Познаем Беларусь: какое дерево белорусы с давних времен считали сакральным

Відаць Цар-дуб з усіх дарог

Якое дрэва нашы продкі лічылі сакральным? Сёння сярод раслін, птушак і жывёл, па выявах якіх нашу краіну пазнаюць у свеце, — васількі, буслы, зубры. А што наконт дрэў, якія ў сівыя часы ўшаноўвалі беларусы? Цікава, але гэта не стройныя бярозкі. Спрадвеку нашых продкаў цікавілі дрэвы незвычайнай формы: зрослыя і скручаныя паміж сабой, з вялікімі нарастамі. Сімвалам вечнага жыцця лічыўся дуб.


Ушанаванне дрэва са старажытных часоў звязвалася з культам абагаўлення прыроды. У наро­дзе здаўна лічылі, што дрэвы могуць хадзіць, размаўляць, ператварацца ў чалавека і наадварот. Паводле аднаго падання, дубы — гэта моцныя і прыгожыя хлопцы-волаты, заварожаныя старым чараўніком. Па павер’ях, у дрэва пасялялася душа чалавека, і калі дрэва ссякалі, з яго цякла кроў i чуліся стогны. Таксама ў беларускіх паданнях часта фігуруе шмат’яруснае дрэва, якое вырастае на лясных перакрыжаваннях і можа ператварацца ў чалавека.

Дубу нашы продкі ахвяравалі жывых пеўняў, прыносілі кавалкі хлеба, мяса і іншыя пачастункі. Вакол дрэва ўтыкалі стрэлы. У літаратурных крыніцах ХVIII стагоддзя згадваецца, што людзі збіраліся каля сакральнага дуба, каб праводзіць абрады. Стоячы перад дрэвам на каленях, яны адбівалі паклоны і спальвалі ахвяры.

Паклонны дуб у наш час быў знойзены ў басейне ракі Поні на Барысаўшчыне. У дупле захаваліся фігуркі металічных ідалаў. У пачaткy ХХ стагоддзя ў Мінску на беразе Свіслачы было капішча, дзе ляжаў камень, каля якога рос дуб, а яго жалуды лічыліся свяшчэннымі.

Гісторык і археолаг Людміла Дучыц і даследчык традыцыйнай культуры Ірына Клімковіч у кнізе «Язычніцтва старажытных беларусаў» указваюць дакладныя населеныя пункты, дзе раней знаходзіліся паклонныя дубы: «Паміж вёскамі Замошша і Царкавішча Ушацкага раёна, ва ўрочышчы Якубаўка, яшчэ ў пачатку XX стагоддзя стаяў стары дуб, з-пад якога выцякала крыніца. Да яе людзі хадзілі лячыць вочы, у дупло складалі ахвяры. У 1920-я гады дуб спалілі, але амаль да нашага часу людзі працягвалі хадзіць на гэта месца і прыносілі дары пню».

Каля вёскі Жукавец Бярэзінскага раёна, ва ўрочышчы Жоластава, на беразе Беразіны некалі рос дуб, які таксама лічыўся святым. Мясцовыя жыхары расказвалі, што яшчэ не так даўно паляўнічыя, калі ўдавалася забіць дзіка ці касулю, клалі на яго грошы і ішыя ахвяры. Побач з вёскай Старое Раматова ў Маларыцкім раёне ёсць Цар-дуб, або Патрыярх. У сярэдзіне мінулага стагоддзя да яго абавязкова прыязджалі мясцовыя маладажоны, і дуб «вянчаў» маладых. Калі яны набліжаліся да ляснога дуба, сват саскокваў з брычкі, падыходзіў да дрэва і казаў: «Бацюхна! Патрыярх наш! Благаславі маладых на жыццё добрае і доўгае, якое ты сам пражыў». Маладыя кланяліся дубу, а за імі і ўся дружына. Потым жаніх з нявестай ішлі на першы вясельны танец.

Цікавая дэталь: многія паклонныя дубы мелі свае імёны. Напрыклад, Дэвайціс каля Смаргоні, Мінтус у Рэчыцкім раёне, Целяшоў дуб у Ганцавіцкім раёне, Цар-дуб і Царыца-дуб каля Аўцюкоў Калінкавіцкага раёна, Дуб-волат каля Сіцаў Докшыцкага раёна і іншыя.

У беларускім фальклоры дуб выступае ў якасці Сусветнага дрэва, каля каранёў якога знаходзіцца змей, у шатах — рытуальны куфар і жывыя стварэнні: заяц, качка, яйка. Паводле вераванняў, змей можа хавацца ад бога навальніцы ў дупле, таму ў дуб часта б’е Пярун.

АД ПРАДЗЕДАЎ

З даўніх часоў лічылася, каб не хварэць увесь год, трэба, пачуўшы першы вясновы гром, патрэсці дубовае дрэва або пацерціся аб яго.

У некаторых раёнах пры набліжэнні засухі ў лесе высякалі дуб, запрагалі ў яго хлопца, і ён дубам абворваў вёску. Затым з гэтага дуба рабілі крыж і ставілі каля паселішча.

kuzmich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter