якую пакусалі сабакі. Ёй аб гэтым сказалі сантэхнікі з ЖЭУ. Набіраю нумар тэлефона бальніцы — дзяўчына жывая. Дык навошта распаўсюджваць недакладную інфармацыю, заўчасна класці чалавека ў труну?!

Успамінаецца факт з журналісцкай практыкі. Калі я працаваў яшчэ ў раённай газеце “Трыбуна працы”, нехта пусціў чуткі, што ў раён прыбудуць трактары, якія будуць размяркоўваць па  гаспадарках бясплатна. Мы пра гэта вырашылі расказаць у першакрасавіцкім нумары ў матэрыяле “Каму трактар — налятай”. А ў канцы растлумачылі, што гэта жарт. Аднак многія не дачыталі артыкул і пачалі тэлефанаваць старшыні райвыканкама, некаторыя нават прыходзілі на прыём і прасілі трактар. Той жа раіў звярнуцца да газеты і дачытаць матэрыял. Нам, праўда, зрабіў заўвагу, маўляў, перагнулі палку...

Усе гэтыя згадкі-недаглядкі — ад нашага нявер’я, звычайнай недасведчанасці. Падобныя “вывіхі” на інфармацыйным полі трэба ўпраўляць. Ніводзін факт не трэба пакідаць па-за ўвагай, а адразу даваць яму кампетэнтнае тлумачэнне. І СМІ павінны адыгрываць тут рашаючую ролю. Але ўсё роўна трэба думаць, аб чым гаворыш. І правяраць любую інфармацыю!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter