Вежы мінулага. Штрыхі да гістарычнага партрэта старажытнага Навагрудка.

Калісьці герб горада меў выяву чорнага анёла. Але неўзабаве гэты сімвал тугі і смутку змяніў светлы вобраз арханёла Міхаіла. Алгарытм старажытнага паселішча сапраўды носіць адбітак трагічных падзей, якія здараліся нават у гісторыі новага часу. Але заўсёды, у смутку і горы, з’яўляўся ў гэтым месцы чалавек, які ратаваў іншых.

Стагоддзі непрыступнасці

Старажытны замак у Навагрудку лічыцца ўнікальным помнікам абарончага дойлідства эпохі Сярэднявечча. Пабудаваны ў канцы ХІІІ — пачатку ХІV стагоддзя, ён да сярэдзіны ХVІІ стагоддзя ні разу не быў узяты варожымі войскамі.  Але падчас Паўночнай вайны са шведамі ў 1706 годзе замак быў значна пашкоджаны. З сямі вежаў, якія злучаліся мураванай сцяной таўшчынёй тры метры, засталіся тры. Да нашага часу часткова захаваліся дзве: Цэнтральная (або яе называюць яшчэ Шчытоўкай ці Вежа-данжон) і Касцёльная.
— Сёння гэтыя сведкі сівой даўніны могуць абрушыцца ў любы момант, — гаворыць старшы навуковы супрацоўнік Навагрудскага гісторыка-краязнаўчага музея Галіна Кавальчук. — Пад гарой, на якой быў пабудаваны замак, б’юць крыніцы, тут наогул залягае цэлы водны пласт, і патрэбна рабіць дрэнаж для захавання фундаментаў.
Сцены Касцёльнай вежы ад дажджу і снегу закрываюць рыштаванні. Але патрэбна больш грунтоўная кансервацыя помніка.

Пакліканыя таямніцай любові

З вышыні Замкавай гары Навагрудак як на далоні, з пазалочанымі купаламі цэркваў і крыжамі касцёлаў. Бліжэй з усіх — Фарны касцёл. У капліцы гэтай святыні захоўваюцца мошчы 11 блажэнных навагрудскіх сясцёр-назарэтанак, якія былі расстраляны нямецкімі акупантамі 1 жніўня 1943 года. Старажылы горада сведчаць, што сёстры гэтага каталіцкага ордэна ахвяравалі свае жыцці, каб выратаваць іншых людзей, якія былі арыштаваны карнікамі напярэдадні. Яны дасканала рэалізавалі запаведзь любові да бліжняга. Навагрудскія вернікі і зараз моляцца за сваіх блажэнных, цудадзейная малітва якіх вярнула жыцці 120 грамадзянам.
Вядомы на Навагрудчыне і іншыя высокія духоўныя ўчынкі, з якімі людзі звязваюць факты цудадзейнага выратавання. Каля саборнай царквы ўстаноўлены помнік прападобнаму Елісею Лаўрышаўскаму.
Сын навагрудскага князя Елісей заснаваў манастыр, у якім яшчэ ў першай палове XIV стагоддзя было напісана Евангелле (зараз знаходзіцца ў Кракаве ў музеі князёў Чартарыскіх). Пасля смерці прападобнага Елісея Лаўрышаўскага яго мошчы пачалі тварыць цуды. Хворы хлопчык аздаравіўся. Калі да сцен манастыра падыходзілі крымскія татары, мошчы явілі туман, і татарам прыйшлося павярнуць назад. Цяпер манастыр аднаўляецца. Але два гады таму перад Новым годам здарыўся пажар. Настаяцель манастыра Лазар позна маліўся і своечасова заўважыў бяду. Усе манахі выратаваліся. Цяпер тут будуюцца дом міласэрнасці для старых і нямоглых людзей і дом працавітасці для асацыяльных асоб.

Джэк Каган: забыць нельга

У 1992 годзе ў Навагрудак з Лондана прыехаў вядомы фармацэўт Джэк Каган. Госць завітаў у стары будынак, дзе разгортваліся экспазіцыі толькі што створанага краязнаўчага музея, і запытаўся, ці ёсць у іх матэрыялы пра навагрудскае гета. “На жаль, не”, — адказалі яму. І тады Джэк, які нарадзіўся ў Навагрудку і яшчэ да вайны насіў імя Ідэль, пачаў дапамагаць мясцовым музейшчыкам і перадаў значную інфармацыю пра халакост на Навагрудчыне. Урэшце тут адкрыўся ўнікальны музей яўрэйскага супраціўлення. Музей стварылі менавіта на месцы, дзе засталіся будынкі былога гета: барак, рабочыя майстэрні, калодзеж.
Яшчэ зімой 1941 года было вынішчана амаль 80 працэнтаў яўрэйскага насельніцтва Навагрудка. Сям’я Каганаў (Джэку было 13 гадоў) трапіла ў працоўны лагер, дзе шылі адзенне для нямецкай адміністрацыі, рабілі мэблю. Адзінае, на што разлічвалі вязні, быў пабег. Пасля чацвёртай акцыі расстрэлу вязні вырашылі капаць пад зямлёй тунэль, каб пакінуць барак і пайсці да партызан. Дарэчы, пад Навагрудкам быў створаны партызанскі яўрэйскі атрад, якім камандаваў Туві Бельскі. Некалькі доўгіх месяцаў вязні рылі тайны ход, хаваючы зямлю пад дахам барака. План з падкопам спрацаваў. Ідэль — адін з нямногіх, хто перамог смерць, а ўласныя ўспаміны пра ліхалецце паклаў у аснову музея супраціўлення нацызму. Зараз яму ўжо 81 год. Але ён часта наведваецца ў родны горад, арганізуе тэматычныя семінары для настаўнікаў.

Здаўна жывуць прыгожыя звычаі

Дырэктар дома-музея Адама Міцкевіча Мікалай Паўлавіч Гайба, гісторык па адукацыі, захапіўся паэзіяй, спасылаючыся на словы свайго  земляка-класіка: бо нездарма ў такім прыгожым краі здаўна жывуць прыгожыя звычаі.
— Паэзія Міцкевіча натхняе чалавека на творчасць, — упэўнены Гайба. Больш таго, калі меркаваць па колькасці наведвальнікаў дома-музея, цікавасць да асобы Міцкевіча штогод узрастае. І гэта абнадзейвае: вечныя каштоўнасці ў сучасным свеце не губляюць сваёй значнасці.
З-пад пяра апантанага гісторыка Мікалая Гайбы выйшла кніга пра жыццё і творчасць яго слыннага земляка. Мікалай Паўлавіч — аўтар шматлікіх артыкулаў па краязнаўстве.  Музей-сядзіба класіка адзін з першых на Беларусі адкрыў свой сайт у інтэрнэце.
— Праз лічыльнік на сайце мы бачым, што каля паўсотні чалавек штодня шукаюць інфармацыю пра Адама Міцкевіча і яго творы, — гаворыць дырэктар музея. — Нядаўна ў сядзібе ўпершыню правялі ўрачыстую рэгістрацыю шлюбу. Навамодная традыцыя не абмінула і радзіму Міцкевіча.
На тэрыторыі музея адбудаваны гаспадарчыя пабудовы, флігель, свіран, альтанка, студня, адноўлены сад. Паветра поўніцца рамантызмам пачатку ХІХ стагоддзя.
Інтэр’ер сядзібы набліжаны да часоў жыцця паэта. У музеі захоўваецца 120 старадрукаваных кніг, некаторых не мае нават Нацыянальная бібліятэка. Ёсць дзевяць кніг прыжыццёвых выданняў паэта.
26 лістапада ў Навагрудку мяркуюць адзначыць 155 гадоў з дня смерці свайго слыннага сына. Вядома ж, зноў прагучаць вершы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter