На празднике деревни Витовцы Вилейского района собрались местные жители и гости из разных уголков Беларуси

Вітаўцы віталі сваіх

На свята вёскі Вітаўцы, што ў Вілейскім раёне, прыйшлі мясцовыя жыхары і іх дзеці, унукі і праўнукі, прыехалі госці з розных куткоў Беларусі. Яны і сталі аб’ектам увагі і галоўнымі героямі ўрачыстасці, якую самі і арганізавалі.


Вёсачка маленькая, але з багатай гісторыяй. На працягу свята і адбывалася раскрыццё такіх найбольш цікавых старонак з жыцця Вітаўцаў і яго насельніцтва. Была аддадзена даніна павагі знакамітым землякам.

Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, успомніўшы імёны тых, хто абараняў родны край. І былых аднавяскоўцаў, каго сёння няма.

На свята сабраліся прадстаўнікі роду былога ветэрана Вялікай Айчыннай Казіміра Дубаневіча. Да прысутных звярнуўся са словамі віншавання і падзякі арганізатарам мерапрыемства за магчымасць сустрэцца з землякамі сын Станіслаў, а праўнук Андрэй праспяваў песню пра Беларусь.

Заўсёды галоўным багаццем роднай вёскі былі людзі, якія шчыравалі ў гаспадарцы, на палетках, фермах, у клубе, бібліятэцы, школе, аддаючы ўвесь запал душы справе і не задумваючыся над тым, што сваёй працай множылі славу не толькі вітаўскай зямлі, але і ўсяго раёна. Успомнілі Марыю Карпаўну Пагуда, дэпутата Вярхоўнага Савета БССР, кавалера ордэна Леніна, якая некалі ўзначальвала брыгаду «Вітаўцы». А Тэрэза Савіцкая з павагай і цеплынёй успомніла сваіх падначаленых — даярак і жывёлаводаў мясцовай фермы. Яны рана ўставалі, позна лажыліся, але паспявалі ўсё: і дзяцей дагле­дзець, і сталых бацькоў, і гаспадарку. Іх добрасумленная праца была заўсёды прыкладам для моладзі.

І сем’і былі немалыя. У многіх з іх гадавалася пяцёра і шасцёра малых. Гэта сем’і Валеркі і Ігнася Ляшковічаў, Юзафа і Гэлькі Дубаневічаў, Ніны і Валодзі Дубаневічаў, Браніслава і Станіславы Булко і іншых. З цеплынёй гаварылі пра сваіх бацькоў Ірына Ляшковіч, Валянціна Булко, Таццяна Дубаневіч.

— Хочацца сказаць словы падзякі нашым бацькам. Яны гадавалі нас у складаных умовах. Цяпер, калі маем сваіх дзяцей, унукаў, разумеем усе складанасці іх жыцця. Вельмі рада бачыць землякоў, сяброў і хачу пажадаць, каб у іх сем’ях быў лад, спакой, шчасце і здароўе, — шчыра і ад душы выказалася Ганна Дубаневіч.

Самаму старэйшаму жыхару Юзафу Дубаневічу нядаўна споўнілася 90, а самай малодшай Анастасіі Фонташ — 3 гады. Старшыня Даўгінаўскага сельсавета Аляксандр Маліноўскі ўручыў ім падарункі. Адзначыў і лепшыя падвор’і: іх гаспадары Шышчанковы і Алешка атрымалі прыемныя сюрпрызы. Не засталіся без падарункаў і дзве жанчыны-старажылы Ніна Андрэеўна Дубаневіч і Ванда Ігнацьеўна Канэцкая.

Асаблівым месцам для вяскоўцаў заўсёды былі клуб і бібліятэка. Тут шчыравала, арганізоўвала і праводзіла ўсе святы Яўгенія Адольфаўна Гурновіч — чалавек высокай культуры, маральнай чысціні, якая заўсёды імкнулася зрабіць жыццё землякоў цікавым і разнастайным.

Успомнілі пра пачатковую школу, якая дала пуцёўку ў жыццё не толькі вітаўчанам. А сеялі разумнае, добрае, вечнае Соф’я Авяр’янаўна Лапінская, Тамара Іванаўна Юркевіч, Іван Іванавіч Юркевіч, Ніна Пятроўна Кратовіч. Многія з іх выхаванцаў выбралі прафесію настаўніка.

Змянілася аблічча Вітаўцаў за некалькі апошніх гадоў! Ціха і хораша ў гэтым напаўпустым куточку. Амаль згублена былое хараство сялянскага жыцця і быту, ужо не вернеш тыя імгненні. Яны захаваліся толькі ў памяці. І ад усведамлення гэтага неяк цісне ў грудзях, сумна робіцца. На жаль, не адна наша вёска такая. Дажываюць свой век хаты, засыхаюць пакінутыя калодзежы, зарастаюць двары… І ў той жа час ужо няцяжка ад усведамлення, што вёсачка мая, такая любімая і родная, не стаіць на шляху да знікнення…. Яе трымаюць нашчадкі, аднаўляюць так званыя дачнікі. І яны ўжо нашы, вітаўчане. Дык жа жыві, вёсачка! У табе — нашы лепшыя ўспаміны, шчаслівыя і бесклапотныя гады, чароўныя імгненні. Ты адна такая ва ўсім свеце! Бо — наша…

Аркадзь Гарохаў прыехаў з Віцебшчыны першы раз у Вітаўцы ў 1989 годзе са сваёй палавінкай Марынай Савіцкай, ураджэнкай вёскі: «Вельмі спадабаліся людзі, добрыя, працавітыя, ініцыятыўныя. Ёсць будучыня ў гэтай вёскі, думаецца мне сёння. Здароўя ўсім і мірнага неба над галавой».

А потым усе ўдзельнікі і госці сабраліся за святочным сталом.


Каб урачыстасць запомнілася, закранула душу і абу­дзіла ўспаміны, шмат для гэтага папрацавалі дырэктар Даўгінаўскага дома культуры Алена Гойлік са сваімі артыстамі (аповед пра жыццё-быццё вёскі суправаджаўся музычнымі паўзамі), бібліятэкар Даўгінаўскай інтэграванай бібліятэкі Іна Лісіца) і, канешне, самі жыхары вёскі Вітаўцы, якія вылучаюцца сяброўствам, шчырасцю, улюбёнасцю ў жыццё і малую радзіму. Свята атрымалася. Свята вёскі, свята душы…

Галіна Майхерская, ураджэнка вёскі Вітаўцы

Фота Валерыя Курыцкага
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter