Вобразны свет Мікалая Тарасюка

У творах народнага майстра Беларусі адлюстраваны адметныя моманты сялянскага жыцця, народныя звычаі, традыцыі, святыВыстава ўнікальнага творцы, захавальніка народнай культуры Мікалая Тарасюка ў Мінску, у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, праходзіла ўпершыню. Ладзілася да 80-годдзя майстра і стала вельмі прыемным падарункам яму. Спадар Мікалай ніколі, пэўна, і не марыў пра славу і папулярнасць, аднак яны самі прыйшлі да яго. “З дзіцячых гадоў рабіў з гліны — коніка, кароўку, сабачку, гаспадарскія рэчы… — расказваў на выставе майстар. — А як стаў пастушком, то пачаў вырабляць фігуркі з дрэва”. Мікалай Тарасюк зрабіў у сваёй хаце ў вёсцы Стойлы Пружанскага раёна Брэстчыны сапраўдны музей, дзе выстаўлены амаль паўтысячы работ. І назваў экспазіцыю “Успаміны Бацькаўшчыны”.
Мікалай Тарасюк паказвае свае творы ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва У творах народнага майстра Беларусі адлюстраваны адметныя моманты сялянскага жыцця, народныя звычаі, традыцыі, святы
Выстава ўнікальнага творцы, захавальніка народнай культуры Мікалая Тарасюка ў Мінску, у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, праходзіла ўпершыню. Ладзілася да 80-годдзя майстра і стала вельмі прыемным падарункам яму. Спадар Мікалай ніколі, пэўна, і не марыў пра славу і папулярнасць, аднак яны самі прыйшлі да яго. “З дзіцячых гадоў рабіў з гліны — коніка, кароўку, сабачку, гаспадарскія рэчы… — расказваў на выставе майстар. — А як стаў пастушком, то пачаў вырабляць фігуркі з дрэва”.
Мікалай Тарасюк зрабіў у сваёй хаце ў вёсцы Стойлы Пружанскага раёна Брэстчыны сапраўдны музей, дзе выстаўлены амаль паўтысячы работ. І назваў экспазіцыю “Успаміны Бацькаўшчыны”. Прыязджаюць туды, на ўскрай Белавежскай пушчы, турысты з усяго свету: з Германіі, Японіі, Амерыкі… А вабяць цікаўных людзей, пэўна, перш за ўсё шчырасць і адкрытасць, з якімі сустракае гаспадар гасцей і якімі поўняцца яго творы. “Я нічога не выдумляю з галавы, усе мае работы з жыцця ўзяты”, — гаворыць майстар.
На выставе “Страчаны рай” у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва можна доўга разглядваць зробленыя ім кампазіцыі на тэмы сялянскага жыцця. Звычайна ж падзеі, важнай для чалавека, спадар Мікалай прысвячае цэлую серыю твораў. У працах увасабляе ўласны досвед, успаміны. І ў кожнай адчуваюцца ўласцівыя вяскоўцу гумар, як і глыбокае разуменне ім жыцця.
Глядзіш на гэтае рукатворнае багацце і разумееш: час у вёсцы бяжыць не так хутка, як у горадзе. Драўляныя фігуркі прадстаўляюць сцэны з сапраўднага тамтэйшага жыцця. Таго, што яшчэ не знікла ў моцнай памяці спадара Мікалая. І твары драўляных чалавечкаў твары яго аднавяскоўцаў нагадваюць. Дзед-майстар паказвае “і як мужычок нараджаецца, і як працуе, і як святы адзначае”. Цэлыя серыі твораў прысвячае Калядам, Вялікадню, вяселлю, хрэсьбінам. Дзіўна, але ж і хаты, і драўляная царква, створаныя рукамі майстра, глядзяцца як сапраўдныя. У царкве дык нават званы звоняць, а ўнутры — ідзе служба: людзі трымаюць свечкі, слухаюць святара. А вось сцэнка, як ішлі вяскоўцы на сенакос: усе разам, весела, з песняй… А побач: дружная мужчынская талака будуе новую хату.
Дзякуючы майстру лёгка заглянуць у мінулаеМастацтвазнаўцы цяпер называюць творчасць Мікалая Тарасюка “наіўным” ці “прымітыўным” мастацтвам, дзе праз абагульненні праступаюць ідэя, вобраз, падзея. Аднак як ні назаві тое, чым займаецца майстар, — гэта цікава, нова, самабытна. Нездарма і дырэктар Музея сучаснага выяўленчага мастацтва Наталля Шаранговіч разгледзела ў творчасці майстра з глыбінкі ўнікальную мастацкую з’яву. “Творы Мікалая Тарасюка маюць непаўторную выяўленчую самабытнасць і моцна звязаны з спрадвечнай народнай традыцыяй”, — упэўнена яна. На погляд Наталлі Шаранговіч, “драўляны свет” са Стойлаў — гэта самае сапраўднае сучаснае канцэптуальнае аўтарскае мастацтва.
Сапраўды, творчасць вяскоўца-юбіляра прыкметная, яскравая ў сваёй непаўторнасці. Таму не выпадковая і такая ўвага да яго работ. Мікалай Тарасюк прызнаны народным майстрам Беларусі, а некалькі год таму стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта “За духоўнае адраджэнне” — за стварэнне ўнікальных драўляных расфарбаваных кампазіцый, асабісты ўклад у адраджэнне і развіццё народных традыцый драўлянай скульптуры. У 2008 годзе быў выдадзены і альбом-манаграфія “Сялянская энцыклапедыя ў творах Мікалая Тарасюка”. Дарэчы, гэта першае ў краіне выданне падобнага кшталту пра творчасць народнага майстра.
Нягледзячы на свой паважаны ўзрост, Мікалай Тарасюк і сёння ўдзельнічае ў шматлікіх выставах, кірмашах народнай творчасці, з задавальненнем паказвае свае шматгадовыя набыткі. Экспазіцыя яго твораў нядаўна пабывала ў Польшчы, а многія работы разьбяра знаходзяцца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, музеі “Пружанскі Палацык”, Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтры.
З невялікай вёскі ўласнаю карпатліваю працаю прабіўся вясковец у вялікі свет мастацтва. Добры прыклад для іншых. І хто ведае, можа і ягоны музей “Успаміны Бацькаўшчыны” хутка пераедзе са Стойлаў, скажам, у Пружаны ці Брэст. А мо і ў Мінск. Бо цікавасць да творчасці самабытнага майстра вялікая, а ў гарадах з ягоным “драўляным народам” зможа бліжэй пазнаёміцца значна больш людзей.

Кацярына Мядзведская
На здымках:
Мікалай Тарасюк паказвае свае творы ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва
Дзякуючы майстру лёгка заглянуць у мінулае
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter