«Воўчы білет» замест дырэктарскай пасады

Яе не адзін раз закранаў у сваіх выступленнях кіраўнік міжведамаснай рабочай групы Прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, прадстаўнікі ўпраўленчай вертыкалі, кіраўнікі і спецыялісты сельгаспрадпрыемстваў. Гэтаму ёсць некалькі значных прычын. Па-першае, дастаткова адчувальны пакуль недахоп кадраў у АПК. Размова нават не пра механізатараў і даярак, а пра галоўных спецыялістаў, упраўленцаў. Па-другое, не выключаны некаторыя праколы ў падборы і назначэнні спецыялістаў на пасады, якія прыводзяць да кадравай чахарды, ствараюць нярвозную атмасферу ў працоўных калектывах, не лепшым чынам сказваюцца на вытворчых справах. Па-трэцяе, ва ўдасканальванні мае патрэбу і сама сістэма падрыхтоўкі і выхавання кадраў сяла. Матэрыял, які друкуе сёння «СГ», — пераканаўчае пацвярджэнне таго, што перспектыўным маладым аграменеджарам не заўсёды ствараюцца належныя ўмовы працы.

ЧЫРВОНАЙ ніткай праз усе парады па пытаннях рэфармавання АПК, якія адбыліся на тым тыдні ў многіх рэгіёнах краіны, праходзіла кадравая праблема сяла

Яе не адзін раз закранаў у сваіх выступленнях кіраўнік міжведамаснай рабочай групы Прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, прадстаўнікі ўпраўленчай вертыкалі, кіраўнікі і спецыялісты сельгаспрадпрыемстваў. Гэтаму ёсць некалькі значных прычын. Па-першае, дастаткова адчувальны пакуль недахоп кадраў у АПК. Размова нават не пра механізатараў і даярак, а пра галоўных спецыялістаў, упраўленцаў. Па-другое, не выключаны некаторыя праколы ў падборы і назначэнні спецыялістаў на пасады, якія прыводзяць да кадравай чахарды, ствараюць нярвозную атмасферу ў працоўных калектывах, не лепшым чынам сказваюцца на вытворчых справах. Па-трэцяе, ва ўдасканальванні мае патрэбу і сама сістэма падрыхтоўкі і выхавання кадраў сяла. Матэрыял, які друкуе сёння «СГ», — пераканаўчае пацвярджэнне таго, што перспектыўным маладым аграменеджарам не заўсёды ствараюцца належныя ўмовы працы.

У ЛІДЗІІ ЛОПАШАВАЙ з аграгарадка Удзела Глыбоцкага раёна — тры сыны. Усім яна з малых гадоў прывіла любоў да нялёгкай сялянскай працы. І таму не дзіўна, што ўсе трое звязалі свой лёс з сельскай гаспадаркай. Двое старэйшых, Генадзь і Дзмітрый, засталіся ў роднай гаспадарцы, філіяле «За Радзіму» ААТ «Глыбоцкі камбікормавы завод». Першы там — старшы энергетык, а другі — аператар па адкорме буйной рагатай жывёлы. Самы малодшы, Юрый, закончыў тры гады назад Беларускую дзяржаўную сельгасакадэмію ў Горках. Пры размеркаванні на яго, як на аднаго з лепшых студэнтаў, прыйшло запытанне з вядомай насенневодчай гаспадаркі «Аграмоталь» Брэсцкай вобласці. Але хлопец адмовіўся на карысць аднакурсніка, у якога была цяжарная жонка. Была і яшчэ важкая прычына: захацелася быць бліжэй да сваёй малой радзімы. І таму выбраў КУСГП «Кублічы» Ушацкага раёна.

СПАЧАТКУ ўсё складвалася добра. Дырэктар гаспадаркі Аляксандр Есіпаў выдзеліў катэдж, прызначыў нядаўняга выпускніка на пасаду спецыяліста па кормавытворчасці і ахове раслін. А неўзабаве, калі галоўны аграном, таксама малады спецыяліст Андрэй Станкевіч, пакінуў гаспадарку пасля адпрацоўкі двух неабходных гадоў, Юрый заняў яго месца, і з галавой, як кажуць, узяўся за работу.

Яго зранку да вечара можна было ўбачыць на розных участках, а больш — у полі. Вывучаў севазварот, прыкідваў, дзе і як размясціць культуры, каб атрымаць большы ўраджай. Занатоўваў свае назіранні ў журнал. І калі па запатрабаванні вобласці намеснік старшыні Ушацкага райсельгасхарчу Сяргей Белагрыўцаў павёз кнігі гісторыі палёў і севазваротаў розных гаспадарак у вобласць, то работа Лопашава была прызнана лепшай.

Стараннасць і дзелавітасць маладога спецыяліста прыкмецілі не толькі ў райсельгасхарчы, але і ў райвыканкаме. Яго ўключылі ў рэзерв кадраў. У характарыстыцы, якую даў дырэктар Аляксандр Есіпаў на Юрыя Лопашава, напісана, што «за час работы праявіў сябе як спецыяліст з глыбокім узроўнем ведаў па сваёй спецыяльнасці, карыстаецца павагай сярод працоўнага калектыву, з калегамі ўважлівы, дружалюбны... сур’ёзна адносіцца да сваіх службовых абавязкаў».

Далей — болей. Калі Есіпаў сабраўся ў адпачынак, то замест сябе пакінуў менавіта Лопашава.

АЛЕ вельмі хутка паміж Есіпавым і Лопашавым узнік канфлікт, у канчатковым выніку якога апошняму не толькі давялося пакінуць гаспадарку з запісам у працоўнай кніжцы, што звольнены па артыкуле, але і выплочваць сельгасакадэміі кампенсацыю за вучобу ў памеры амаль 36 мільёнаў рублёў.

Са слоў Юрыя, непрадбачаныя падзеі разгортваліся наступным чынам:

— Галоўнай праблемай для мяне ў «Кублічах» стала адсутнасць вадзіцельскага пасведчання. Таму зімой, калі ўсе сезонныя работы закрыліся, паступіў на вадзіцельскія курсы ва Ушачы. Перад гэтым абмяркоўваў азначанае пытанне з дырэктарам. Справа ў тым, што вёска знаходзіцца за 25 кіламетраў ад райцэнтра, і мне, каб трапіць на заняткі, патрэбна было адразу пасля абеду спяшацца на аўтобус, зрывацца з работы. Я прапанаваў заключыць дамову з дырэкцыяй на няпоўны рабочы дзень. Між іншым, на гэтым настойвала і спецыяліст аддзела кадраў гаспадаркі Дар’я Ждановіч. Але дырэктар адмахнуўся, што не трэба ніякіх папер. Маўляў, работы асаблівай цяпер няма, ды і летам быў ненарміраваны рабочы дзень. Таму так і засталася між намі вусная дамова на гэтыя курсы. З-за чаго ўзнік канфлікт? Спецыялістаў гаспадаркі замацавалі за фермамі, каб ладзілі там кантроль. Мне дасталіся Кляпцы. Аднойчы дырэктар сабраў нас на разборку па малаку, хаця, напэўна, у першую чаргу пра гэта трэба было спытаць у заатэхнікаў, спецыялістаў жывёлагадоўлі, а не ў агранома. Даведаўшыся, што я не пабываў на ферме з-за заняткаў у аўташколе, ён заявіў, каб я пакінуў там вучыцца. Я сказаў, што не магу. Па-першае, заплачаны немалыя грошы за вучобу, і мне іх ніхто не верне. А па-другое, і галоўнае, мне патрэбна вадзіцельскае пасведчанне, каб ездзіць самому на машыне па палях гаспадаркі. Есіпаў папярэдзіў мяне, што калі я не паслухаюся, то за кожнае наведванне заняткаў у аўташколе будзе выстаўлены прагул. Улічваючы сітуацыю, дамовіўся ў аўташколе, што буду асобныя тэмы вывучаць самастойна і потым здаваць залікі адзін раз у два тыдні. Але ўсё роўна не заўсёды на работу паспяваў, а то і зусім не трапляў, і мне паведамлялі, што дырэктар збірае на кожны выпадак дакладныя запіскі. (Праўда, іх потым не знайшлі. — У.С.). Працаваць далей у такой абстаноўцы не змог і, урэшце, пайшоў да старшыні райвыканкама прасіць аб пераводзе ў іншую гаспадарку. Той як быццам пагадзіўся, толькі папрасіў закончыць пасяўную, што я і зрабіў. Аднак і пасля пасяўной нічога не змянілася. Калі цярпенне лопнула, падаўся да старшыні райсельгасхарчу Аляксандра Вайцянкова. Ён супакоіў: перавядзём у другую гаспадарку. Я сказаў пра гэта Есіпаву, але той і слухаць не захацеў. Маўляў, ідзі і арганізуй работу. Я не пайшоў. У выніку быў звольнены за прагул 6 ліпеня 2012 года па артыкуле. У канцы гэтага ж месяца дамовіўся з дырэктарам КУСГП «Вялікадалецкае», таксама Ушацкага раёна, Іванам Піліпавічам Дарошчанкам аб рабоце там галоўным аграномам. Нічога не магу сказаць дрэннага пра гэтага кемлівага кіраўніка, але выйшла так, што я наважыўся набыць у той жа сельгасакадэміі ў Горках завочна другую вышэйшую адукацыю. У сярэдзіне сакавіка мінулага года неабходна было ехаць на сесію, але Іван Піліпавіч сказаў: «Не магу цябе адпусціць. Неўзабаве пасяўная — мне патрэбен аграном». У выніку мы рассталіся па ўзаемнай згодзе. Цяпер працую на роднай Глыбоччыне галоўным аграхімікам раёна. Работай задаволены.

АБ КАНФЛІКЦЕ маладога спецыяліста Юрыя Лопашава з дырэктарам КУСГП Аляксандрам Есіпавым ведаў ці не ўвесь раён. Яго імкнуліся «патушыць». Як паведала галоўны спецыяліст Ушацкага райсельгасхарчу Ганна Кандрацкая, у гаспадарку выязджала спецыяльная камісія, каб прымірыць абодва бакі. Не ўдалося. Увогуле ж, ахарактарызавала яна Юрыя як спакойнага чалавека, які добрасумленна выконваў даручэнні, павышаў сваю кваліфікацыю. На жаль, паслухаць меркаванне самога дырэктара КУСГП «Кублічы» Аляксандра Есіпава не ўдалося. У гаспадарцы, якой аддаў больш дзясятка год у якасьці кіраўніка, ён больш не працуе. Пасля карэспандэнту перадалі, што ад каментарыяў былы дырэктар адмаўляецца.

Між тым звальненнем Юрыя Лопашава тая гісторыя не закончылася. Згодна закону яму прыйшлося кампенсаваць затраты на вучобу за тое, што не адпрацаваў два гады па размеркаванні. Сума атрымалася немаленькая — 35 мільёнаў 896 тысяч 870 рублёў. І гэта нягледзячы на тое, што ў дзвюх гаспадарках ён адпрацаваў у агульнай складанасці год і сем месяцаў. Аднак, як потым ён даведаўся, яго работу ў «Вялікадалецкім» не залічылі з-за адсутнасці адмацавання ў папярэдняй гаспадарцы.

— А як я мог яго ўзяць, калі куды ні звяртаўся, мне яго так і не далі? — даводзіць ён.

Дацэнт кафедры глебазнаўства Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Тамара Мінчанка, даведаўшыся пра незайздросны працоўны дэбют нядаўняга студэнта, растрывожылася:

— Юрый пісаў у мяне дыпломную. Абараніў на «дзясятку». Вельмі разумны, улюбёны ў сваю прафесію. Талентам трэба дапамагаць. Чаму ж па-добраму не разабрацца, не  працягнуць руку дапамогі? Наша няўвага, паспешнасць даводзіць да таго, што мы губляем самае галоўнае — сваіх дзяцей, нашу апору ў сельскай гаспадарцы — моладзь!

Лопашаву пасля тых не вельмі прыемных «вандровак» усё ж пашанцавала. У яго паверыў, падтрымаў, даў работу галоўнага аграхіміка Глыбоцкага раёна Васіль Ляонцьеў, начальнік Віцебскай абласной станцыі хімізацыі:

— Я пракансультаваўся з выкладчыкамі сельгасакадэміі, галоўным аграхімікам Ушацкага раёна і ўпэўніўся, што хлопец дастойны, адукаваны, добрасумленны. Прыйшоў, не ведаючы яшчэ спецыфікі нашай работы, але за кароткі час спасціг. Мне шкада, што з ім так паступілі, не разабраўшыся глыбока ў сутнасці справы.

Цёпла прыняў земляка і старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат, адразу прапанаваўшы месца агранома. Гэта прыцэл на будучае.

ВЕРНЕМСЯ, аднак, у «Кублічы». Там сёлетняя пасяўная праходзіла без агранома. Яго функцыі практычна выконваў дырэктар гаспадаркі, інжынер па спецыяльнасці, Аляксей Хмялеўскі. Дарэчы, ён падтрымлівае сяброўскія адносіны з Юрыем Лопашавым, раіцца з ім па раслінаводстве.

І, як паведаміў цяперашні старшыня райвыканкама Віктар Родзіч, сітуацыя ў гаспадарцы мяняецца да лепшага. Надоі ад каровы ўзраслі ў суткі на тры кілаграмы. А на днях у «Кублічы» з сельгасакадэміі прыбыў і новы галоўны аграном Аляксандр Граненка. Хочацца верыць, што яго не спасцігне лёс папярэдніка.

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter