Сезон свежай гародніны и садавіны адкрыты. Пакуль што пакупнікі губляюцца — не ўсе могуць адразу вызначыцца, дзе танней набываць вітамінную прадукцыю: на рынку, у гіпермаркеце або ў палатках каля дома.

На Камароўскім рынку ў Мінску гандаль чарэшняй і клубніцамі ідзе бойкі. Ля ўваходу на Камароўку на стыхійным рынку мужчына прадае трохлітровае вядро буйных клубніц са Смалявічаў за 60 тысяч рублёў. На рынку ж пачатковая цана за кілаграм ягады з Брэсцкай вобласці — 20 тысяч рублёў, за ягаду з Маладзечна просяць 30 тысяч за літр.
Можна знайсці і танней — выбар велізарны. Але тады трэба быць гатовым да таго, што ягады будуць драбнейшыя. Між іншым на рынку пад вечар можна купіць клубніцы на тысячу-другую танней: прадаўцы не хочуць, каб тавар залежваўся, бо нясвежую ягаду купляць ахвотнікаў няшмат.
З`явіліся на рынках і першыя суніцы. Паўлітровая шклянка ягады — 80 тысяч рублёў.
У крамах крокавай даступнасці ёсць не ўсе ягады, напрыклад, тыя ж самыя клубніцы або чарэшню тут знайсці складана. А вось цана на клубніцы ў некаторых гіпермаркетах зашкальвае — яе прадаюць за 160 тысяч.
Чарэшню з Малдовы і Узбекістана на Камароўцы прапаноўваюць па 40—50 тысяч за кілаграм. Для параўнання, кілаграм узбекскай чарэшні ў палатцы на прыпынку недалёка ад Чэрвенскага рынку каштуе 75 тысяч рублёў.
Прама з аўтамабіляў прыватнікі, гаспадаркі і арганізацыі Белкаапсаюза гандлююць плодаагароднінай па цэнах ніжэйшых, чым на рынку. Клубніцы з Брэсцкага раёна прадаюць па 10—25 тысяч рублёў, пінскія і столінскія агуркі — па 8—10 тысяч, маладую бульбу са Слуцкага раёна — па 12—14 тысяч.
Іна ГАРБАЦЕНКА
gorbatenko_inna@mail.ru