У сярэдзіне студзеня навуковец ізноў перасёк акіян, каб сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам і прэзентаваць у Мінску сваю кнігу.

Вобраз без клішэ

Пераацэнка Лукашэнкі — менавіта так можна перакласці назву кнігі “Reassessing Lukashenka”. Яе аўтар — амерыканскі навуковец, публіцыст і прафесар Рэдфардскага ўніверсітэта Рыгор Іофэ. У сярэдзіне студзеня навуковец ізноў перасёк акіян, каб сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам і прэзентаваць у Мінску сваю кнігу. Прафесар перакананы, што беларускі Прэзідэнт відавочна недаацэнены тымі, хто піша і разважае аб сусветнай палітыцы.

Рэчаіснасць больш разнастайная за розныя клішэ — гэтую думку амерыканскі прафесар правёў чырвонай ніткай і ў сваёй кнізе, і на прэзентацыі выдання ў Мінску. “Лукашэнка ўзна­чаліў краіну, якая яшчэ ў меншай ступені была гатова да дзяржаўнасці, чым іншыя постсавецкія краіны, — нагадаў ён. — Менавіта падчас яго кіравання выкрышталізавалася адчуванне таго, што Беларусь — суверэнная і незалежная дзяржава. Аляксандр Лукашэнка — гэта бацька беларускай дзяржаўнасці, які кансалідуе як сваіх саратнікаў, так і непрыяцеляў. У гісторыі краіны ён атрымае станоўчую адзнаку. Я ж паставіў за мэту ўжо сёння сфарміраваць больш адэкватны, збалансаваны яго вобраз, свабодны ад мноства клішэ”.

Свае эсэ пра Беларусь прафесар рэгулярна піша для сеткавага часопіса Eurasia Daily Monitor Джэймстаўнскага фонду, прычым яны становяцца ўсё больш запатрабаванымі ў англамоўнай публікі. Асабліва пасля таго як Мінск стаў перагаворнай пляцоўкай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне. Зрэшты, як выказаўся Рыгор Іофэ, узровень пазнавальнасці Беларусі на Захадзе, асабліва ў Амерыцы, пакуль па-ранейшаму пакідае жадаць лепшага. У тым ліку і для таго, каб выправіць гэта, была задумана новая кніга.

Мінская прэзентацыя вылілася, па сутнасці, у экспертны круглы стол. Рыгор Іофэ выказаўся па найбольш актуальных пытаннях сучаснасці. На яго думку, адной з галоўных прычын украінскай праблемы з’яўляецца тая акалічнасць, што Украіна ў адрозненне ад Беларусі  не здзейснілася як дзяржава, чыя кіруючая эліта заклапочана нацыянальным інтарэсам. “Гэтая краіна разрываецца алігархічнымі інтарэсамі, і гэта ў значнай меры узмацніла культурны раскол, які даўно меў месца ва ўкраінскім грамадстве і які адлюстроўваўся на ўсіх электаральных картах. Аднак гэты раскол не павінен быў выяўляцца ў братазабойчай вайне. Гэта трагічная сітуацыя”, — гаворыць ён.

Высокай ацэнкі ўдастоіў амерыканскі навуковец і беларускую мадэль кіравання эканомікай і краінай у цэлым. “Расія — адна з найбагацейшых на рэсурсы краін свету, Беларусь жа тэрытарыяльна значна меншая і бедная на рэсурсы, за выключэннем калійнай сыравіны, увесь цыкл вытворчасці якой кантралюецца ёю, — растлумачыў Рыгор Іофэ. — Усё астатняе, што мае краіна, — вынік працы і розуму людзей. Аляксандр Лукашэнка кіруе Беларуссю ў штодзённым рэжыме і займаецца геапалітычным манеўраваннем. І не таму, што ён такі хітры, а таму, што гэта жыццёвая неабходнасць для краіны. Паглядзіце на стан беларускіх дарог, малых і сярэдніх гарадоў, палёў. Суседнія краіны пачыналі з таго ж, а знаходзяцца нібы на розных планетах. Многае з таго, што тут ёсць, трэба было б ацаніць па заслугах”.

Максім Осіпаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter