Вiнаградную костачку я ў зямлю закапаю…

Як дэпутат i навуковец праявiў сябе ў зусiм новай сферы

Як дэпутат i навуковец праявiў сябе ў зусiм новай сферы

Мiкалай Бабрыцкi – асоба ў Бабруйску вядомая. I перш за ўсё як былы намеснiк генеральнага дырэктара па эканомiцы аднаго з буйнейшых прадпрыемстваў – ВА «Белшына». «Глыбокi аналiтык, а яшчэ i палiтык», – казалi пра яго. Гэтыя якасцi Мiкалай Рыгоравiч у поўнай меры праявiў, калi быў народным дэпутатам СССР, узначальваў у Вярхоўным Савеце былой дзяржавы Камiтэт па эканамiчнай рэформе. А потым вярнуўся ў родны Бабруйск, працаваў рэктарам недзяржаўнага iнстытута кiравання, дацэнтам кафедры эканомiкi фiлiяла Беларускага эканамiчнага унiверсiтэта. Адсюль i пайшоў, як кажуць, на заслужаны адпачынак.

Толькi чым займацца? Выбраў вiнаградарства. Цяпер каля паўсотнi сартоў вырошчвае. I ў цяплiцах, i ў адкрытым грунце.

— З чаго пачыналася захапленне? – спытаў у Мiкалая Рыгоравiча.

— Прыйшло яно неяк само сабой. Гляджу, прывазны вiнаград, а чаму б свой не вырошчваць, тым больш клiмат апошнiм часам стаў мякчэйшы, дазваляе. Ну вось раздабыў пару-другую чаранкоў i стаў вырошчваць. Потым яшчэ. Своеасаблiвым палi-гонам, пакуль на сваю не разжыўся, была цешчына дача пад Гомелем. Як узяўся за справу, дык яна не адпускала. Шмат чытаў спецыяльнай лiтаратуры, вопыту набiраўся. А потым наведаўся ў Самахвалавiчы да вядомага вiнаградара прафесара Вiктара Гаварухiна. Да гэтага часу падтрымлiваю сувязi з ягонай дачкой Валянцiнай, якая працягвае справу бацькi. Адным словам, вiнаградарства стала неад’емнай часткай майго жыцця.

I з чаранкоў, i з костачак вырошчвае вiнаград Бабрыцкi. Пачне расказваць, дык заслухаешся — настолькi гэта цiкавая i разам з тым далiкатная справа. Трэба ведаць, калi абразаць той чаранок, як захоўваць, у якiя тэрмiны высаджваць. З костач-камi яшчэ складаней… I саджанцы трэба рыхлiць, падразаць, апырскваць, шмат якой iншай работы выконваць. А iх жа — больш як паўсотнi. I да кожнага свой падыход неабходны, бо, як гаворыць вiнаградар, раслiны сваю душу i сэрца маюць. Як ты да iх, так i яны да цябе.

Спачыну не будзе, але для сапраўднага аматара гэта праца ў радасць. I асаблiва, калi ў тваiх руках буйныя гронкi. Шмат збiрае вiнаграду. Куды дзявае? Нешта сабе пакiдае, а большую частку раздае знаёмым, усiм, хто захоча. Не шкадуе, хай людзям будзе радасць.

Што ж да саджанцаў, якiя разводзiць, то спрабуе прадаваць, каб хоць неяк пакрыць затраты. Пакупнiкоў шмат. I з мясцовых, i з прыезджых. Так што ён задаволены: «Хоць у гэтым праца недарэмная». Сарты супермодныя: «мiнскi», «алёшанькiн», «аўгусцiн», «людмiла» i iншыя. Ранняспелыя i больш познiя.

Мiкалай Рыгоравiч, калi быў у Германii ў свайго нямецкага зяця, вырашыў навучыць яго вiнаградарству. Той спачатку аднёсся скептычна: маўляў, у магазiнах вiнаграду колькi захочаш, iдзi купляй. Але калi пачалi знiмаць вiнаград прама ў двары, змянiў сваю думку: «Буду далучацца да гэтага занятку». Цесць, канешне, застаўся задаволены.

Так што вось такi дачнiк Бабрыцкi: працуе адпачываючы!

— Нехта сумуе, — кажа Мiкалай Рыгоравiч, — пайшоўшы на пенсiю, не ведае, чым заняцца. А я знайшоў сваю справу, якая прыносiць мне радасць. З вясны да позняй восенi занятак. Я не заўважаю часу, не адчуваю сваiх гадоў. Вось так бы кожнаму пажадаў!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter