У сярэдзіне студзеня навуковец ізноў перасёк акіян, каб сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам і прэзентаваць у Мінску сваю кнігу.
14.04.2015 17:14:32
Пераацэнка Лукашэнкі — менавіта так можна перакласці назву кнігі “Reassessing Lukashenka”. Яе аўтар — амерыканскі навуковец, публіцыст і прафесар Рэдфардскага ўніверсітэта Рыгор Іофэ. У сярэдзіне студзеня навуковец ізноў перасёк акіян, каб сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам і прэзентаваць у Мінску сваю кнігу. Прафесар перакананы, што беларускі Прэзідэнт відавочна недаацэнены тымі, хто піша і разважае аб сусветнай палітыцы.
Свае эсэ пра Беларусь прафесар рэгулярна піша для сеткавага часопіса Eurasia Daily Monitor Джэймстаўнскага фонду, прычым яны становяцца ўсё больш запатрабаванымі ў англамоўнай публікі. Асабліва пасля таго як Мінск стаў перагаворнай пляцоўкай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне. Зрэшты, як выказаўся Рыгор Іофэ, узровень пазнавальнасці Беларусі на Захадзе, асабліва ў Амерыцы, пакуль па-ранейшаму пакідае жадаць лепшага. У тым ліку і для таго, каб выправіць гэта, была задумана новая кніга.
Мінская прэзентацыя вылілася, па сутнасці, у экспертны круглы стол. Рыгор Іофэ выказаўся па найбольш актуальных пытаннях сучаснасці. На яго думку, адной з галоўных прычын украінскай праблемы з’яўляецца тая акалічнасць, што Украіна ў адрозненне ад Беларусі не здзейснілася як дзяржава, чыя кіруючая эліта заклапочана нацыянальным інтарэсам. “Гэтая краіна разрываецца алігархічнымі інтарэсамі, і гэта ў значнай меры узмацніла культурны раскол, які даўно меў месца ва ўкраінскім грамадстве і які адлюстроўваўся на ўсіх электаральных картах. Аднак гэты раскол не павінен быў выяўляцца ў братазабойчай вайне. Гэта трагічная сітуацыя”, — гаворыць ён.
Высокай ацэнкі ўдастоіў амерыканскі навуковец і беларускую мадэль кіравання эканомікай і краінай у цэлым. “Расія — адна з найбагацейшых на рэсурсы краін свету, Беларусь жа тэрытарыяльна значна меншая і бедная на рэсурсы, за выключэннем калійнай сыравіны, увесь цыкл вытворчасці якой кантралюецца ёю, — растлумачыў Рыгор Іофэ. — Усё астатняе, што мае краіна, — вынік працы і розуму людзей. Аляксандр Лукашэнка кіруе Беларуссю ў штодзённым рэжыме і займаецца геапалітычным манеўраваннем. І не таму, што ён такі хітры, а таму, што гэта жыццёвая неабходнасць для краіны. Паглядзіце на стан беларускіх дарог, малых і сярэдніх гарадоў, палёў. Суседнія краіны пачыналі з таго ж, а знаходзяцца нібы на розных планетах. Многае з таго, што тут ёсць, трэба было б ацаніць па заслугах”.
Максім Осіпаў