“Вішнёвы фестываль” прайшоў у горадзе Глыбокае ў чацвёрты раз

Вішанька на торце

“Вішнёвы фестываль”, што прапісаўся ў невялікім беларускім горадзе Глыбокае, можна назваць даволі маладым. Сёлета ён прайшоў толькі ў чацвёрты раз. Аднак за гэты час вясёлае і яркае свята, прысвечанае кісла-салодкай ягадзе, набыло мноства сяброў і заняло годнае месца ў ліку фестываляў, якія праводзяцца ў Віцебскай вобласці.

Сярод іх, дарэчы, вядомы ўсім “Славянскі базар”, фестываль сучаснай харэаграфіі IFMC, музычны фестываль памяці І.Салярцінскага і многія іншыя. Калі ж гаварыць непасрэдна пра глыбоцкі фэст, то інфармацыйныя агенцтвы і тураператары пазіцыянуюць яго як адно з самых самабытных культурных мерапрыемстваў Беларусі. Да таго ж, яно ўвайшло ў “Топ-10” самых наведвальных фестываляў краіны. Па сваім статусе фэст даўно стаў міжнародным. Толькі на IV “Вішнёвы фестываль” прыехалі госці з Расіі, Латвіі, Літвы, Грузіі, Малдовы, Польшчы і Германіі.


Самы папулярны касцюм падчас фестывалю — касцюм вішанькі

Вішнёвыя забавы


У пачатку XX стагоддзя глыбоцкі памешчык, аграном і селекцыянер Баляслаў Лапыр папулярызаваў марозаўстойлівы гатунак пад назвай “вішня кіслая”. З таго часу саджанцы і распаўсюдзіліся па сялянскіх сядзібах. А сёння Глыбокае не без падстаў прэтэндуе на званне беларускай “вішнёвай сталіцы”. Вішнёвы фестываль у Глыбокім пачынаецца звычайна ў сярэдзіне ліпеня і доўжыцца цэлы тыдзень. Маляўнічае шэсце з удзелам Вішнёвай каралевы, навукова-практычная канферэнцыя па садоўніцтве, спартакіяда з жартоўнымі конкурсамі — праграма фэсту здольная задаволіць самага патрабавальнага гледача. Да прыкладу, чаго толькі вартая стральба вішнёвымі костачкамі, барацьба на пальцах ног, забег на абцасах ці забег вішнёвых слімакоў.  Аднак у вішнёвым  садзе, які ў Глыбокім заклалі некалькі гадоў назад, слімакоў — безліч! Вось і далучылі іх да свята. Сабралі цэлых два вядры. Прынеслі на цэнтральную плошчу, дзе любы жадаючы мог выбраць упадабанага малюска, прымацаваць да яго нумар, змясціць у цэнтр круга і чакаць, што ён першым з яго выпаўзе. Занятак гэты рызыкоўны. Балельшчыкаў  сабралася, нібы на футбольны матч! Некаторыя стаўкі рабілі. Выйгрыш, натуральна, даставаўся пераможцу. Пасля спаборніцтваў усіх удзельнікаў з ракавінай на спіне адпусцілі назад у вішнёвы сад. Ні адзін слімак, запэўніваюць арганізатары, не пацярпеў.

Яшчэ ў Глыбокім мноства арыгінальных помнікаў. Ёсць, дарэчы, нават помнік барону Мюнхгаўзену. Ёсць таксама, натуральна, і помнік, прысвечаны глыбоцкай вішні. Сярод мясцовых жыхароў існуе павер’е: калі хочаш быць  шчаслівым, абавязкова патры адну з яго гранітных вішанек. Турысты таксама ведаюць пра гэта. Не дзіўна, што ўсе вішанькі на­чышчаныя да бляску! А сёлета ў горадзе адкрылася скульптурная кампазіцыя “Сям’я”. Акрамя гэтага падчас фестывалю можна было прадэгуставаць смачнейшыя вішнёвыя пірагі, набыць сувеніры ў рамесных радах, паслухаць выступленне музычных калектываў. Калі я падышоў да галоўнай сцэнічнай пляцоўкі, там выступалі юныя лыжачнікі са Свярдлоўскай вобласці Расіі. Затым іх змяніў фальклорны ансамбль з грузінскага горада Тэлаві. Старшыня гарадскога савета Тэлаві Арчыл Тхлашыдзэ расказаў, што ў іх у Кахетыі таксама вішні растуць, але глыбоцкія, напэўна, самыя смачныя:

— З Глыбокім мы пасябравалі 3 гады назад. Сёння нашы гарады — пабрацімы. Калі на мінулым фэсце ад нашай дэлегацыі толькі адзін чалавек удзельнічаў у конкурсе баяністаў, то цяпер мы прывезлі ў Беларусь цэлых два фальклорныя ансамблі. Акрамя таго, на інвестыцыйным форуме, які таксама традыцыйна праходзіць падчас “Вішнёвага фестывалю”, у нашых бізнесменаў, якія працуюць у будаўнічай індустрыі, можа намеціцца выгадны кантракт з мясцовай дрэваапрацоўчай фірмай. Яны сур’ёзна зацікавіліся беларускімі фасаднымі вырабамі.


Падчас фестывалю ў Глыбокім адкрыўся помнік сям’і

Эканоміка і інвестыцыі


Калі дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве паміж Глыбокім і Тэлаві быў падпісаны раней, то адміністрацыя Грамячынскага сельскага паселішча Асінскага раёна Пермскага краю Расіі падобны двухбаковы дагавор падпісала падчас інвестыцыйнага форуму, які праходзіў на IV “Вішнёвым фестывалі”. Цікава, што расіяне пазнаёміліся з арганізатарамі глыбоцкага фэсту ў інтэрнэце, пасля таго як самі ў 2015-м упершыню правялі вішнёвы фестываль. Акрамя расіян, падчас інвестфоруму пагадненні аб супрацоўніцтве падпісалі аддзел культуры Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта і Цэнтр беларускай культуры Даўгаўпілскай гарадской думы (Латвія), а таксама Глыбоцкі раённы Савет дэпутатаў і Швянчонскае раённае самакіраванне (Літва). Паводле слоў Галіны Унуковіч, старшыні Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў, адной з галоўных задач Глыбоцкага раёна, як члена Еўрарэгіёна “Азёрны край”, з’яўляецца падтрыманне кантактаў паміж рабочымі групамі Еўрарэгіёна, а таксама пашырэнне ўзаемадзеяння паміж імі ў беларуска-літоўска-латвійскім прымежжы:

— З 2001 года мы рэалізавалі некалькі вялікіх сумесных праектаў у сферы культуры, бізнесу, адукацыі, а таксама супрацоўніцтва паміж самакіраваннямі прымежных тэрыторый.  Толькі за апошнія тры гады ў развіццё эканомікі раёна было інвеставана больш за 180 мільёнаў долараў. Цяпер наш раён з’яўляецца ўдзельнікам такіх міжнародных ініцыятыў, як “Мясцовы экалагічны план дзеянняў на 2015-2020 гады” і “Дзеянні для паспяховага развіцця Глыбоцкага раёна як беларускай тэрыторыі Еўрарэгіёна “Азёрны край”. Праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі  фінансуе Еўрапейскі Саюз. Бюджэт Глыбоцкага раёна там у суме складае больш за 7,5 мільярда недамінаваных беларускіх рублёў.

Што ж датычыцца іншых эканамічных праектаў, прадстаўленых на інвестфоруме падчас фестывалю, то можна сказаць, што некаторыя з іх мелі непасрэдную сувязь з культурным жыццём. Напрыклад, у Глыбокім хочуць стварыць музей-галерэю Фёдара Ястраба, земляка-мастака, які пайшоў з жыцця ў 2014-м. Добрую перспектыву маюць распачынанні Глыбоцкага мясакамбіната, зацікаўленага ў будаўніцтве малочнатаварных ферм у сваім сельскагаспадарчым філіяле. Цікавасць да гэтага праекта, дарэчы, ужо праяўляюць інвестары з Ізраіля. Цікава, што пры камбінаце створаны коннаспартыўны клуб, спартсмены якога падтрымліваюць цесныя адносіны з калегамі з Расіі і Латвіі. Ну і, вядома ж, расказваючы пра Глыбокае — край лясоў і азёр — нельга не згадаць пра аздараўленчы турызм. Нядаўна недалёка ад Глыбокага, у вёсцы Пліса, адкрыўся аднайменны санаторый. У ім ужо адпачываюць расіяне. Таксама цікавасць да яго праяўляюць некаторыя дыпламатычныя прадстаўніцтвы, размешчаныя ў Мінску. На інвестфоруме ў Глыбокім  санаторый таксама прадставіў свой праект, звязаны з будаўніцтвам забаўляльнага гасцінічна-рэстараннага комплексу.

Сяргей Галеснік
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter