Вiват, Бабруйск!

29 чэрвеня жыхары Бабруйска адзначаць Дзень горада

29 чэрвеня яго жыхары адзначаць Дзень горада

Буду стаяць да канца!

Iван Стараконь родам з Днепрапятроўскай вобласцi. Калi пачалася вайна хлопец скончыў толькi сем класаў. Лiчы, юнацкi ўзрост, але варожая акупацыя прымушала хутка сталець. I калi ў 1943 годзе савецкiя войскi вызвалiлi родную Днепрапятроўшчыну, Iван хоць i не дацягваў да неабходнага ўзросту, але быў накiраваны ў дзеючую армiю. Пасля непрацяглай падрыхтоўкi – фронт. З такiмi ж падлеткамi, што складалi большасць стралковай дывiзii, удзельнiчаў у выгнаннi захопнiкаў з Запарожжа. Канешне, баявога вопыту маладым вельмi не хапала. Адзiн бой, другi, а потым – цяжкае раненне. Чатыры месяцы быў у шпiталях. Затым – зноў у салдацкi строй, неўзабаве прыйшла i доўгачаканая перамога!

I так атрымалася, што пасля вайны Стараконь звязаў свой лёс з авiяцыяй – стаў тэхнiкам па абслугоўванню самалётаў. У пяцiдзесятых гадах мiнулага стагоддзя быў накiраваны на службу ў Бабруйск. Авiягарадок стаў месцам i службы, i жыцця. Тут сустрэў Iван сваё каханне — Нiну Iванаўну. I вось ужо шэсцьдзесят гадоў сямейная пара поруч крочыць па жыццi. Трое дзяцей выгадавалi, маюць восем унукаў i столькi ж праўнукаў. Ёсць чым ганарыцца!

Дзецi, якiя пражываюць у Расii i ва Украiне, клiчуць да сябе. А ён застаецца на ранейшым месцы, у тым горадзе, якi абраў назаўжды.

Зваротны рэйс

Алену Лiтвiнаву я ведаў па працы ў раённым аддзеле культуры. Чалавек гэты вельмi цiкавы i творчы, а канкрэтны накiрунак яе работы – народныя рамёствы, роспiс па дрэве. Не дзiва, паколькi заканчвала Алена бабруйскае мастацкае вучылiшча № 15. Добры вопыт здабыла падчас вучобы i практыкi, працуючы па спецыяльнасцi на адным з прадпрыемстваў горада.

Жыццё, як кажуць, было наладжана. Ды яшчэ дачка парадавала бацькоў, паступiўшы вучыцца ў БДУ.

Аднак, здарылася нечаканая сiтуацыя, мужа — прафесiянальнага музыку запрасiлi працаваць у ЗША – у рускi рэстаран. Доўга вагалiся ў сям’i, бо зрывацца з родных мясцiн за акiян – справа складаная. Асаблiва супраць гэтага нечаканага пераезду была Алена, а ўсё ж паехала ўслед за мужам. Быццам бы ўладкавалiся на новым месцы някепска, але нечага душы не хапала. Не змаглi прыстасавацца Лiтвiнавы да тамтэйшых умоў. «Амерыка прыцягвае чалавека сваёй адкрытасцю, — гаворыць Алена, — але разам з тым гэта закрытая краiна. У якiм сэнсе? Там усё падпарадкавана грошам. Калi бяда не дай Бог здарыцца, разлiчвай толькi на сябе… Iдзеш да каго ў госцi, павiнен загадзя папярэдзiць… Мы тут патрэбныя i не вельмi…»

Амаль дзесяць гадоў пражылi Лiтвiнавы ў Амерыцы. I вось вырашылi вярнуцца дадому. Гэта было iх унутранае, прадыктаванае душой i сэрцам рашэнне.

— I вось мы ў Бабруйску, — узрушана гаворыць жанчына, — тут усё блiзкае i роднае. Набiраемся сiл i станоўчых эмоцый, чакаем прыезду з-за акiяна дзяцей…

«Я твой талiсман»

Пачнем наш аповяд з Уладзiмiра. Ён нарадзiўся ў звычайнай рабочай сям’i. Не апiсаць было радасцi бацькоў, але ў сына аказалася хвароба… Давялося рабiць складаную аперацыю. I доўга чакаць. Аднак хлопчык так i не стаў на ногi. Тым не менш жыццё Уладзiмiр успрымаў такiм, якое яно ёсць, змагаўся за яго! Тата з мацi, старэйшы брат – заўсёды яго надзейная падтрымка. Ды i без сяброў хлопец не заставаўся.

Валодзя скончыў дзевяць класаў, з’яўляючыся для свайго ўзросту чалавекам даволi пiсьменным i начытаным. Аднойчы знаёмыя прадпрымальнiкi папрасiлi хлопца дапамагчы ў працы: «Будзеш аказваць дыспетчарскiя паслугi!» Справа, як кажуць, пайшла.

Усё б нiшто, але Валодзя адчуў: вельмi не хапае яму жаночай пяшчоты супраць ягонага адзiноцтва. Але ж дзе яе знайсцi, адзiную i непаўторную? Вырашыў скарыстацца Iнтэрнетам i размясцiў на сайце знаёмстваў сваё фота, бiяграфiчныя дадзеныя.

Тым часам Алена зайшла на сайт знаёмстваў, пакiнуўшы свае звесткi. Вало-дзю, калi ўбачыў яе фота, нiбы токам працяла: «Гэта тая, каго я шукаў! Але ж як далей сябе паводзiць?» – прабегла ў галаве думка… I тут дзяўчына адгукнулася кароткiм: «Прывiтанне!»

Алена — сiмпатычная маладая дзяўчына, працавала ў горадзе пасля заканчэння хiмтэхнiкума на вытворчым аб’яднаннi «Белшына». Яна кантактны, чулы чалавек.

Памiж маладымi людзьмi завязалася больш актыўная iнтэрнет-перапiска. Валодзя ўсё як ёсць расказаў пра сябе. Баяўся, не зразумее яго Алена, а яна, наадварот, узмацнiла iх перапiску. «Не хвалюйся, усё ў цябе будзе добра, я твой талiсман!»

Потым маладыя людзi пажадалi сустрэцца для больш блiзкага знаёмства. Можна ўявiць, з якiм хваляваннем яны чакалi першае спатканне.

Затым далей дамаўлялiся аб новых сустрэчах, гулялi па горадзе, разам радавалiся жыццю. А летась сумесна ажыццявiлi паездку на «Славянскi базар у Вiцебску».

I толькi праз год пасля знаёмства падалi заяву на рэгiстрацыю свайго шлюбу. Жывуць цяпер маладыя ў бацькоў Уладзiмiра, «апартаментаў», як кажуць, на ўсiх хапае. Кантакт са старэйшымi знайшлi, усё ладзiцца. Сям’я ёсць сям’я. Канешне, яны хочуць у будучым мець дзiця. I не адно. Шчаслiвага жыцця, Валодзя i Алёна!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter