Хозяйство фермера Виктора Корсака крепят бычки

Віктар Корсак выязджае на лімузінах. I гэта ў яго атрымлiваецца куды лепей, чым у iншых

ЯЛАВІЧЫНА на сённяшні дзень стратная. Гэта сцвярджаюць у адзін голас кіраўнікі шматлікіх сельгаспрадпрыемстваў і гадуюць бычкоў толькі для таго, каб пад рукамі была капейка — заплаціць за паліва, набыць запчасткі. Таму даволі нечакана чуць словы фермера Віктара Корсака з вёскі Бярозаўка Докшыцкага раёна, што менавіта бычкі якраз і мацуюць яго гаспадарку. У чым справа? Магчыма, фермер памыляецца? Пра гэта можна даведацца, толькі пабываўшы на месцы.

Бярозаўка — вёска не надта малая, ёсць некалькі вуліц, але сядзібу Корсакаў няцяжка адшукаць не столькі па асабняку, сколькі па вялікім двары з мноствам пабудоў і сельгастэхнікі. Віктар падзякаваў «Сельской газете», кожны нумар якой яго сям’я чытае, за ўвагу да фермераў і прапанаваў адразу паехаць на выпасы, дзе знаходзіцца жывёла, і выгнаў з гаража мікрааўтобус. На мае словы, што можна прайсціся пешкі, толькі загадкава ўсміхнуўся...


Каб знайсцi быкоў, давялося даць добрага ­кругаля, патрэсціся па палявой дарозе, і толькі потым знайшлі не саміх быкоў, а кароў мясной пароды. Праўда, выглядалі яны настолькі ўнушальна, што мала чым уступалі даросламу быку вагой пад 800—1000 кілаграмаў.

— Гэта — лімузіны, — паведаміў Корсак. — Сапраўдныя лідары сярод жывёлы мяснога кірунку. За паўтара года набіраюць вагу 600—650 кілаграмаў. Непераборлівыя ў харчаванні, вынослівыя.

Быкі ў загоне ўтрымліваюцца асобна, каровы выпасаюцца з цялятамі.

— Кароў мы не доім, — тлумачыць фермер. — Усё малако забірае цяля. Пасасе маму, пашчыпле траўкі — і здаровенькі. Ніякая хвароба не бярэ.

Неўзабаве са здзіўленнем даведваюся, што не толькі дарослыя быкі, але і каровы з цялятамі знаходзяцца на выпасах круглы год.

— А ў маразы? — цікаўлюся.

— Нават мінус 30 градусаў спакойна пераносяць, — канстатуе Віктар. — Адно, калі вецер ці снег, хаваюцца ў пабудову пад тэнтам. Там жа і вада з падагрэвам.

— Вакол лес, ёсць, напэўна, і ваўкі?

— Не без гэтага. Аднак галоўны вораг не ваўкі, а дзікія козы. Яны якраз і разрываюць агароджу.

— Як жа ў такім разе спраўляецеся?

— Устаноўлены відэакамеры. Дзякуючы ім бачу, што робіцца на выпасах і ў хлеве. На ­квадрацыкле аб’язджаю перыметр, ліквідую, калі ёсць, пашкоджанні. Здараецца, ­квадрацыкл і выратоўвае. Пры ўсіх дадатных якасцях лімузін — жывёла даволі агрэсіўная. Асабліва каровы, якія знаходзяцца разам з цялятамі. Аднойчы жонку Ірыну загналі на бочку з вадой... Ну і быкоў ў загоне суправаджаем таксама на квадрацыкле.

Далей гаворка заходзіць пра кармленне, і Віктар зноў здзіўляе: за пашавы перыяд бычкі набіраюць вагу з 300—350 да 600—650 кілаграмаў. Няцяжка падлічыць, што сутачная прывага паўтара і больш кілаграма. І без аніякіх камбікармоў!

— Толькі на траве растуць, — канстатуе Корсак. — Вясной і летам — з выпасаў, а зімою даём сянаж, нарыхтаваны ў плёнку. Корм у загоне ёсць пастаянна, колькі хоча жывёла, столькі і спажывае. Такая тэхналогія. Праўда, сёлета, калі надта засушыла, давялося падкармліваць і кароў, і быкоў таксама з рулонаў.

Своеасаблівая ў Віктара і нарыхтоўка кармоў: толькі сянаж і толькі ў плёнку. Праводзіць аперацыю ў два этапы: спачатку скручвае сянаж проста ў рулоны, звозіць на гаспадарчы двор і там ужо закручвае ў плёнку. На першы погляд, лішнія работа і расходы. Але гэта не так. Па-першае, купіць дарагі прэс-падборшчык для закаткі сенажу адразу ў плёнку пакуль што не пад сілу, ды і няма сэнсу. Фермер выкарыстоўвае для фарміравання рулона на полі наш звычайны прэс ПРФ-145, а для захавання ў плёнку — польскі абмотачнік. Перавозіць рулоны не трэба, і яны не траўміруюцца, таму даволі не 6 слаёў плёнкі, а 4. Такім чынам на кожным рулоне эканоміцца 5 рублёў. Улічваючы, што на зімоўку патрабуецца 250 рулонаў, няцяжка падлічыць, што набіраецца значная сума.

Што тычыцца самога абмотачніка. Корсак заўважае, што ён патрыёт сваёй краіны і хацеў бы набыць такі ж дома, у Беларусі. Аднак тут загнулі цану ў 2500 долараў. Польскі абышоўся ўсяго за 1500.

Наконт звозкі рулонаў з поля. Тут таксама выгада: калі яны паляжаць доўга, на тым месцы ўжо ніякая трава не вырасце. І, бадай, галоўнае: у рулоны кармы можна нарыхтоўваць да позняй восені. Калі мець на ўвазе, што з першага ўкосу, нягледзячы на засуху, Віктар назапасіў іх 70 працэнтаў, то ён забяспечыць кармамі жывёлу на зімоўку, а магчыма, як і ў папярэднія гады, прадасць лішак.

У Корсака поўны набор тэхнікі. У тым ліку тры трактары МТЗ і нават зернеўборачны камбайн «Дон».

— Навошта столькі? — нясціплае пытанне.

— А нічога лішняга. Адзін трактар на вузкай гуме, з апырсквальнікам, другі — з пагрузчыкам, а трэці, навейшы, на ўсіх астатніх аперацыях. У мяне, — не без гонару гаворыць Віктар, — усё механізавана. За зіму ні разу ў рукі вілы не бяру, акрамя тых выпадкаў, калі трэба падправіць каля кармушкі сянаж.

Між тым у бярозаўскага фермера на ўсё строгі эканамічны разлік. Без гэтага, як сцвярджае, гаспадарыць немагчыма.

Даводжу яму, што ялавічынай, па водгуках многіх кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, сёння займацца нявыгадна, нават стратна. Амаль усе кінуліся ў прыбытковую малочную галіну. Чаму б і яму не заняцца ёй?

Віктар пярэчыць:

— Не ўсё так проста з малаком. Патрэбны капітальныя збудаванні, дарагое абсталяванне, камбікармы. На ўсё гэта будзеш працаваць гадамі. А тут — жывёла круглы год у полі. Летам завёз 5 тон вады, купіў 2 літры гаручага на квадрацыкл — і ўсё расходы.

— Але ж і вам давялося будаваць памяшканне для жывёлы?

— Ну, па-першае, тэнтавік. Не такія і значныя выдаткі, а па-другое, узводзіў яго сам. Акрамя тэнта — уласныя матэрыялы.

Для гэтага Віктар зладзіў, зноў-такі сам, невялікую лентачную пілараму, на якой пілуе дошкі, брус як для сябе, так і па патрэбе вяскоўцаў. Адзінае, што прыдбаў для гэтага, — электраматор за 250 рублёў ды лентачную пілу за 28 рублёў. Астатняе — з металалому. Вось такі сельскі Кулібін.

Імкнуся высветліць, як жа рэалізуе сваіх бычкоў, бо жывёла круглы год на выпасах, парода мясная. Мяса, можна сказаць, мармуровае. Напэўна, і плата іншая?

— На мясакамбінаце мяне адразу паставілі на месца: «Забудзьце, што ў вас мясная жывёла. У нас звычайныя быкі!» Я ім: «Людзі, зразумейце, што ў звычайнага быка выхад мяса 50—55, а ў майго — 70 працэнтаў, не гаворачы ўжо аб якасці». Нават улічваючы невялікія расходы на ўтрыманне самой жывёлы, яе прадукцыя прыбытковая.

А пачынаў сваё фермерства Віктар Корсак больш як два дзясяткі гадоў таму з 37 гектараў зямлі. Заняўся тым, што давала найбольшую аддачу, з гародніны: капусты, бульбы, морквы.

— Быў выпадак, — прыгадвае, — калі спатрэбілася паставіць 5 тон морквы памерам з пальчык. Сабраў 150 чалавек з наваколля, дапамаглі вучні мясцовай школы, і выканаў тэрміновы заказ. У мяне была дамова з базамі. Сёння ўсё гэта вельмі складана. Калі, напрыклад, браць бульбу, глядзяць не на яе смакавыя якасці, а на таварны выгляд. Быў у мяне «барадзянскі ружовы» сорт. Па смаку лепшага не пажадаеш. Ураджай 550 цэнтнераў з гектара. Адзінае, не пераносіў механічнага пашкоджання, а ўручную ўбіраць, дзе сёння возьмеш людзей? Цяпер у мяне толькі 40 сотак бульбы для сябе. Вось і давялося перайсці з гародніны на бычкоў. І не шкадую. Цяпер маю 100 гектараў зямлі. Добраўпарадкаўваю яе. Разлічваю павялічыць пагалоўе. Працую не адзін, дапамагае ўся сям’я. Жонка Ірына і на квадрацыкле паедзе, і за руль машыны сядзе, а пры неабходнасці і трактар павядзе. Хоць і не жывуць з намі, але ўсяляк падсабляюць сын Віталь з жонкай Вікторыяй, дачка Каця з зяцем Сяргеем. У нас такога няма, каб хто дарма хлеб еў!..

saulich@bk.ru

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter