Вiцебск: Загiнуў кожны трэцi

Паўночная частка нашай радзімы асабліва дорага заплаціла за перамогу. Зусім не лішнім будзе нагадаць: у агні вайны загінуў кожны трэці жыхар Віцебшчыны.
Аб такім скрушным факце ўспомнілі як самі ветэраны, так і кіраўнікі абласнога і гарадскога выканаўчых камітэтаў, убеленыя сівізной абаронцы Айчыны на святочным мітынгу каля манумента воінам-вызваліцелям на плошчы Перамогі. Пасля мітынгу ўрачыстым маршам перад героямі вайны і ў іх гонар прайшлі воінскія часці Віцебскага гарнізона. На вачах у многіх блішчалі слёзы. Але гэта былі пачуцці, пра якія паэт трапна сказаў: “Радасць са слязамі на вачах”. Стары лозунг “Ніхто не забыты і нішто не забыта” зноў напоўніўся шчырым і жывым зместам. А мэр Віцебска Пётр Драздоў сардэчна падзякаваў былым абаронцам Радзімы не толькi за перамогу ў той жудаснай вайне, але і за не менш значны подзвіг па ўзнаўленнi роднага горада і ўсёй прыдзвінскай зямлі з руін і попелу. Прыемны сюрпрыз да свята Перамогі атрымалі 39 ветэранаў вайны, а таксама шасцёра работнікаў тылу з гарадскога пасёлка Багушэўск Сенненскага раёна. Усім ім бясплатна ўручана толькі што выдадзеная кніга-хроніка “Памяць. Сенненскі раён”. Затым для самых ганаровых грамадзян сіламі навучэнцаў мясцовай сярэдняй школы і кадэтаў аршанскай СШ № 19 быў дадзены цудоўны канцэрт. Паўсюдна на Віцебшчыне ў гонар салдат Перамогі адбылося мноства непаўторных радасных мерапрыемстваў, ушаноўванняў, уручэнняў падарункаў, ганаровых грамат, іншых прыемных сюрпрызаў.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter